«Няхай цяплом сагрэты будуць сэрцы»

— Ніна Уладзіміраўна, у цяперашні час няпроста быць настаўнікам: трэба мець жалезныя нервы і цярпенне…
— Бываюць цяжкасці і ў выхаваўчым, і ў адукацыйным плане, але дзеці заўсёды адносяцца з павагай да маіх заўваг. Шукаю падыход да кожнага вучня з характарам. І гэта ўдаецца. Яшчэ не такія гарэзы сталі ў мяне добрымі і адукаванымі людзьмі.
— А чаму вырашылі стаць настаўніцай?
— Нарадзілася ў вёсцы Запроссе. Тата амаль усё жыццё працаваў на трактары, мама — на ферме ў калгасе. Мне ж, вясковай дзяўчыне, хацелася выбіцца ў людзі. Сярэднюю школу скончыла ў Мікашэвічах. Паступіла на філалагічны факультэт Віцебскага пед-універсітэта…
— Ці строгая Вы?
— Не строгая, але ж патрабавальная. Хачу, каб на ўроку была дысцыпліна, каб добра рыхтаваліся да заняткаў, каб зналі ўсе правілы.
— Не магу не запытацца: як Вы аднесліся да той навіны, калі ў Запроссі закрылі школу?
— Для Запросся гэта быў адзіны райскі куточак. Школа знаходзілася ў цэнтры вёскі, каля яе было шмат прыгожых кветнікаў, а школьны званок гучаў так, што чуваць здалёк. Дзеткі шлі са школы, і было неяк радасна на сэрцы. А зараз заўсёды зачыненыя дзверы. Сумна і балюча, быццам вымерла вёска.
— Ведаю, што Вы пішаце вершы, не аднойчы друкаваліся ў нашай газеце…
— Кажуць, што вершы пішуць толькі закаханыя. Вось і я — закаханая ў працу, радзіму і родную мову. Час ад часу находзіць натхненне. Шмат вершаў прысвяціла сваім бацькам, адразу за тры месяцы страціла маму і тату, таму ў вершах выліўся ўвесь мой боль… Мае дочкі таксама захапляюцца паэзіяй, спрабуюць пісаць на беларускай мове. Яшчэ з’яўляюся кіраўніком школьнага гуртка “Паэтычны веснік”. Дзеці пішуць творы з вялікім задавальненнем.
— Што пажадаеце калегам?
— Няхай цяплом сагрэты будуць сэрцы, а ў сэрцах вечна хай цвітуць сады, здароўя і цярпення вам, калегі, і будзьце вы шчаслівымі заўжды!