Памяць не знікае…
23 октября 2010, 17:50

Памяць не знікае…

Па добрай традыцыі кожны кастрычнік у Мікашэвіцкай гімназіі адбываецца літаратурная вечарына памяці вядомага беларускага паэта і празаіка Уладзіслава Нядзведскага (1929-73).
Поделиться

Нагадаем, што гімназія носіць імя гэтага слыннага земляка, які пасля вайны, страціўшы ў час карнай фашысцкай аперацыі бацькоў, рос і гадаваўся ў Мікашэвіцкім дзетдоме, пазней прысвяціў Мікашэвічам шэраг вершаў, аповесць “Хлопцы з другога корпуса”.

Штогод гасцямі гімназіі становяцца славутыя беларускія творцы, многія з якіх ведалі Ул.Нядзведскага аса-біста. Тут у розны час пабывалі Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін, Сяргей Законнікаў, Анатоль Вярцінскі, Ніна Мацяш, Вольга Іпатава, Віктар Казько, Віктар Карамазаў, Леанід Дранько-Майсюк, Эдуард Акулін, Уладзімір Мароз, Анатоль Зэкаў, Васіль Зуёнак, Уладзімір Мацвеенка і інш. Сёлета ж, дзякуючы намаганням Людмілы Васільеўны Несцяровіч, бібліятэчнага і выдавецкага работніка з Мінска, у Мікашэвічы завіталі Васіль Жуковіч і Георгій Ліхтаровіч.

Напачатку гасцей цёпла віталі вучні і педагогі СШ №1 г.Мікашэвічы. За арганізацыю вечарыны сталічныя літаратары ўдзячныя калектыву школы на чале з А.С. Арашкевічам.

А ў гімназіі тым часам перад старшакласнікамі выступілі лунінецкія літаратары — Сцяпан Нефідовіч прачытаў краязнаўчую лекцыю, Віктар Філатаў — свае вершы… А потым настала чарга галоўнай урачыстасці.

Пра жыццёвы і творчы шлях Ул.Нядзведскага нагадалі вядучыя вечарыны Ганна Санюковіч і Раман Ясеня (11 клас). Вершы паэта прачыталі 7-класнікі Леанід Арыновіч, Артур Гушча, Дзяніс Падамацкі і Дзмітрый Астапец, 8-класніца Настасся Крывулец. Песню на словы Нядзведскага выканалі Іван Рэнкас (9 клас) і Ігар Паўловіч (11 клас).

Дырэктар гімназіі Сяргей Пятровіч Высоцкі абвясціў імёны сёлетніх лаўрэатаў творчага конкурсу імя Нядзведскага. Прэміі сёлета не прысуждаліся, а дыпломамі “за поспехі ў галіне паэзіі” адзначаны 6-класнік Даніл Гарбарчук, 8-класніцы Лізавета Фіцнер і Аляксандра Пракаповіч. Можна меркаваць, што ўзнагароды стануць для вучняў добрым стымулам. Дыпломы ўручылі сталічныя госці, пасля чаго настала чарга для іх выступаў.

Васіль Аляксеевіч Жуковіч — вядомы беларускі паэт, у тым ліку аўтар тэкстаў шматлікіх песень (у час вечарыны прэзентаваліся, апрача кніг, яго дыскі “Імклівая рака” і — для дзяцей — “Не бывае неба лепшага”). Нарадзіўся В.Жуковіч у 1939 годзе на Камянеччыне, скончыў Брэсцкі педінстытут, працаваў у шэрагу газет, на тэлебачанні, у мінскіх выдавецтвах. Сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў з 1977 года. Аўтар дзесяткаў паэтычных кніг, сярод якіх “Паклон”, “Мелодыя святла”, “Суседства”, “Казачны сад”, “Крылатыя сябры”, “Цана цішыні”, “Твая місія”, “Разняволенне”, “Гуканне вясны”, “Цудоўная краіна”, “Свет — дзівосны”, “У храме хараства і смутку”, “Кахання радасці й пакуты” і інш. А ёсць жа яшчэ шэраг кніг для дзяцей, празаічныя творы, пераклады з украінскай, рускай, польскай, грузінскай ды іншых моваў. Вершы Васіля Жуковіча ўключаны ў школьную праграму. Дададзім, што Васіль Аляксеевіч шмат гадоў аддае даніну шахматам, аўтар шэрагу задач, неаднаразовы прызёр чэмпіянатаў Саюза пісьменнікаў. У 2006 годзе В.Жуковіч выступаў перад чытачамі ў Лунінцы, а ўвогуле з лунінецкімі літаратарамі з клуба “Муза” яго звязвае шматгадовае сяброўства, вельмі станоўчы водгук ён даў пра нашу газету, якую рэгулярна чытае.

Георгій Леанардавіч Ліхтаровіч (нарадзіўся ў 1947 годзе) ў маі гэтага года выступаў на Лунінеччыне перад вучнямі і педагогамі, аб чым тады ж паведамляла “ИП”. Нагадаем, што гэта вядомы фотамастак, аўтар шматлікіх альбомаў аб культуры, прыродзе, гісторыі Беларусі (напэўна, кожны з нас бачыў яго альбом пра Брэсцкую крэпасць). Пазней прыйшоў да паэтычнай творчасці, сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў, аўтар некалькіх кніг і дыскаў з песнямі. У час вечарыны прэзентаваліся яго кніга “Ліхтарыкі” і дыск з песнямі ў выкананні Барыса і Галіны Вайханскіх.

Прысутныя маглі набыць мастацкую і вучэбную літаратуру, узяць у творцаў аўтографы, чым і скарысталіся. Людміла Несцяровіч правяла сярод вучняў віктарыну з прызамі. Гасцям былі ўручаны падарункі ад гімназіі, а таксама новыя выданні клуба “Муза” і свежыя асобнікі лунінецкіх недзяржаўных газет.

Госці ўдзячныя за гасцінны прыём калектыву гіммназіі, найперш дырэктару Сяргею Пятровічу Высоцкаму, яго намеснікам Святлане Мікалаеўне Макарэвіч і Сяргею Анатольевічу Іванову, бібліятэкару Марыі Андрэеўне Клеўжыц.

А закончыць хочацца вось на якой ноце. Вельмі добра, што імя Уладзіслава Нядзведскага ўшанавана ў Мікашэвічах у назве гімназіі, мемарыяльнай дошцы на ёй, у назвах вуліцы і завулка ў новым мікрараёне. Але паэт варты і таго, каб у горадзе быў пастаўлены помнік яму. З такой ініцыятывай да гарадскіх, раённых і абласных інстанцый ужо не аднойчы звяртаўся калектыў гімназіі. Думаецца, станоўчае вырашэнне гэтага пытання ўзбагаціла б культурны ландшафт нашага краю, спрыяла б яго адметнасці ў вачах гасцей з іншых мясцін Беларусі.