Социум

У Любань па шляхах Макаёнка

Нашы вандроўкі разам з паэткай Аксанай Спрынчан, што кожны год у гэтую пару наведвае Лунінецкі раён, мусяць атрымаць статус традыцыйных.
У захапленні ад музыкі / Фото: Мікалай Ільючык.

Кожны год мы некуды едзем. Мы шмат дзе былі. Былі цудоўныя і прыгожыя мясціны, былі сустрэчы з цікавымі людзьмі.

Сёлета ў адзін са жнівеньскіх дзён мы апынуліся ў вёсцы Любань. Ад былой велічы і славы некалі заможнага калгаса амаль нічога не засталося. Хоць у свой час вёска і атрымала статус аграгарадка, але з кожным годам сітуацыя пагаршаецца. Аб гэтым распавядаюць мясцовыя жыхары. Мабыць першым паказчыкам заняпаду з’яўляецца наяўнасць вялікай колькасці нежылых дамоў. Некаторыя хаты, хоць і пустыя, але дагледжаныя, бо выкарыстоўваюцца як лецішчы для тых, хто жыве ў Лунінцы ці ў Мікашэвічах.

Напачатку вандроўкі ў Любань мы наведалі Сцяпана Паўлавіча і Вольгу Якаўлеўну Нефідовічаў, з якімі маем даўнішнія стасункі. Гасцінныя гаспадары пачаставалі духмянай гарбатай. А яшчэ Сцяпан Паўлавіч зладзіў сапраўдны канцэрт – паказаў гасцям тыповыя для Любані песні, граў на губным гармоніку і акардэоне. Пасля хваробы Сцяпану Паўлавічу цяжка даецца кожны рух, але ж старэнькі “Weltmeister” усё ж выдаваў патрэбныя ноты ва ўмелых руках музыкі. Аксана з дачкой Альжбэтай былі літаральна зачараваны спевамі. Паэтка нават папрасіла тэксты пачутых песен каб паказаць іх знаёмым сталічным выканаўцам.

Сцяпан Паўлавіч і Вольга Якаўлеўна Нефідовічы

Сцяпан Паўлавіч і Вольга Якаўлеўна Нефідовічы / Фото: М.Ільючык.

Потым мы накіраваліся ў вандроўку дзеля якой мы і прыехалі сюды. А пачалася яна літаральна ад дома Нефідовічаў, бо жывуць яны на вуліцы Сцепчанкі. Уладзімір Апанасавіч Сцепчанка – старшыня калгаса “Новае Палессе”, герой сацыялістычнай працы. У часы ягонага кіраўніцтва калгас быў у ліку найлепшых. Адукаваны і інтэлігентны чалавек сябраваў з многімі літаратарамі, шмат хто з іх, а таксама многія людзі мастацтва пабывалі тады ў Любані. Але ж самым адметным было сяброўства з народным пісьменнікам і славутым драматургам Андрэем Ягоравічам Макаёнкам. Старшыня Сцепчанка стаў прататыпам героя п'есы Макаёнка “Таблетка пад язык”.

Дом, у якім жыў славуты старшыня на вуліцы, што цяпер носіць яго імя

Дом, у якім жыў славуты старшыня на вуліцы, што цяпер носіць яго імя / Фото: М.Ільючык.

На вуліцы Сцепчанка ў Любані захаваўся дыхтоўны дом у якім некалі жыў славуты старшыня. А на будынку мясцовага Дома Культуры маецца мемарыяльная дошка з выявамі Сцепчанкі і Макаёнка. Некалі на сцэне гэтай установы выступалі артысты Купалаўскага тэатра, праходзілі канцэрты і творчыя сустрэчы з рознымі славутымі людзьмі, што наведвалі Любань з ініцыятывы Уладзіміра Апанасавіча Сцепчанкі.

У гэтым будынку некалі віравала культурнае жыццё рэспубліканскага маштабу

У гэтым будынку некалі віравала культурнае жыццё рэспубліканскага маштабу / Фото: М.Ільючык.

Побач з ДК парк. На вялікі жаль, ён вельмі занядбаны і неахайны. Мясцовыя жыхары скардзяцца, што парк зарос хмызняком. Побач з вуліцай той хмыз “спалілі” гербіцыдамі, але ж ад гэтага ён не стаў прыгажэйшы. Тубыльцы кажуць, што некалі за паркам быў замацаваны чалавек, які займаўся ягоным доглядам. Цяпер усё па-іншаму, а прычына адна – няма грошай. Між тым, у парку ёсць некалькі экзатычных дрэў. Але галоўнае ў ім тое, што дубы, клёны, бярозы ды ясені пасаджаны тут самім Сцепчанка, а таксама Андрэем Макаёнкам, Іванам Шамякіным, Піменам Панчанка ды іншымі славутымі людзьмі. Лічу, што ў заняпадзе парка праглядаецца недапрацоўка мясцовых улад. Гэтае месца варта падтрымліваць у парадку і чысціні, даглядаць як след, а яшчэ не лішнімі былі б адмысловыя шыльдачкі з пазначэннем таго, што гэта за дрэва і хто яго пасадзіў. Тым больш, што звесткі пра славутых людзей пакуль не страчаны.

Аксана Спрынчан побач з дубам Макаёнка

Аксана Спрынчан побач з дубам Макаёнка / Фото: М.Ільючык.

Добрае ўражанне ад школы. Вялізны і светлы трохпавярховы будынак уражвае. Некалі тут займалася вялікая колькасць вучняў. Але часы мінуліся і цяпер школа аб’ядналася з дзіцячым садком. Такая тэндэнцыя назіраецца па ўсіх вёсках, на жаль. Але сёння не аб гэтым. У школе цудоўны музей, які быў створаны настаўнікамі і краязнаўцамі. Экспазіцыя вельмі разнастайная і цікавая. Уражвае і тое, што яна размешчана не ў асобным памяшканні, а пад яе аддадзены плошчы школьных калідораў. Атрымліваецца, што вучні ўвесь час знаходзяцца ў гэтым асяродку, бачаць экспанаты і стэнды. Хочаш - ня хочаш, але цікавяцца гісторыяй роднага краю, жывуць гэтым і наталяюцца патрэбнымі ведамі. Музей добры, але ж варта было б стварыць нейкі асобны куточак ці стэнд пра людзей, што наведвалі Любань. Не кожны населены пункт раёна можа пахваліцца колькасцю знакамітых людзей, што пабывалі тут, паэтаў і пісьменнікаў, з якіх як мінімум тры мелі званне народных. Сваё пажаданне мы выказалі і спадзяёмся, што педагагічны калектыў папрацуе над нашай прапановай.

Школа ў Любані

Школа ў Любані / Фото: М.Ільючык.

Пасля мы зноў крочым па вуліцах Любані. Тубыльцы шчыруюць на агародах – капаюць бульбу. У садах голле яблынь гнецца долу ад вялікага ўраджаю. Бывае, што некага сустракаем на сваім шляху, хтосьці ідзе пехатою, а хтосьці едзе па нейкіх справах на ровары. Усе вітаюцца. Нехта прамаўляе па-руску: “Здравствуйте”, але большасць кажуць: “Добры дзень”. А дзень і сапраўды добры.

Гарачыня і мы крыху стаміліся. Але вада, што чэрпаем са студні на падворку Нефідовічаў, прыдае сіл і ўзнікае добрае жаданне прыязджаць у гэтую вёску зноў і зноў.

О нас

На сайте «Информ-прогулка» публикуются свежие новости Лунинецкого района. Также здесь содержится информация о важных событиях, происходящих в других городах Полесья, Брестской области, и стране в целом. Прогноз погоды в Лунинце на сегодня, расписание движения поездов и автобусов, видео с последних праздников и мероприятий, прошедших в Лунинце, Микашевичах и районе – всё это и многое другое Вы найдёте на нашем сайте. Мы публикуем материалы, интересные для разных категорий населения, готовим интервью с представителями различных отделов Лунинецкого райисполкома, медиками Лунинецкой ЦРБ, а также представителями прочих служб. Позвонив по телефонам редакции «ИП», Вы можете подсказать авторам сайта темы для последующих публикаций, поделиться своими мыслями и наблюдениями. Сайт «Информ-прогулка» ценит своих читателей и прислушивается к их мнению. Заходите на http://inform-progulka.by/, читайте материалы, комментируйте их, смотрите фото и видео!

Copyright 2016. Все права защищены.

Яндекс.Метрика

Контакты

E-mail
progulka@brest.by
Адрес
ул. Фрунзе, 12, 225644, г.Лунинец, Брестская область, Республика Беларусь
Телефон/Факс
+375 1647 34509