Біяразнастайнасць Палесся пашыраецца

Сустрэча пачалася ў экалога-асветніцкім цэнтры. У ёй прынялі ўдзел прадстаўнікі праекта Антоніус Брук і Аляксей Арцюшэўскі, першы намеснік міністра Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Анатоль Ліс, старшыня райвыканкама Васіль Агіевіч, прадстаўнікі мясцовых зацікаўленых устаноў.
Дырэктар заказніка Васіль Мардухай распавёў пра біяразнастайнасць Прыпяцкага Палесся, расказаў пра развіццё экатурызму ў рамках названай праграмы. Зроблена ўжо нямала. Для турыстаў падрыхтаваны домік, месцы адпачынку, экалагічная сцяжынка “Па лазовай даліне”, водны маршрут да Мікашэвіч са стаянкамі і наведваннем вёсак Кажан-Гарадок, Лахва і Сінкевічы.
Затым удзельнікі мерапрыемства прайшліся па экасцяжынцы, азнаёміліся з біясферай, месцамі адпачынку, з вышкі палюбаваліся заліўнымі лугамі, магутнымі дубамі.
Значнай падзеяй стала зарыбленне Прыпяці сцерляддзю. Трохгадовую моладзь прывезлі з рыбгаса “Сялец”, што на Бярозаўшчыне. Трэба зазначыць, што сцерлядзь з’яўляецца адзіным відам сямейства асятровых на Беларусі і занесена ў Чырвоную кнігу. Выбраны ўчастак на Прыпяці мае невялікі міграцыённы шлях, забяспечаны кормам, ёсць месцы для нерасту і зімоўкі. Гэта толькі пачатак для наступнага, больш шырокага пашырэння новага віду рыбы ў мясцовых рэках.
Быў таксама праінспектаваны рэканструяваны польдэр “Ракітна”, работы на якім вяліся згодна з праектам ПРААН/ГЭФ.