Паляванне па новых правілах

Паляванне па новых правілах

10 ноября 2010, 19:17
1300
З 13 лістапада, у адпаведнасці з Указам кіраўніка дзяржавы  № 386 ад 23 ліпеня, уступае ў сілу новая рэдакцыя Правілаў. З асноўнымі зменамі ў іх сёння  дапаможа кансультант аддзела паляўнічай гаспадаркі Міністэрства лясной гаспадаркі Віктар КАРОГВІЧ.

На дзіка — круглы год

Сёння папуляцыя дзіка налічвае каля 63,8 тысячы галоў. Такім чынам, з 1 мая па 30 верасня на дзікоў можна будзе паляваць з засады і з падыходу, з 1 кастрычніка па 30 снежня — загонам і з сабакамі, з 1 студзеня па 30 красавіка — толькі з засады і з вышак. Дзікі падзелены на дзве катэгорыі: дарослых і маладняк да 2 год. Апошняга, прычым любога полу, і можна будзе здабываць амаль на працягу ўсяго года.

І бабра «ўтаймаваць»

Шэраг аб’ектыўных фактараў прывёў да істотнага павялічэння папуляцыі бабра. Зараз у краіне налічваецца 62,3 тысячы асо-бінаў. У апошні час раслі страты ад яго дзейнасці. Цяпер здабываць бабра можна будзе з 1 верасня па 1 сакавіка наступнага года. У тым ліку з 1 лютага па 1 сакавіка — бяззброевым спосабам: з дапамогай пастак, сачкоў, капканаў, паляўнічых сабак. Дакументы на здабычу будзе атрымліваць сам паляўнічы.

Такія ж тэрміны палявання, як і на бабра, будуць дзейнічаць у дачыненні здабычы рачной выдры. У краіне, дарэчы, яе налічваецца 5,1 тысячы асобінаў.

Тэрміны палявання зменяцца

Цяпер веснавое паляванне на качак будзе дазволена толькі на качара і крыжанку. Прычым, толькі з засады, з выкарыстаннем падсадной качкі, чучала або вабіка. Падобным чынам можна будзе надалей паляваць і на гусей.

Тэрміны веснавога палявання на глушцоў і цецерукоў зменшацца на 10 дзён: калі дагэтуль птушку можна было здабываць з 20 сакавіка па 10 мая, дык паводле новай рэдакцыі Правілаў — з 20 сакавіка па 30 красавіка (па-ранейшаму з 3 да 9 гадзін). Падчас асенняга сезона палявання здабываць цецерукоў можна будзе з 1 жніўня па 30 лістапада ў светлы час сутак.

Тэрміны пачатку летне-асенняга палявання на вадаплаўную і балотную дзічыну былі перанесены з першай суботы жніўня на другую. Тэрмін заканчэння гэтага сезона пакінуты без змен — другая нядзеля снежня (паляваць можна ў светлы час сутак). А паляванне канкрэтна на гусей перанесена ўвогуле на трэці тыдзень верасня — каб захаваць папуляцыю.

А вось тэрміны асенне-зімовага палявання на ўсе віды капытных зброевым спосабам, у тым ліку і з паляўнічымі сабакамі, з загонам, з засады, з падыходу, наадварот, павялічаны на 15 дзён: з 1 кастрычніка па 30 снежня (дагэтуль было да 15 снежня).

Вальеры, лук, арбалет

Вальернае паляванне. Плошча такой агароджанай тэрыторыі, дзе будуць утрымлівацца капытныя жывёлы, павінна быць не меншай за 100 га. Уладальнікам такіх вальераў можа быць толькі юрыдычная асоба. Права ўстанаўліваць тэрміны палявання будзе мець уладальнік.

У паляўнічых вальерах можна будзе выкарыстоўваць лукі і арбалеты — таксама новы від палявання. Гэтыя прылады палявання павінны адпавядаць вызначаным тэхнічным патрабаванням. Так, лук павінен утрымлівацца, нацягвацца і спускацца для стрэлу пры дапамозе мускульнай сілы чалавека і мець сілу нацягвання не менш за 18 кг (або 40 фунтаў). Сіла нацягвання выражаецца ў колькасці кілаграмаў (фунтаў), неабходных для нацягвання стралы даўжынёй 71 см (28 дзюймаў). Сіла нацягвання маркіруецца на луку фірмай-вытворцам.

Арбалет павінен мець сілу нацягвання да фіксавання цецівы не менш за 45 кг. Страла для лука павінна быць не менш за 61 см (24 дзюймы), для арбалета яна не лімітуецца. Дадзены і  вызначэнні, якім павінен быць наканечнік стралы. Менавіта ў вальерах можна будзе здабываць еўрапейскую лань і плямістага аленя.

Мядзведзі і рысі ў бяспецы

Дазволена паляванне з лоўчымі птушкамі. Да іх залічаны беркут, ястраб-цецеравятнік, ястраб-перапялятнік, сапсан, балабан, крэчат. А вось буры мядзведзь і рысь — абодва «чырвонакніжнікі» — у патэнцыяльны спіс паляўнічых трафеяў так і не трапілі. Мядзведзяў, паводле апошняга «ляснога перапісу», у Беларусі налічваецца 124 асобіны, а рысяў маецца 660 асобін.

Паляваць на амерыканскую норку можна будзе пачынаць раней — з 1 кастрыч-ніка і па 31 снежня ў светлы час сутак.

Новая рэдакцыя Правілаў прадугледжвае магчымасць арэнды зброі непасрэдна ў паляўнічых гаспадарках.

Друкуецца ў скарачэнні.