Блоги

Дажыць да Спаса

Апавяданне Мікалая Ільючыка.

   Штогод, яшчэ задоўга да Спаса, вёску ахопліваў яблычны бум. Яблыкі толькі пачыналі налівацца, есці хіба што можна было нешта з ранняга – Белы наліў ці Малінаўку, але ніхто не хацеў чакаць, калі яблыкі канчаткова даспеюць. Яблыні трэслі, яблыкі збівалі палкамі, збіралі паданку на зямлі, насыпалі ў мяхі і везлі, хто на чым, у сярэдзіну вёскі да мясцовай крамы. Там стаяла вялізная машына. Мяхі збольшага важылі і высыпалі яблыкі насыпам у агромністую жалезную скрыню грузавіка. Здзек над вясковымі садамі паўтараецца колькі год запар, столькі ж гадоў доўжыцца алкагольнае шчасце мясцовых выпівох.

   З самай раніцы Мішка Дальнабой валок па цэнтральнай вуліцы гружаны мяхамі ровар. Адзін мех замацаваў на багажніку, другі ляжаў пасярэдзіне веласіпеднай  рамы, а трэці – ажно на стырне. Мішка ледзьве трымаў ровар у руках, узмакрэў увесь ад натугі, але ягоныя вочы свяціліся неймаверным бляскам. Святло радасці і прадчуванне нечага самага прыемнага, што толькі можа быць на гэтым свеце, таго, без чаго яму ўжо не магчыма абысціся, прыдавала сілы. Мішка ведаў, што застаўся зусім кароткі адрэзак, і ён здасць нарыхтоўшчыкам тры мяхі яблык, здабытых у чужым садзе.

   Мішка Дальнабой атрымаў сваю мянушку з прычыны, што некалі сапраўды працаваў шафёрам на вялікіх машынах, шмат паездзіў па свеце. Але добрая праца і заможнае жыццё раптам скончыліся. Некалькі залётаў па п’янай справе выліліся ў вялікія непрыемнасці. Вытурылі Мішку з працы, ад чаго ён запіў ужо па-сур’ёзнаму. П’янкі, а пасля іх сямейныя сваркі, сталі звычайнай справай. У жонкі цярпенне скончылася хутчэй, чым насталі часы, пра якія ён увесь час казаў сваёй суджанай: “Усё! З панядзелка завяжу”. Не ўдакладніў толькі з якога панядзелка, бо тыдні міналіся, праходзілі месяцы і нават гады, а ў ягоным жыцці нічога так і не змянілася. Жонка турнула Мішку і падала на аліменты.

   Так апынуўся ён у бацькоўскім доме і стала сеў састарэлай матулі на шыю. Мала таго, што карміла і апранала, час ад часу бегла старая на пошту, каб даслаць нейкія грошы ягоным дзецям. Каб толькі сыночка не пасадзілі і не заставілі адрабляць прымусова тыя аліменты. Суседкам казала: “Што ж будзе, як мне жыць на свеце, калі дзіцёнка ў турму забяруць?”

   Побач з машынай стаялі некалькі чалавек: Вадзік Эстонец, дзед Піліп і Шчаслівая Пара – Петрык з Ганначкай. Мішка Дальнабой прыпаркаваў свой ровар з каштоўным грузам, папросту падпёршы роварам задняе кола грузавіка. Крысом даўно не мытай кашулі абцёр узмакрэлы твар і замест прывітання прамовіў:

- А што, нарыхтоўшчыка няма?

- Міша, можа з людзьмі вітацца трэба, - сказаў дзед Піліп голасам строгага настаўніка.

- Добрай раніцы, дзядуля, - Мішка правёў далонню па той жа бруднай кашулі і працягнуў старому руку для вітання.

- Вось, зусім іншая справа, з гэтага трэба было пачынаць, а нарыхтоўшчык хутка прыйдзе, - задаволена адказаў на прывітанне дзед, - паспееш яшчэ, за дзень дзвюма, альбо нават трыма наваратамі пад плотам паляжаць.

   Мішка ніяк не адрэагаваў на словы старога і стаў вітацца з іншымі.

- Здароў, Эстонец, а чаму толькі адзін мех натрос?

- Не твая справа, - незадаволена адказаў Вадзік.

- І вам прывітанне, маладажоны! Што, не прыдумалі яшчэ чый сад сёння бамбануць?

- Абы ты паспеў бамбануць, - незадаволена буркнула Ганначка, - пэўна ж не ў старой Настулі столькі яблык вырасла!

- Супакойся, дарагая, не хвалюйся, - Петрык дакрануўся да пляча сваёй пасіі, потым прытуліў Ганначку да сябе, - зараз мяхоў парожніх возьмем і мы з табой нешта заробім.

- Вой, вой! Шчаслівая Пара, пусі – мусі, толькі не цалуйцеся прылюдна, - кпіў з іх Мішка.    Шчаслівая Пара адышла ў бок, далей ад грэху. Яны стаялі, узяўшыся за рукі, і проста чакалі.

- Добрай раніцы, добрыя людзі, - нарыхтоўшчык абвёў позіркам прысутных, зараз толькі дастану з кабіны паперы і пачнём працаваць.

- Эстонец, кладзі свой мех на вагі, ты ж напэўна першы прыйшоў, - азваўся Дальнабой.

- Не, мы першыя прышлі, - у адзін голас вымавіла Шчаслівая Пара.

- О, як вы ўмееце, быццам усё жыццё хорам размаўлялі, - зарагатаў Мішка, - канешне ж чаргу парушаць не будзем, парадак ёсць парадак, тым больш, што вам толькі мяхі парожнія і трэба, а ці будуць яны поўнымі – яшчэ не факт.

   Шчаслівая Пара глянулі адзін аднаму ў вочы, нягучна абмяняліся паміж сабой некалькімі словамі, а потым Ганначка нясмела прамовіла: “Ой, людзі, дзеда Піліпа трэба прапусціць наперад, шанаваць трэба старых”.

- Дзякуй табе, Аня, за турботы, але я так сабе стаю, я не па гэтых справах, вось купіў бохан хлеба, будзе нам з Бобікам дні на два. Дома сумна, самотна, а тут, як кажуць, у віры падзей.

   Шчаслівая Пара атрымала мяхі і няспешна рушылі, узяўшыся за рукі. Наперадзе насычаны дзень і шмат важных спраў. Адна з галоўных – затарыць мяхі і ажыццявіць справядлівы абмен, мех недаспелых яблык на пляшку пладова-ягаднага, ці як кажа Мішка Дальнабой і яго сабутэльнікі, ”простага бырла”. Але яны не такія, яны ўмеюць атрымаць сапраўдную асалоду ад гэтага напою. Шкада толькі, што за цэлы мех яблык будзе толькі малая – нуль пяць. Канешне ж лепш было б, калі б нуль сем. Але дзякуй і за тое. А букет і водар пладова-ягаднага яны ніколі “бырлам” не назавуць. Яны ж не такія.

   Неўзабаве і Вадзік Эстонец упэўненым крокам рушыў у бок крамы, балазе гэта зусім побач. Першая на гэты дзень доза ўжо, можна сказаць, у кішэні, а потым яшчэ нешта намалюецца.

- А што, ён сапраўды з Эстоніі? - нарыхтоўшчык паглядзеў услед Вадзіку.

- Ха-ха, ну які ён эстонец, з нашых, - адказаў дзед Піліп, - жыў некалі недзе ў Прыбалтыцы, там жонка засталася і дзеці. Калі спіўся канчаткова, то вытурылі яго з таго Еўразвязу. Цяпер не толькі віно, але яшчэ і кроў бацькам састарэлым п’е.

- А гэтыя, блажэнныя, ці як вы іх называлі?

- Шчаслівая Пара - Аня з Пятром? Таксама мясцовыя. Ён стары халасцяк, бабыль. Каму такі трэба, калі жлукціць амаль з дзяцінства, ды і яна не далёка ад яго адышла. Два боты пара. Аб’ядналіся ў адзінай любові да алкаголю, жывуць дзень да вечара, бацькоў ні ў аднаго, ні ў другога ўжо нямашака, браты і сёстры паз’язджалі. А яны, то ў адной хаціне валяюцца покатам, то ў другой. Нічога ім у жыцці не патрэбна, акрамя паўлітры, адзіная радасць у жыцці. Паводзяць сябе як юныя закаханыя, вось і сталі Шчаслівай Парай, курам на смех…

- Ну хопіць добрых людзей абгаворваць, - падаў голас Мішка Дальнабой, - і пра мяне калі пайду будзеш языком малоць, нейкі ты надта правільны, дзед Піліп!

- Буду, бо і ты, Міхась, усё ўтапіў у бутэльцы. Яна ж зусім невялікая, паўлітра ўсяго, але ў ёй прапала і сям’я твая, і праца, і ўсё астатняе.

- Не трындзі дзед, калі захачу толькі, то ў любы момант кінуць магу, завяжу. Я ж не алкаш кончаны, як некаторыя. У мяне сіла волі! Калі хочаш ведаць, стары, я некалі цэлы тыдзень не піў.

- Ага, ведаю, як ты не піў, вавёрачку злавіў і на тыдзень цябе зачынілі тады ў  наркалагічным аддзяленні.

- Хопіць табе, стары, давай лепш пра што-небудзь прыемнае пагаворым, а то знайшоў жа ты тэму.

- Чаго ж не пагаманіць аб добрым з добрымі людзьмі, - лагодна адказаў дзед Піліп.

- А вось скажы ты мне, добры чалавек, - Мішка Дальнабой звярнуўся да нарыхтоўшчыка, - куды нашы яблычкі павязуць? Няўжо праўда, што на вінзавод? Гэта так разумець трэба, што яны неўзабаве вернуцца да нас у вёску. Але ўжо ў выглядзе бырла пладова-ягаднага?

- Э, хлопча, загнуў ты. Сокі, ды дзіцячае пюрэ будзе з вашых яблычак. Нічога, што недаспелыя яшчэ. Там тэхнолагі папрацуюць з імі, і атрымаецца ўсё, што патрэбна – смаката. А бырла зробяць вам са спірту самага таннага, развядуць вадой водаправоднай, дададуць туды рознай “хіміі”: араматызатары, узмацняльнікі смаку, фарбавальнікі, ды яшчэ якой трасцы, і ўсё будзе выглядаць як натуральнае. Чытай тое, што дробнымі літарамі на этыкетцы напісана.

- О, ты чуў, Мішка, - уступіў у размову стары, - але ж не ўсё там узгадваецца на той этыкетцы.

- Ха-ха-ха, - зарагатаў Мішка Дальнабой, хімік знайшоўся Мендзялееў недароблены!

- Грэх са старога смяяцца, - строга прамовіў дзед Піліп, - дажыві яшчэ да маіх гадоў.

   Нарыхтоўшчык зацікаўлена слухаў размову гэтых людзей, вясковых прадстаўнікоў дзвюх розных пакаленняў.

- Дык што ж там яшчэ бырла змяшчае, а дзед? – голас Мішкі стаў больш лагодным.

- Там шмат чаго. Напрыклад ёсць “разбуральніксям’і”, “дэградантасобы”, “мачанетрымальнік”, “імпатэнтавітальнік”, “алкаголезалежнік”, “усягодобрагазаменнік”…

- Цьфу на цябе, так і думаў, што падкалоць хочаш, - Мішка вылаяўся і са злосцю паглядзеў сваімі вачамі-свярдзёлкамі прама ў выцвілыя зрэнкі старога, - клывай ужо дадому, правільны знайшоўся! Вучыць мяне ён, я памятаю, як ты кляў мяне, смерці маёй хацеў.

- Не кляў я цябе, вы самі жыццё сваё губіце, наўмысна скарачаеце. Нішчыце і сябе, і тых, хто побач з вамі не жывуць, а пакутуюць. Радуйцеся, што пакуль маткі вашы жывыя, кормяць вас, даглядаюць.

- А гэта ўжо не твая справа. Кормяць, даглядаюць… - Мішка наўмысна перадражніў старога Піліпа, - дрэнная тая маці, што сына да пенсіі не пракорміць! – Мішка зноў зарагатаў з удалага, як яму падалося, жарту.

- Сапраўды, пайду я ўжо, пара мне. Бобіка карміць трэба, а я языком мялю тут з вамі, час марную на размовы.

   Дзед Піліп паклонам галавы развітаўся з нарыхтоўшчыкам і няспешнай старэчай хадою пайшоў сваёй звыклай дарогай. Мішка Дальнабой нарэшце вярнуўся да справы. Паклаў мяхі з яблыкамі на вагі, потым высыпаў з іх яблыкі ў скрыню грузавіка.

-Э, браце, забудзь пра пенсію, што ты там старому пра пенсію казаў? Цяпер усё па-іншаму. Ты што, газет не чытаеш? Не бачыць вам пенсіі, як уласных вушэй. Ды і дажыць цяпер праблема, нават непітушчым, пенсійны ўзрост павысілі і яшчэ, кажуць, будуць павялічваць, - выказаўся на пачутае нарыхтоўшчык.

   Мішка нічога не адказаў на пачутыя словы. Хацеў ужо ісці ў краму, але нечакана ля машыны з’явіўся Вадзік Эстонец з паўлітрай у кішэні старых нагавіц.

- Дальнабой, ты яшчэ ўсё тут чухаешся. Бяры “малую” ды даганяй, пасядзім разам, – прапанаваў ён Мішку.

- Дык я ўвогуле нікуды не спяшаюся, паспею.

- А стары Піліп што, дадому пайшоў? Звычайна да апоўдня стаіць тут. Нешта не так. Пасварыліся хіба зноў?

- Пайшоў, што яму тут рабіць, прапаведаваць мне тут уздумаў, жыццю вучыць стаў, вось і паслаў я яго.

- Ну гэта ты дарма, Мішка, ён добры дзед, разумны.

- Добрага знайшоў, ведаеш, нічога яму не зрабіў благога, а ён смерці маёй хоча, - з крыўдай прамовіў Мішка.

- Слухай, Дальнабой, так што там за гісторыя, што ты ўвесь час яе згадваеш? – Вадзік Эстонец праявіў шчырую зацікаўленасць і прагнуў яснасці.

- Ды старую сваю я некалі паганяў па п’янай справе. Я зкалыміў крыху грошай, а яна прыхавала. Мне трэба было паўлітру тэрмінова ўзяць. Прасіў па-добраму, як на лекі. Сама вінаватая, вось і хадзіла тыдзень з фінгалам. Потым, шчыра кажучы, яшчэ пару разоў было, што старая з сінякамі хадзіла. І што з таго? А ён, Піліп гэты, уяўляеш, заступіў мяне на вуліцы і кажа, уяўляеш, прылюдна, што памру я, не пражыву доўга. Маўляў, у кнізе нейкай напісана, што трэба паважаць бацькоў і даглядаць іх да скону. А раз я руку на маці падняў, то ўсё – смерць мне, капец! Вось так! Піліп гэты і пракурор, і суддзя, і Бог! Уяўляеш? Кладзіся Міхал Іванавіч на лаву і памірай! Што, па-твойму, гэта правільна?

- Правільна, Мішка, праўду ён сказаў. Грэх гэта вялікі - крыўдзіць бацькоў. Ён не сам гэта прыдумаў, не ад сябе казаў. У Бібліі напісана: “Паважай бацьку і маці, каб падоўжыліся дні твае…”А калі не паважаць, ды тым больш, біць матулю, то чакай адваротнага – зменшацца дні. Я так мяркую.

- Заткніся, Эстонец, і ты туды ж. Што мне Піліп твой! Я вунь зараз другі рэйс навярну, будзе мне і на дзень, і на вечар, а можа і на заўтра, і на трэці дзень, калі хочаш! Усё ў мяне будзе! А ты ідзі да Піліпа, няхай цябе жыццю павучае, толькі папярэдне паўлітру дастань з кішэні.

- Не кажы на яго нічога, Дальнабой. Ён добры чалавек і не алкаш, як мы з табою, ён правільны, жыццё пражыў як след, і словы ягоныя правільныя.

- Пайшоў ты! Я не алкаш, чуеш! І не Дальнабой, а Міша, Міхаіл Іванавіч! Зразумеў, ты, прыбалт недароблены! І дажыву я да і Спаса, і да Каляд, і да Вялікадня! І вас усіх перажыву!

   Вадзік Эстонец махнуў рукою і пайшоў сваёй дарогай, абы далей ад грэху. Чаго добрага і пабіць можа гэты Дальнабой, рука ў яго цяжкая. Але ж бач, яшчэ ні ў адным воку, а як разышоўся, што будзе, калі закладзе за каўнер?

                                                         * *  *

   На вялікай хуткасці, разразаючы святлом фар цемру ночы, пранёсся па вясковай вуліцы легкавік. З яго даносілася музыка, што заглушала нават роў рухавіка. Вярталася з нейкай гулянкі п’яная кампанія. Можа таксама яблыкі здавалі. Пасля легкавушкі, што праляцела імклівай стралой, на абочыне дарогі застаўся ляжаць нікім пакуль не заўважаны пакурочаны ровар.

   Шчаслівая Пара вярталася ў адзін са сваіх дамоў, каб адпачыць і пачаць раніцу таксама, як і сённяшнюю. Дзень будзе добры, бо сёння нагледзелі колькі неабтрэсаных яблынь у закінутых садках, а машына з яблыкамі будзе стаяць яшчэ колькі дзён, пакуль загрузіцца яблыкамі, што не дачакаліся Спасу. Як і трэба закаханым, крочылі яны ўзяўшыся за рукі.

   Вадзік Эстонец мірна спаў на старым ложку, які быў прадбачліва засланы матулінымі рукамі галубовага колеру цыратай. Яму снілася Балтыйскае мора і сады, поўныя прыгожых і спелых яблык.

   Па хаце тупала туды сюды старая Настуля, што не змагла заснуць, бо не дачакалася сына.

- Прыйдзе, не раз такое было, - супакойвала сябе гаротная маці, - і гэтым разам прыйдзе, абавязкова прыйдзе, дачакаюся.

 

О нас

На сайте «Информ-прогулка» публикуются свежие новости Лунинецкого района. Также здесь содержится информация о важных событиях, происходящих в других городах Полесья, Брестской области, и стране в целом. Прогноз погоды в Лунинце на сегодня, расписание движения поездов и автобусов, видео с последних праздников и мероприятий, прошедших в Лунинце, Микашевичах и районе – всё это и многое другое Вы найдёте на нашем сайте. Мы публикуем материалы, интересные для разных категорий населения, готовим интервью с представителями различных отделов Лунинецкого райисполкома, медиками Лунинецкой ЦРБ, а также представителями прочих служб. Позвонив по телефонам редакции «ИП», Вы можете подсказать авторам сайта темы для последующих публикаций, поделиться своими мыслями и наблюдениями. Сайт «Информ-прогулка» ценит своих читателей и прислушивается к их мнению. Заходите на http://inform-progulka.by/, читайте материалы, комментируйте их, смотрите фото и видео!

Copyright 2016. Все права защищены.

Яндекс.Метрика

Контакты

E-mail
progulka@brest.by
Адрес
ул. Фрунзе, 12, 225644, г.Лунинец, Брестская область, Республика Беларусь
Телефон/Факс
+375 1647 34509