Сем — лічба шчаслівая
05 ноября 2010, 08:00

Сем — лічба шчаслівая

На днях адбыліся сёмыя Лунінецкія краязнаўчыя чытанні.
Поделиться

Нагадаем, што першыя пяць чытанняў праходзілі ў 2001-2005 гадах, а летась традыцыя была адноўлена ў час арганізаванай аддзелам культуры канферэнцыі да юбілею Лунінца. Сёлета арганізатары (творчы клуб “Муза” ГДК, раённы музей і цэнтральная бібліятэка ад-дзела культуры, аддзел па справах моладзі райвыканкама) абралі тэмай чытанняў ролю краязнаўства ў патрыятычным і маральным выхаванні моладзі. Апрача краязнаўцаў, удзел у сустрэчы прынялі педагогі і культработнікі.

Прысутных вітала ва ўступным слове дырэктар музея Ганна Пакіна. Літаратар і краязнавец з в.Любань Сцяпан Паўлавіч Нефідовіч распавёў аб накірунках сваёй працы па вывучэнню фальклору, тапанімікі, літаратурнай гісторыі Лунінеччыны. Васіль Мікалаевіч Туміловіч спыніўся на ролі архіўных даследаванняў, іншамоўных крыніц і  фотадакументаў пры вывучэнні гісторыі нашых вёсак і ўсяго рэгіёна. Іван Аляксеевіч Панасюк закрануў тэму сучасных тэхналогій пры падрыхтоўцы краязнаўчых прац і магчымасці Інтэрнету для папулярызацыі нашых здабыткаў. Асноўную ж ўвагу ён засяродзіў на неабходнасці каардынацыі на ўзроўні мясцовых ўладаў краязнаўчай дзейнасці, да якой павінны быць прыцягнуты ўсе навучальныя і культурныя ўстановы раёна, найперш вясковыя. Назапашаныя імі матэрыялы неабходна звесці ў агульны летапіс прыроды, гісторыі і культуры Лунінеччыны, які мог бы складацца з некалькіх тэматычных кніг. Кіраўнікі краязнаўчых гурткоў Алена Нямчэня (Мікашэ-віцкая гімназія) і Алена Ціхамірава (ЦДТ і палітэхнічны каледж) распавялі аб сваёй працы з навучэнцамі над вывучэннем роднай гісторыі. Супрацоўнікі цэнтральнай бібліятэкі Таццяна Карпуковіч і Лілія Плаўсюк паведамілі аб новых выданнях, звязаных з нашым рэгіёнам. Дарэчы, сама бібліятэка таксама выпускае брашуры краязнаўчага накірунку. Меркаваннямі па-дзяліліся з удзельнікамі чытанняў таксама Віктар Філатаў і Вадзім Жылко. Усе сышліся на думцы, што без павагі да сваёй гісторыі не можа быць паўнавартаснага чалавека і грамадзяніна і гэта трэба абавязкова ўлічваць пры працы з моладдзю. Былі абмеркаваныя таксама некаторыя канкрэтныя праекты супрацоўніцтва.