Блоги

Коні і самалёты (літаратурная замалёўка)

Колькі сябе памятаю, заўсёды быў у захапленні ад коней і самалётаў. У іх я бачыў нейкую дасканаласць і асаблівую прыгажосць. Яны заўсёды выклікалі ў мяне нейкія незвычайныя пачуцці. Конь – прыгожае стварэнне, істота, якую некалі прыручыў чалавек. Конь не падвядзе ніколі, нават у самай цяжкай і адказнай справе. Ён заслугоўвае павагі і прыстойнага стаўлення да сябе. Самалёт жа – вяршыня чалавечага розуму. Нават цяжка ўявіць, што за нейкія сто гадоў існавання ён стаў вяршыняй інжынернай думкі. Шматтонная махіна, што лунае ў небе нібыта лёгкая птушка, выклікае захапленне. 
Маё дзяцінства, чырвоны конь / Фото: Мікалай Ільючык.

Памятаю сваё дзяцінства. Увесну аралі поле, садзілі бульбу “пад плуг”. З таго часу мала што змянілася, хіба коней паменшала. Іх замянілі самаробныя трактары ды мотаблокі. Ды і бульбы цяпер садзяць меней. А тады пасадка бульбы доўжылася тыдзень, а то і болей. Потым, недзе праз два тыдні, бульбу баранавалі, а калі бацвінне падымалася над зямлёй, міжраддзі праворвалі сошкай. Глеба клапатліва і ласкава агортвала бульбяныя карчы з абодвух бакоў. Так яе пакідалі да восені. Потым бульбу капалі, перавозілі на падворкі. Для ўсялякай вясковай працы патрэбен быў конік – нязменны памочнік гаспадара. Хтосьці меў уласнага каня, а хтось браў яго на дзень у калгасе, папярэдне дамаўляючыся з брыгадзірам.

Коні заўсёды ішлі да маіх рук. У некаторых вяскоўцаў у гаспадарцы былі кабылы з жарабятамі. Яны шлі побач з кабылай, а калі нейкі свавольнік адбягаў на пэўную адлегласць, то пранізлівае матчына ржанне вяртала гарэзу назад. Я браў акрайчык хлеба, адломваў невялікі кавалачак і частаваў гэтай лустачкай маіх прыяцеляў з ліку конскіх дзяцей. А яны быццам расказвалі адзін аднаму пра мяне, і ўсе імкнуліся падысці да мяне. Адштурхоўвалі адзін аднаго, каб паласавацца хлебам з маёй рукі.

Я гладзіў іх па невялічкай, жорсткай яшчэ грыве, абдымаў за шыю. Бацька ўсміхаўся і казаў нешта кшталту: бач ты, лашчацца нібыта дзеці. Наступным днём жарабяты зноў падыходзілі да мяне, імкнуліся сваёй мяккай прыхай цалаваць мае рукі, шчокі. А я зноў частаваў іх хлебнай лустачкай, што абачліва палажыў у кішэню яшчэ з раніцы. Калі каня трэба было вывесці на пашу, то лепшага занятку для мяне і прыдумаць нельга было. Я мог ускочыць на яго і праехацца верхам, нават без аброці і лейцаў, трымаючыся толькі за грыву, ды моцна прыціскаючы калені да цёплых конскіх бакоў. Спутаць каня таксама для мяне - не праблема. Мама баялася, што конь можа мяне ўдарыць, ці наступіць капытом. Але такога не здаралася ніколі.

Тут жа, у полі можна было назіраць за самалётамі. Высока ў небе пабачыць срэбны сілуэт пасажырскага лайнера, што пакідаў за сабою белую лінію, быццам нехта нябачнай рукою перакрэсліў неба кавалкам крэйды. Цікава было бачыць вінтавыя самалёты, што лёталі крыху ніжэй і стваралі такі пранізлівы гук, што хацелася пазатыкаць вушы.

Сапраўднае свята для мяне і ўсіх мясцовых хлапчукоў наставала ў тую пару, калі на ваенным аэрадроме паблізу райцэнтра праводзіліся вучэбныя палёты. Штурмавікі і знішчальнікі праносіліся над вёскай на вялікай хуткасці. За далёкім лесам яны рабілі круты віраж і вярталіся амаль па той жа траекторыі. Рову і грукату рабілі многа. Лёталі досыць нізка, а калі іх хуткасць станавілася звышгукавой, то такое бабаханне было, што часам шыбы ў хатах выпадалі.

У аднаго з вясковых хлопцаў быў бінокль. Сапраўдным шчасцем было выпрасіць яго на пэўны час. А калі ў гэты час яшчэ і ішлі палёты, то шчасце павялічвалася шматкроць. Я залазіў на хлеў. Сядзеў на страсе і цікаваў за самалётамі. Часам мог разгледзець нейкія дробныя дэталі на фюзеляжы, узбраенне, ці нават твар лётчыка. Матуля сварылася, баялася каб не ўпаў. А бацька бурчэў і турбаваўся, каб не пашкодзіў гонты на даху, бо яму прыйдзецца потым усё рамантаваць.

На маё шчасце, часцей бацькоў не было дома. Праца аднімала амаль увесь іх час. У адзін з такіх дзён, калі бацькі адсутнічалі, я правёў удалы іспыт свайго самаробнага парашута. Вялікая белая прасціна з прывязанымі да яе шпагацінамі, мабыць, не намнога стрымала маё падзенне з той жа страхі. Але нічога не зламаў, то і добра. Часам матулі казаў, што стану лётчыкам. Яна не падзяляла майго імпэту. Казала, што трэба па зямлі хадзіць.

Аднойчы пасля вяртання бацькі з заробкаў у хаце з’явіўся вялізны, па маіх на той момант мерках, сервант на трое дзвярэй. На маё шчасце адзін ягоны аддзел стаў належаць мне. Там месціліся мае падручнікі, школьныя прылады, ды нейкія асабістыя рэчы. Да вечара ўся адваротная паверхня дзвярэй была абклеена мною выявамі конікаў і самалётаў, што ўласнаручна вырэзваў з часопісаў і газет той пары. Мой дызайнерскі ход не быў ацэнены як след бацькамі. Але ж гэта была мая тэрыторыя і я меў на гэта права.

Прызыў у армію не толькі завяршыў дзіцячы ды юнацкі перыяды майго жыцця, але і даў магчымасць падняцца ў неба. Спачатку на пасажырскім лайнеры да месца службы, а потым на ваенна-транспартных самалётах і верталётах. Некалькі дзясяткаў разоў уздымаўся ў неба, але квіток быў толькі туды. З неба на зямлю даводзілася вяртацца сваім ходам пры дапамозе сілы цяжару і сапраўднага парашута. Вось гэта рэч! Не тое, што той самаробны з матчынай прасціны.

Потым шмат разоў меў магчымасць ажыццяўляць нейкія падарожжы ці дзелавыя паездкі менавіта на самалётах. Пачуццё захаплення ніколькі не зменшылася ў параўнанні з даўнімі дзіцячымі пачуццямі. Знаходзіцца ў нябёсах – гэта ні з чым не параўнальна!

А калі хаджу па зямлі, то не пакідае тое ж дзіцячае маё захапленне конямі. Люблю назіраць за іх цяжкай працай, люблю глядзець як нетаропкай хадою ходзяць яны па лузе і шчыплюць сакавітую траву, як гарэзліва выбрыкваюць жарабяты. Коні такія ж, як і тады. Яны таксама, як і ў тыя далёкія гады, падыходзяць да мяне самі. І дарослыя, і жарабяты. Схіляюць галовы, каб я патрапаў іх грыву, ці абняў за шыю. Нават хлеба не патрабуюць. Бывае што і цалавацца лезуць. Я не супраць. Часам лаўлю сябе на думцы, што ў той парфуме, якую я ўжываю, прысутнічае нейкая ледзьве ўлоўная нотка конскага паху.

Стары сервант цяпер стаіць у гаражы. Сам нікому не патрэбны ён зрабіўся складам для нейкіх таксама непатрэбных рэчаў. Але сэрца шчыміць, калі я адчыняю тую “сваю” дзверцу. Няхай сабе толькі ў марах і мроях, але гэта мой уласны спосаб зазірнуць туды, куды няма магчымасці вярнуцца – у дзяцінства.

Даўно няма бацькоў. Сам даўно бацька. У сучасных дзяцей свае захапленні і зусім іншыя інтарэсы. А для мяне тыя ж нязменныя ўражанні выклікаюць на зямлі коні, а ў небе самалёты.

Нават у снах калі-нікалі чую як б’юць капытамі па зямлі коні, бачу, як у вышынях пралятаюць, заўсёды спяшаючыся, самалёты. Мне паўвека, але ў мяне ёсць адна цудоўная мажлівасць. Калі хочацца апынуцца ў дзяцінстве, я адчыняю дзверцы старога серванта. Там мае конікі і самалёты. Там маё дзяцінства. Там мама і тата, пакуль жывыя.

О нас

На сайте «Информ-прогулка» публикуются свежие новости Лунинецкого района. Также здесь содержится информация о важных событиях, происходящих в других городах Полесья, Брестской области, и стране в целом. Прогноз погоды в Лунинце на сегодня, расписание движения поездов и автобусов, видео с последних праздников и мероприятий, прошедших в Лунинце, Микашевичах и районе – всё это и многое другое Вы найдёте на нашем сайте. Мы публикуем материалы, интересные для разных категорий населения, готовим интервью с представителями различных отделов Лунинецкого райисполкома, медиками Лунинецкой ЦРБ, а также представителями прочих служб. Позвонив по телефонам редакции «ИП», Вы можете подсказать авторам сайта темы для последующих публикаций, поделиться своими мыслями и наблюдениями. Сайт «Информ-прогулка» ценит своих читателей и прислушивается к их мнению. Заходите на http://inform-progulka.by/, читайте материалы, комментируйте их, смотрите фото и видео!

Copyright 2016. Все права защищены.

Яндекс.Метрика

Контакты

E-mail
progulka@brest.by
Адрес
ул. Фрунзе, 12, 225644, г.Лунинец, Брестская область, Республика Беларусь
Телефон/Факс
+375 1647 34509