Поговорим

Назвы зямлi лунiнецкай

Кожны з нас мае сваю маленькую радзіму - месца, дзе нарадзіўся, дзе прайшлі дзіцячыя ці і пазнейшыя гады. І куды ні закіне нас лёс, як ні складзецца жыццё, а ў памяці як нешта святое і светлае застаюцца нашы родныя горад і вуліца ці вёска з навакольнымі ўрочышчамі, палямі і сенажацямі, блізкая рэчка або лес. І ў кожнага з пералічаных геаграфічных аб’ектаў маецца назва. Яна - народная, гэта значыць дадзена людзьмі мінулых пакаленняў. Некаторыя найменні прыдуманы нашымі даўнімі продкамі, што жылі тысячы гадоў таму.

Але назвы не ўзніклі без дай прычыны, яны абавязкова адлюстроўваюць нейкія асаблівасці прыроднага асяроддзя ці ўмоў вытворчай дзейнасці людзей таго часу, калі ўзнікла назва. Найбольш бывае, што ўжо даўно знікла першапачатковая аснова, а найменаванне сведчыць, што тое было. Напрыклад, Рудня, Смалярня - сотні гадоў ўжо там не здабываюць ці не плавяць руду, не “кураць” смалу, а назвы не зніклі. Ці ўрочышча Дубіч - раслі дубы, а зараз чыстае поле, але назва захавалася. Гавораць самі за сябе назвы Пяскі, Серадзібор’е, Міжлессе, Вострава, Падбалоцце, Залессе і г.д.

Каля Перунова знаходзіцца невялікі пасёлак Пцічнік. У 1960-х гадах там месціліся калгасныя куратнікі, яны даўно расфарміраваны, а назва гучыць. А крыху раней (у 50-х гадах) каля Чэрабасаўкі вырошчвалі сярэднеазіяцкую расліну кок-сагыз і месца іменавалі Каксагызішча. Выраслі новыя пакаленні людзей, назва забылася, і ўрочышча застаецца безыменным.

Ёсць аб’екты, пра якія маюцца дакладныя звесткі, ад чаго пайшла назва і нават дата ўзнікнення (напрыклад, пасёлак Палескі, Барсукова, Чэрабасава і размешчаныя між імі вёскі).

Пра некаторыя назвы мы даведваемся з легендаў ці паданняў. Так вядома, што ў даўнія часы рака Лахва валодала загадкавай з’явай - вампірызмам, за што святары праклялі яе і далі назву Смерць. Пазней назва трансфармавалася ў Смердзь. Ды і найменне балота Сваха асноўваецца на паданні: у час нейкага нашэсця ворагаў людзі з Багданаўкі і Бастыні схаваліся ў балотным абшары. Пакуль там жылі, яны не толькі пазнаёміліся, але і парадніліся - былі сасватаны дзве ці тры пары. Мясціну тую і назвалі Свахай.

Ёсць шмат выпадкаў, калі на месцы нейкіх урочышчаў узнікае новы аб’ект, што паглынае дзясяткі найменняў. Не кожны ведае, што на месцы РУП “Граніт”, кар’ера і порта знаходзіліся сітніцкія ўрочышчы Прэсніц, Чэрэпаха, Корыцішчэ, Подлесье, Крыва Ніва, Бозок, Целюстка, Заплесье, Горовата, Конюхоў Лес і Зады. Такі ж лёс напаткаў сотні ўрочышчаў, што трапілі пад меліярацыйныя і польдэрныя плошчы.

Шмат хутароў, сенажацяў, водных аб’ектаў, што ў дасавецкі час належалі ўласнікам (а іх даўно ўжо няма ў жывых), назвамі напамінаюць пра тых людзей: Панасаў Бераг, Гараськаў хутар, Базылёва ямка, Сінкевічы, Мікашэівчы і г.д. Адлюстравана ў тапонімах і водгулле гісторыі: Татарскія брады, Шведская магіла, Відуш-гара, Маяковыя горы…

Багата таямніц скрываюць у сабе найменні гарадоў і вёсак Лунінеччыны. Варта толькі ўнікнуць у іх, і можна глыбей спазнаць сваё мінулае. Прапанаваны тапанімічны слоўнік дапаможа разабрацца з гісторыямі ўзнікнення родных вам назваў.

Азярніца (Езерніца). На старонках дакументаў упершыню паселішча згадваецца ў 1588 годзе. Па сэнсе назва паходзіць ад слова “возера”. Магчыма, і быў у даўнія часы такі вадаём, які з цягам часу ў мясцовым рэльефе згладзіўся. Але верагодней у аснову назвы лягло слова мінулых часоў “зярніца”, што значыць - урадлівая хлебная ніва. Ды і спрадвек жыхароў вёскі называлі не азярчанін і азярнічанка, а зярнюк, зярнічанка або ласкава - зярнючка.

Багданаўка (Багданіўка). У аснове назвы вёскі ляжыць імя Багдан - першапасяленец, род якога заснаваў тут паселішча і імя яго ўславіў на вякі. Бытуе і паданне, што нейкія ўцекачы, ратуючыся ад ворагаў ці ад пана, брылі па лесе, і раптам адкрылася ніўка: Бог даў ніўку. І заснавалі Багданіўку.

Баравікі. Вёска заселена на грыбным месцы ляснога масіву.

Бараўцы. У аснове назвы ляжыць слова “бор”. Першапачатковае найменне паселішча - Бароўня, у дакументах за 1800 год - Бараўня (8 хат).

Барсукова. Названа пра прозвішчы агранома-каморніка В.Барсукова, які ў 1906-1907 гадах праводзіў тут разбіўку банкаўскай зямлі на хутары.

Бастынь (Бастыня). У аснове тапоніма - устарэлы тэрмін “самавольнае пасяленне” ці “самавольны захоп зямлі”.

Белае Возера. Вёска аднайменна назве воднага аб’екта, на беразе якога месцілася. Знішчана фашыстамі 19 студзеня 1944 года. Не адноўлена пасля вайны.

Бродніца. Паселішча на беразе рэчкі Бродніца. А назва рэчкі - ад слоў “броды”, “пераброды”.

Велута (Волута). У аснове назвы - устарэлыя словы “велет”, “велітэнь”, што азначала “сілач, волат”. У канцы XVIII стагоддзя пісалася назва “Велюта”, што азначала “велічыня”.

Вільча (Вельча). У радзівілаўс-кія часы - порт, фальварак; у друкаваных крыніцах і на картах паселішча сустракаецца ў двух найменнях. Больш верагодная назва Вільча, што значыць “звілістая” - вёска на заломах ракі, на Случы, як і Вілейка, і Вільня (Вільнюс) на Віліі. Падыходзіць і другі варыянт стараславянскае “віліч” - высокі (бераг, як і вільчык хаты). Зараз вёска месціцца на другім беразе, у Жыткавіцкім раёне.

Вічын (канец XVII ст. - Віцына, 1800 год - Вечына). Назва не разгадана, крыецца недзе ў глыбіні вякоў.

Вострава (рускае Острово). Азначае поле паміж лугамі; узвышанае месца сярод балот ці воднай прасторы.

Вулька 1 (раней Волька, Волька Лунінецкая). Пасяленне, жыхары якога вызваляліся ад некаторых павіннасцей, напрыклад, майстры, што выраблялі прадметы для пана. Вулька - гэта польская форма слова. Нумар 1, як і Вульцы 2, прысвоен у пасляваенны час.

Вулька 2 (у XVI ст. - Воля, у XVII ст. - пас.Волец, пазней - Вулька Бродніцкая). Спачатку паселішча з вольнапасяленцамі.

Галы Бор. Першапасяленцы вёскі засяліліся на голай (чыстай) прасторы сярод бору, лесу.

Града. У аснову назвы ўзята слова “града”, што азначае высокі грудок, узвышша або прадаўгаваты ўзгорак сярод балота.

Дварэц. Па версіі, у аснову назвы лягло паняцце “панскі двор з прыгожым будынкам”, але з даўніх дакументаў вынікае, што сяло належала памешчыкам Кішкам, іменне якіх было ў Кажан-Гарадку, а тут ні панскіх сядзіб, ні памесцяў не мелася.

Дзятлавічы (Дзяцелавічы). Ва ўсіх даўніх друкаваных крыніцах прасочваецца назва Дзяцелавічы. Верагодна, што яна ўтворана ад слова “дзяцелавіна” (дзяцеліна) - дзікай белай канюшыны, якая і зараз тут расце паўсюдна. Назва з цягам часу трансфармавалася ў Дзятлавічы.

Добрая Воля. Назва ўзнікла на аснове добраахвотнага пасялення людзей на асваенне новых зямель.

Дрэбск. Ад слова “дрэбы”, у даўнія часы так называліся сухія дрэвы; як доказ, і зараз маюцца водгукі тых слоў: драбіны, драбінкі, драбцы ў возе.

Дубаўка. У аснове тапоніма - назва дрэва “дуб”. Што ў тым месцы меліся дубровы, сведчаць недалёкія ўрочышчы Дубрава і в.Дубнавічы ў Пінскім раёне.

Запроссе. Паселішча ўзнікла ў часы заснавання фальварка ў Вільчы за прасянішчамі (палямі, дзе сеялі проса).

Засценак (Засценак Волянскі). Невялікае паселішча ў некалькі хат. Пры трохполлі кожнае з трох сялянскіх палёў мела свае дакладныя межы, так званыя “сцены”. Усе землі сяла, што ляжалі за межамі гэтых сцен, называліся засценкавымі або засценкам.

Кажан-Гарадок (да 1599 года - Гарадзец). Назва, відаць, звязана з промыслам шыцця скураных вырабаў: кожанак і паўшубкаў-кожанаў, што мелі шырокую вядомасць.

Кормуж (Кормыж). У 1493 годзе - урочышча, дзе нарыхтоўваўся корм для панскай жывёлы.

Красная Воля. Паселішча, жыхары якога вызваляліся ад панскіх павіннасцей, бо заняты былі промысламі. “Красная” ў народнай мове раней абазначала нешта вельмі добрае, светлае ці цудоўнае. Напрыклад: “каса-краса”, “красна дзеўчына”…

Купаўцы (у 1800 годзе - Купавіск). Ад “купа” - узвышанае месца, аголенае ад лесу. А магчыма - купленая зямля ці нават людзі, што купілі ўчасткі зямлі (С.Н.).

Лахаўка (Малая Лахаўка). У радзівілаўскія часы мела зручнае транспартнае распалажэнне, месца набыло статус другой Лахвы. З даўніх часоў і да 1795 года іменавалася Малой Лахаўкай.

Лахва. Тапонім утвораны па назве старажытнага племені Lahija (Лахія). І рака Смердзь у даўнасці звалася Лахвай.

Лобча (Лобчэ). Ад тэрміну “лобнэ місцэ” - узвышанасць, роўнае месца.

Лоўча - станцыя. Месца, дзе вяліся ловы звяроў, паляванне: “лоўчэ місцэ”.

Лугі. Вёска, размешчаная на абшары лугоў.

Лунін (Лулін). Упершыню ў дакументах вёска згадаваецца ў 1432 годзе як Лулін, і толькі праз 130 гадоў, у 1563 годзе, - Лунін. Калі браць за аснову -лун-, дык даследчыкі вылучаюць некалькі версій: ад назвы птушкі лунь; ад імя Луня; і, што самае верагоднае, - ад стараславянскага “лунь” (акно ў балоце) ці мясцовага “лунка” (палонка ў лёдзе). Калі браць “Лулін”, то ў паўднёвых славян “лула” - люлька для курэння, а што значыла “луля” ў нашых продкаў, не даследавана.

Лунінец (Лулінец). Названы па прыналежнасці да месца жыхарства першапасяленца ў гэтай мясціне, ураджэнца в.Лунін/Лулін - лунінца/лулінца.

Лутавень. Частка в.Сінкевічы, якая ў апошнія дзесяцігоддзі фігурыруе як самастойна адміністратыўная адзінка. У аснове назвы - слова “лут”.

Любажэрдзе. Назва хутара сведчыць сама за сябе: тут раслі (і растуць) гонкія дрэвы, з якіх можна выбраць любое жэрдзе.

Любань (спрадвек было Любонне). У аснове назвы ляжыць паняцце “аблюбаванае месца”, “любімае”. У паданні пра Любань гаворыцца, што князь, бываючы ў гэтай мясціне, захапляўся красой: “Любо мне тут!”

Любачын (па-народнаму Любачына). У аснову назвы ўкладзены паняцці “люба” (хораша, прыемна) і “чынна” (як трэба) – прыгожае, прыстойнае месца.

Люшча. У аснове тапоніма - махавое балота з куп’ем і вокнамі, непраходнае балота.

Манасеева. Вёска названа па прозвішчы агранома-каморніка Ю.Манасеева, упарадкавальніка хутароў.

Мелясніца. У аснову назвы ляглі паняцці “дробны, мелкі” (можа быць - пясок); “малая прастора” (сярод лесу).

Міжлессе. Паселішча, заснаванае на прасторы між лесу.

Мікашэвічы. Населены пункт названы па імені ці мянушцы Мікаш - першапасяленца тут, а можа, заснавальніка рудні - прадпрыемства, на якім плавілі руду.

Мокрава (Мокраць). Верагодна, у часы зараджэння паселішча разлівы вод Прыпяці і Лані затаплялі гэтыя мясціны; лішак вільгасці даваў падставу найменаваць Мокравам.

Моршчынавічы. Пра назву звестак няма.

Навасёлкі. Першыя навасёлы засялілся тут у канцы XIX стагоддзя на асушаных балотах. Хвалі засяленняў узнікалі перыядамі: у сувязі з продажам зямельных участкаў (1907-1910 гады); бежанцы (з 1914 года); з Польшчы - асаднікі (1920-30-я гады).

Намакрава. З’явілася на развілцы дарогі: адзін кірунак быў на Крупу (на Прыпяць), другі - на Мокрава. Першыя насельнікі засяліліся тут у 1908 годзе.

Обруб. З сярэдзіны XIX стагоддзя да 1890 года тут фарміраваліся плыты для сплаву. У гэтым месцы вёўся обруб бярвенняў.

Перунова. Вёска названа па прозвішчы агранома-каморніка П.Перунова, які адводзіў хутары ў гэтых кварталах.

Палескі (да 1969 года - Крэстунова). У 1918 годзе лунінскі князь Францішак Друцкі-Любецкі ўзвёў сядзібу з дворыкам каля скрыжавання дарог, пры якім стаяў новы крыж (крэст), таму ўрочышча называлася Крэстунова. Любецкі назваў іменне гэтак жа. У пасляваенны час тут была адкрыта Палеская вопытная балотная станцыя, сфарміравался вёска, якая перарасла ў пасёлак, названы Палескім.

Пясчанікі. Пасяленне адбылося на пясках, на неўрадлівай зямлі.

Ракітна. Паселішча ўзнікла на месцы ракітніку.

Рэдзігерава. Вёска названа ў гонар вядомага вучонага агранома-меліяратара Уладзіміра Рыдзігера, які ў 1906-1912 гадах узначальваў кампанію па падзеле хутароў і ўзвёў доследную балотную станцыю.

Сасноўка. Вёска ўзнікла на месцы сасновага лесу.

Сінкевічы. Назва вёскі паходзіць ад прозвішча першага пасяленца гэтага месца - Сінкевіч.

Сітніца. У аснове тапоніма - назва травы-сітніку.

Сітніцкі Двор. Населены пункт размешчаны на месцы жывёлагадоўчых фермаў радзівілаўскага фальварка Сітніца.

Флярова. Вёска названа ў гонар вучонага агранома, землямера А.Флярова, упарадкавальніка хутароў.

Хобат. Хутар (знікаючая вёска) месціцца на вузкай паласе ўздоўж ракі Лань, якая падобная на хобат жывёлы.

Чучавічы Вялікія і Малыя. Магчыма, ад даўняга слова “чучава”, што азначае нешта неахайнае.

Чэрабасава. Вёска носіць прозвішча Р.Чэрабасава - воднага тэхніка-меліяратара і ўпарадкавальніка зямель. Яго іменем названы і канал Грычын-Прыпяць.

Яжаўкі. Паходзіць ад балцкага eze - мяжа, градка.

Язвінкі (Язаўка). У аснову назвы ляглі старажытныя словы: “езва” - водмель ракі або пясчаны нанос; “езвішча” - водны заліў; “еза” - запруда ў вадзе; “язвы” - гнілыя мясціны. Ёсць меркаванне, што ў даўнія часы, да пракладкі чыгункі, сюды разліваліся воды вясновых паводак з Прыпяці.

Дадатковая літаратура:

В.А.Жучкевич. «Краткий топонимический словарь Беларуси». БГУ, 1974.

С.И.Ожегов, Н.Ю.Шведова. «Толковый словарь русского языка». М., 2001.

О нас

На сайте «Информ-прогулка» публикуются свежие новости Лунинецкого района. Также здесь содержится информация о важных событиях, происходящих в других городах Полесья, Брестской области, и стране в целом. Прогноз погоды в Лунинце на сегодня, расписание движения поездов и автобусов, видео с последних праздников и мероприятий, прошедших в Лунинце, Микашевичах и районе – всё это и многое другое Вы найдёте на нашем сайте. Мы публикуем материалы, интересные для разных категорий населения, готовим интервью с представителями различных отделов Лунинецкого райисполкома, медиками Лунинецкой ЦРБ, а также представителями прочих служб. Позвонив по телефонам редакции «ИП», Вы можете подсказать авторам сайта темы для последующих публикаций, поделиться своими мыслями и наблюдениями. Сайт «Информ-прогулка» ценит своих читателей и прислушивается к их мнению. Заходите на http://inform-progulka.by/, читайте материалы, комментируйте их, смотрите фото и видео!

Copyright 2016. Все права защищены.

Яндекс.Метрика

Контакты

E-mail
progulka@brest.by
Адрес
ул. Фрунзе, 12, 225644, г.Лунинец, Брестская область, Республика Беларусь
Телефон/Факс
+375 1647 34509