Социум

Шчырая размова з майстрам

Матэрыял пра майстра з Багданаўкі Васіля Савіча.

Васіль Максімавіч Савіч нарадзіўся ў Багданаўцы, скончыў васьмігодку. Сярэднюю школу заканчваў у Пагосце-Загародскім, што побач, у Пінскім раёне. Пасля школы працаваў на будоўлі, а потым прызваўся ў войска. Тры гады служыў на Балтыйскім флоце на атамнай падводнай лодцы. Скончыў Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут. Працаваў у Пінску ў праектным інстытуце. З 1978 года працаваў у Багданаўскай школе. Пасля 35 гадоў выкладання пайшоў на заслужаны адпачынак. Майстар па вырабу цацак, ды не простых, а этнацацак. У яго 4 дачкі і сын, ужо растуць двое ўнукаў.

- Васіль Максімавіч, як даўно вы займаецеся цацкамі?

- Драўлянымі з маленства, памятаю якія цацкі рабіў нам бацька, памятаю цацкі, што тады рабілі дзецюкі, што пасвілі статак. Некалі бацька прывёз мне керамічную цацку з Пінскага кірмашу, хутчэй за ўсё яна была зроблена на Століншчыне. Захацелася зрабіць нешта сваё. Керамікай займаюся дзесьці чвэрць стагоддзя.

- Як вы прыйшлі менавіта да цацачных вырабаў?

- Майстраваў цацкі для сваіх дзяцей. А потым так захапіўся, што займаюся імі да гэтага часу. Аднойчы паставіў перад сабой мэту – адрадзіць нашу палескую цацку.

- Колькі вы вырабілі цацак і ў чым іх адметнасць?

- У мяне дзесьці 500 відаў гліняных цацак і каля 40 драўляных. Па колькасці я нават і не ведаю, якая гэта магла быць лічба. У маіх драўляных цацак ёсць адна асаблівасць – у кожнай з іх прадугледжаны нейкі рух. Яны ўсе з дынамікай, а гэта дзецям заўсёды цікава, яны любяць сачыць за тым, як і па якім прынцыпе рухаюцца дэталі цацкі.

- Васіль Максімавіч, а адкуль бяруцца ідэі новых цацак, адкуль з’яўляецца натхненне для творчага працэсу?

- Па рознаму бывае. Бывае, што недзе зверху, бывае, што нешта нават у сне пабачу. Гэта не заўсёды можна растлумачыць словамі. А бывае, што нешта цікавае заўважу ў лесе, ці на вуліцы. Так узнікаюць ідэі для новых вырабаў. Мае цацкі патрабуюць пастаяннага развіцця, творчых пошукаў і нейкіх асаблівых намаганняў. Напрыклад, мае свістулькі з гліны “заспявалі” толькі пасля 2-х гадоў працы і неймаверных высілкаў.

- Ці ёсць яшчэ паблізу майстры, што займаюцца цацкамі?

- Дакладна ў Багданаўцы толькі я, у раёне таксама няма нікога, ведаю чалавека з Брэста, што займаецца цацкамі, але мая этнацацка ўнікальная.

- Вы зрабілі шмат цацак, але куды яны сыходзяць, якое іх далейшае жыццё?

- Звычайна дару цацкі і дзецям, і дарослым. Бывае, што на нейкай выставе, ці кірмашы нехта нешта і купіць, нешта ёсць у краязнаўчых музеях Лунінца і Брэста. Я мару аб тым, каб і іншыя музеі зацікавіліся народнай цацкай.

- Васіль Максімавіч, пералічыце, калі ласка, тыя мерапрыемствы, фэсты і імпрэзы ў якіх вам даводзілася ўдзельнічаць.

- Штогод удзельнічаю ў раённых, абласных і рэспубліканскіх “Дажынках”. Удзельнічаў у рэспубліканскім фестывалі “Ганчарнае кола”, быў на мерапрыемствах да 600-годдзя Белавежскай пушчы, некалькі разоў удзельнічаў у фестывалі “Кліч Палесся”, што праводзіцца ў Гомельскай вобласці, неаднаразова быў у Польшчы на Ягелонскім кірмашы, на міжнародным фэсце “Палескі карагод”… Шмат дзе быў і шмат у чым удзельнічаў, даваў майстар-класы, усё зараз нават узгадаць цяжка.

- Ці ёсць у вас вучні?

- Некалі ў школе я вёў гурток “Гліняная цацка”. Тады шмат вясковых дзетак цікавілася гэтай справай, спадзяюся, што яны не страцілі тыя навыкі і ўменне, што перанялі ад мяне. Мой сын Максім і дачка Тамара маюць добрую цікавасць да таго, што я раблю і шмат чаго ўмеюць. А яшчэ я ўзгадваю такі цікавы момант з маёй працоўнай біяграфіі – на маіх уроках па выяўленчаму мастацтву я заўсёды прапаноўваў выкарыстоўваць гліну замест пластыліну. Былі досыць цікавыя напрацоўкі ў гэтым накірунку.

- Васіль Максімавіч, а ці магчыма коратка распавесці пра тэхналогію, пра сыравіну, з якой вырабляюцца вашы цацкі?

- З драўлянымі, спадзяюся, усё зразумела, выкарыстоўваю кару з сасны і непасрэдна саму драўніну розных парод. А вось гліну пераважна бяру толькі ў адным месцы. Гэта былая цагельня “Плянта” у Пінскім раёне ля вёскі Боркі, наўпрост кіламетраў сем ад нас. Ля нашай вёскі таксама можна знайсці добрую гліну. У лесе ёсць урочышча Глінішча, там спрадвеку бралі гліну мясцовыя печнікі. Гліну патрэбна нарыхтаваць, потым яна павінна перамерзнуць. Гэта доўгі працэс, які займае не менш за 5 гадоў. Гліна потым ачышчаецца і перад тым, як з яе нешта рабіць, яе патрэбна праверыць на тлустасць. Я раблю гэта так: раскатваю з яе доўгі шнур. Потым загортваю яго вакол пальца. Калі няма ніякіх расколін, калі гліна не трэскаецца, то яна лічыцца прыдатнаю для вырабу такіх дробных рэчаў, як цацкі.

- А што галоўнае ў глінянай цаццы – знешні выгляд, ці яе гук?

- Тут такая справа, цацка робіцца для дзяцей, а дзеці ўспрымаюць спачатку ўсё праз вочы. Цацка павінна быць прыгожай і яркай. Гук – гэта ўжо потым, як дзіця патрымае цацку ў руках.

- Але што патрэбна для таго каб цацка “заспявала”?

- Тут шмат фактараў. Правільна стварыць пустату ўнутры цацкі, правільна зрабіць сам свісток… Бывае, што зробіш усё правільна, а яна не спявае і ўсё. Такую толькі выкінуць, ці нанава перарабіць. Бывае, што заспявае адразу, а пасля высыхання не хоча. Бывае зробіш, спявае адразу, высахне, таксама спявае, а пасля апальвання возьме і перастане. Усяк здараецца. Недзе з дзясятка зробленых цацак застаецца можа восем, ці і таго менш.

- Васіль Максімавіч, а я кія яшчэ адметнасці і асаблівасці ў вашых цацак?

- Раблю ўсё толькі рукамі, ніякіх механічных прылад не выкарыстоўваю.Нават апальваю вырабы не ў электрычнай, а ў самай сапраўднай печы. Мае цацкі вельмі кампактныя і суцэльныя, у іх няма ніякіх прылепленых частак, што могуць адламацца і нашкодзіць дзіцяці. Усе гліняны цацкі апіраюцца на тры кропкі, яны досыць устойлівыя і стаяць роўна. У кожнай з цацак ёсць вушка-падвес, яе можна насіць на шнурку, ці нейкай стужачцы. Мае свістулькі вельмі эрганамічныя, яны добра кладуцца ў далонь. Для працы з глінай з інструментаў выкарыстоўваю толькі стэкі і праколкі. Па драўніне працую толькі нажом, зрэдку выкарыстоўваю невялікую нажоўку.

- У вас мабыць шмат розных узнагарод ды дыпломаў, можа ёсць і нейкія асаблівыя тытулы?

- Сапраўды дыпломаў і падзяк шмат, тытулаў пакуль не нажыў, ды ці патрэбны яны? Належу да абласнога аб’яднання майстроў “Скарб”, з аднадумцамі і калегамі бываю на самых розных і цікавых мерапрыемствах. Спадзяюся, што і гэты год будзе шчодры на такія сустрэчы.

- Васіль Максімавіч, пры такім даволі насычаным жыцці чым яшчэ паспяваеце займацца?

- Мяне заўсёды здзіўляюць людзі, якія кажуць, што ім сумна, што жыццё аднастайнае і не цікавае. Люблю чытаць. Чытаю Святое Пісанне, чытаю кнігі па этнаграфіі, розныя слоўнікі і кнігі па практычнай дзейнасці ў самых розных накірунках. Нета і сам пішу. Гэта і краязнаўчыя матэрыялы і разважанні, гэта і вершы. Мару напісаць кнігу пра службу на флоце. Жыццё ў мяне досыць яркае і насычанае, хочацца нешта пакінуць пасля сябе. Кожнаму чалавеку Усявышні дае шмат розных здольнасцей, патрэбна іх толькі знайсці ў сабе і выкарыстаць.

Васіль Максімавіч яшчэ шмат чаго распавядае. А яшчэ бярэ ў рукі акарыну, гліняную шматгалосую свістульку, няспешна прыкладвае яе да вуснаў. І, о цуд, ліецца цудоўная мелодыя на тэму вясковых святочных спеваў. Ён яшчэ і музыка! Гэтага я не ведаў.

Ён з захапленнем дэманструе свае новыя цацкі: салаўя, гэта свістулька ў якую наліваецца вада і гук у яе з пералівам, нібыта птушыны спеў. Конікі з кары, бочка з кары, што рухаецца, разам з хадою дзіцяці, якое кіруе ёю. Вінтавы самалёт з рухомымі дэталямі, дзед і баба, што пілуюць дровы, салдат, што выконвае фізкультурныя практыкаванні на турніку – усё гэта выклікае захапленне нават у мяне, у дарослага чалавека. Уяўляю, як глядзяць на гэтую прыгажосць дзеці!                

Драўляныя птушкі, трашчоткі і поўны камплект гліняных свістулек… Цацкі паўсюль. “Пакуль у свеце ёсць дзеці, мая справа не згіне, - кажа майстар, - а праз прыродныя матэрыялы новаму пакаленню перадаюцца святло душы майстра і стан ягонай душы”. Я згодзен з ім цалкам. І дзякуй за шчырую размову.

 

Фота аўтара

О нас

На сайте «Информ-прогулка» публикуются свежие новости Лунинецкого района. Также здесь содержится информация о важных событиях, происходящих в других городах Полесья, Брестской области, и стране в целом. Прогноз погоды в Лунинце на сегодня, расписание движения поездов и автобусов, видео с последних праздников и мероприятий, прошедших в Лунинце, Микашевичах и районе – всё это и многое другое Вы найдёте на нашем сайте. Мы публикуем материалы, интересные для разных категорий населения, готовим интервью с представителями различных отделов Лунинецкого райисполкома, медиками Лунинецкой ЦРБ, а также представителями прочих служб. Позвонив по телефонам редакции «ИП», Вы можете подсказать авторам сайта темы для последующих публикаций, поделиться своими мыслями и наблюдениями. Сайт «Информ-прогулка» ценит своих читателей и прислушивается к их мнению. Заходите на http://inform-progulka.by/, читайте материалы, комментируйте их, смотрите фото и видео!

Copyright 2016. Все права защищены.

Яндекс.Метрика

Контакты

E-mail
progulka@brest.by
Адрес
ул. Фрунзе, 12, 225644, г.Лунинец, Брестская область, Республика Беларусь
Телефон/Факс
+375 1647 34509