Лунинец

Хочаце запусціць свой бізнес у вёсцы? Чытайце, як атрымаць для гэтага веды і фінансаванне

Многім для таго, каб увасобіць мару, неабходна падтрымка. Некаторым патрэбныя веды ці добрая парада, іншым – грошы, каб стартаваць.

Менавіта для гэтага і створаны бізнес-інкубатар у Камарове Мядзельскага раёна. У 2017 годзе тут пачала працу гэта вучэбна-практычная ўстанова па падтрымцы прадпрымальніцтва. Інкубатар садзейнічае развіццю бізнесу ў Мядзельскім, Астравецкім, Смаргонскім і Пастаўскім раёнах.

Як працуе бізнес-інкубатар

Установа дзейнічае ў межах праекта “Развіццё сельскіх тэрыторый у Рэспубліцы Беларусь: павышэнне ролі сельскага прадпрымальніцтва шляхам стварэння і запуску ў Камарове сельскага бізнес-інкубатара”. Гэты праект фінансуе Еўрапейскі саюз, суфінансуе Праграма малых грантаў Амбасады ЗША.

Увасабляюць праект у жыццё таварыствы “Экапартнёрства” і “Жанчыны за адраджэнне Нарачанскага краю”. Бюджэт праекта складае 588 тысяч еўра, 182 тысячы з якіх накіраваныя на падтрымку мясцовых прыватных ініцыятыў.

Ахвотныя павінны былі даслаць заяўкі ў Школу вясковага бізнесу, першы набор якой стартаваў у чэрвені 2017. Сярод іх выбіралі групу слухачоў. Іх запрашалі на некалькі трохдзённых сесій, дзе выкладчыкі вучылі бізнес-планаванню, маркетынгу, менеджменту, прававым асновам.

За першы год працы Школы вясковага бізнесу набралі чатыры групы слухачоў каля 15 чалавек. Сярод іх былі людзі розных прафесій і з розным досведам. Але ўсе яны вырашылі пачаць працаваць на сябе. 15 прыватных ініцыятыў падтрымалі за першы год працы праекта.

Акрамя навучання, удзельнікі могуць звяртацца ў бізнес-інкубатар па кансультацыі. Ім дапамагаюць вырашыць бухгалтарскія і прававыя пытанні, шукаць партнёраў і спосабы збыту.

Праект у Камарове высока ацанілі з боку Еўрапейскай камісіі. Але 800 тысяч еўра два гады не працуюць на развіццё вёскі

Якія праекты падтрымалі

У кожным з набораў абіралі ініцыятывы-пераможцы, якія фінансава падтрымалі.

У першым падтрымалі Людмілу Стучко з вёскі Тракелі Астравецкага раёна, якая займаецца паслугамі мадэльера-кансультанта па рэканструкцыі і абнаўленні жаночага і мужчынскага адзення. Вераніку Шчуроўскую з Залесся, якая займаецца вырабамі з элементамі камбінаванай вышыўкі. Аляксандру Чыжэўскую з Залесся, якая вырабляе драўляныя вокны. Святлану Сенькавец з Пастаўшчыны, якая перарабляе арганічнае зерне грэчкі ў крупы, фасуе іх і прадае. Астатнія маглі дапрацаваць свае праекты і выступіць на наступнай камісіі.

На другім Стартап Уікэндзе перамаглі чатыры слухачы другой школы.

Ігар Хвашчэўскі з Чухнаў Смаргонскага раёна вырабляе біягумус з утылізацыяй адходаў буйной рагатай жывёлы. Іван Мацюк стварае ў сядзібе “Паланэз” музей-трапезную для экскурсій, урачыстасцяў і майстар-класаў. Аляксандр Гатоўка ў Мядзельшчыне стварае безадходную ферму з уласнай вытворчасцю кармоў. Аляксандр Марозік з Астравецкага раёна стварае буйное сямейнае пчолагадоўчае прадпрыемства на базе сямейнай пасекі. Дзмітры Стралец з Нарачы стварае на базе будаўнічай кампаніі “Нарс” растворныя і бетонныя сумесі.

Сем’і Юліі і Алены Трыбулевых сталі пераможцамі сярод тых, хто змагаўся за асобны грант пасля дапрацоўкі. Падтрымалі іх праект па развіцці аграсядзібы “Чара” на Астравеччыне.

Смаргонец будзе разводзіць мух, астраўчанін – рабіць развіваючыя цацкі: у Камарове выбралі пяць бізнес-ініцыятыў ад мясовых прадпрымальнікаў.

“Хвалюецца кожны, хто хоча нечага дабіцца”

Пра тое, як дапамог бізнес-інкубатар развіць бізнес, “Рэгіянальнай газеце” распавяла Вераніка Шчуроўская з Залесся. Яна скончыла першы набор школы і атрымала фінансаванне свайго праекта па працы з вышыўкай.

Вераніка заўсёды жыла ў Залессі, цяпер гадуе тут 10-гадовую дачку, Маргарыту. Працавала дырэктарам Дома культуры, займалася вышыўкай як рамеснік.

Вышываць пачала яшчэ ў школе. Выйграла ў адным з конкурсаў, дзе ўзнагародай стала кніжка пра тое, як вышываць крыжыкам. Гэту кнігу і цяпер захоўвае дома, а тады яна стала пачаткам самага вялікага захаплення. Кнігу падарыла Валянціна Міхалкоўская, якая працавала завучам і сама выдатна вышывае. Яна і цяпер, хаця і на пенсіі, працуе ў залескай школе.

Вераніка пераважна вышывала абразы, карціны, магла аздобіць вышыўкай адзенне. Адзін з яе абразоў вісіць у смаргонскім саборы. Дачка Маргарыта вяжа кручком. Ніна, яе маці, – пруткамі.

Вераніка звычайна вышывае крыжыкам. Робіць вырабы з нацыянальным арнаментам, упрыгожвае торбы. Можа вышыць і гладдзю.

– Раней, калі не было інтэрнэта, было складана раздабыць схемы, – расказвае вышывальшчыца. – Шукалі ў часопісах, у знаёмых. Рабіла па ўжо гатовых схемах. Самастойна прыдумаць схему складана – трэба разумець, дзе які колер, дзе мяняецца. Цяпер жа ўсё проста. Загрузіў любую фатаграфію ў спецыяльную праграму на камп’ютары – і яна сама разбівае на крыжыкі. Падбірае, дзе якія ніткі. Толькі ідзі ў магазін і набывай.

Вераніка вельмі моцна чакала зімы – хоча нарэшце закончыць самую вялікую працу, карціну, якую вышывае тры гады. Яе памер метр на паўтара, і ўжо ёсць назва – “Сіла веры”. Гэта вельмі змрочная карціна, на якой чорнае мора, цёмна-фіялетавыя нябёсы – відаць, што здарыўся шторм, паўсюль абломкі карабля. У вадзе ўзвышаецца каменны крыж, а да яго цягнецца дзяўчына.

– Для гэтай карціны патрэбны асаблівы настрой. Калі мне кепска, тады і вышываю. Трэба больш цёмных зімовых вечароў, калі і спаць не ляжаш, і на вуліцу не выйдзеш – якраз каб вышываць.

Пра тое, што ў Камарове будзе Школа бізнесу, спачатку расказаў старшыня сельвыканкама Зінон Грышкевіч. А пасля сяброўка Аляксандра Чыжэўская, якая займаецца драўлянымі вокнамі, запрасіла паехаць разам.

Вераніка расказвае, што вучыцца было вельмі зручна. Яна на той час звольнілася з пасады дырэктара Дома культуры і мела свабодны час. Заняткі праходзілі ад пятніцы да нядзелі. Першы набор працаваў летам – добрае надвор’е толькі спрыяла вучобе. Заданні па бізнес-планаванні складанымі не былі – жанчына па адукацыі бухгалтар і эканаміст. Затое даведалася шмат новага.

– Выкладчыкаў падабралі вельмі кампетэнтных, – дзеліцца Шчуроўская. – Гэта быў першы набор, таму арганізатары вучыліся на нас, а мы ў іх. У першую чаргу не было складана, таму што кожны ведаў, што хоча атрымаць ад удзелу.

У верасні 2017-га слухачы атрымалі сертыфікаты аб заканчэнні школы, прэзентавалі праекты на Стартап Уікэндзе. Расказвае, што хвалявалася: “А як жа. Хвалюецца кожны, хто хоча нечага дабіцца”.

Якія бізнес-праекты жыхароў рэгіёна атрымліваюць фінансаванне

Ручная работа – на падарунак ці свята

Праект Веранікі падтрымалі на 5 000 еўра. На 4300 з іх жанчына набыла абсталяванне – прамысловую швейную машынку, авярлок, распашывальную машыну, бытавы авярлок, парагладзільную машыну, вышывальную машыну і манекены. На рэшту зрабіла сертыфікат на выраб нацельнага адзення – адзін з тавараў вышывальшчыцы – наборы на хрэсьбіны.

Жанчына стала індывідуальным прадпрымальнікам больш за год таму. Яна не толькі вышывае, але і шые – не дапрацоўвае чужую рэч. Лічыць, што трэба рабіць усё самой з нуля. Калі кліент хоча паліто з вышыўкай, яна сама пашые і паліто, і вышыўку.

– Цяпер складана ўсім прадпрымальнікам, – расказвае Вераніка. – Ручная праца заўсёды дарагая. А даходы ў людзей, асабліва на вёсцы, зусім не тыя, як хацелася б.

Таму звычайна ў яе заказваюць рэчы на святы. Адзін з хадавых тавараў – наборы на хрэсьбіны. Тут кашуля, пялюшка, мяшочак на локан і зубок. Поўны камплект каштуе 80 рублёў. Калі для кліента гэта вельмі дорага, то майстрыха прапануе набор з пялюшкі і кашулі за 50 рублёў. Наборы яна аздабляе вышыўкай, якая аберагае дзіця.

Вясельныя ручнікі з вышыўкай ручной работы – адметная рэч для маладых. Тут важна зрабіць правільныя па сэнсе арнаменты. Часам кліенты не вельмі ў іх разбіраюцца і прапануюць тое, што гэтаму канкрэтнаму чалавеку не падыходзіць па значэнні. Рукадзельніца тлумачыць сэнс і прапануе лепшы варыянт для кожнага канкрэтнага чалавека.

Некаторыя заказваюць незвычайныя торбачкі ў падарунак замежнікам. Ільняныя ці з іншага матэрыялу торбы з арнаментам даўгавечныя, экалагічныя і вельмі незвычайныя ў якасці падарунка. Вераніка просіць за іх каля 35 рублёў.

Дзякуючы ўдзелу ў праекце Вераніка Шчуроўская, як і многія іншыя ініцыятыўныя людзі, атрымала падтрымку для справы. Бізнес працуе і развіваецца, а яна можа зарабляць на занятку, які шчыра любіць.

Падрабязней пра праект чытайце тут.

О нас

На сайте «Информ-прогулка» публикуются свежие новости Лунинецкого района. Также здесь содержится информация о важных событиях, происходящих в других городах Полесья, Брестской области, и стране в целом. Прогноз погоды в Лунинце на сегодня, расписание движения поездов и автобусов, видео с последних праздников и мероприятий, прошедших в Лунинце, Микашевичах и районе – всё это и многое другое Вы найдёте на нашем сайте. Мы публикуем материалы, интересные для разных категорий населения, готовим интервью с представителями различных отделов Лунинецкого райисполкома, медиками Лунинецкой ЦРБ, а также представителями прочих служб. Позвонив по телефонам редакции «ИП», Вы можете подсказать авторам сайта темы для последующих публикаций, поделиться своими мыслями и наблюдениями. Сайт «Информ-прогулка» ценит своих читателей и прислушивается к их мнению. Заходите на http://inform-progulka.by/, читайте материалы, комментируйте их, смотрите фото и видео!

Copyright 2016. Все права защищены.

Яндекс.Метрика

Контакты

E-mail
progulka@brest.by
Адрес
ул. Фрунзе, 12, 225644, г.Лунинец, Брестская область, Республика Беларусь
Телефон/Факс
+375 1647 34509