Сцежкамі Макаёнка

Сцежкамі Макаёнка

17 ноября 2010, 21:00
Автор:
1297
На мінулым тыдні літаратурная грамадскасць адзначыла 90-годдзе з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі драматурга Андрэя Макаёнка.

Андрэй Ягоравіч часта бываў і некаторы час жыў на Лунінеччыне, у вёсцы Любань. Яго цесна звязвала дружба з сябрам дзяцінства Уладзімірам Афанасьевічам Сцепчанкам. У 1950-70-х гадах Сцепчанка ўзначальваў калгас “Новае Палессе”, вывеў гаспадарку ў перадавыя ў вобласці, эканамічна ўмацаваў яе і ўзняў вёску Любань на высокі культурны ўзровень.

Андрэем Макаёнкам напісана больш за дзесятак значных драм, камедый, трагікамедый. Некаторыя з іх, а іменна “Лявоніха на арбіце” і “Трыбунал”, былі пастаўлены артыстамі Мінскага тэатра імя Янкі Купалы на сцэне Любанскага СДК. Больш за тое, на аснове мясцовых фактаў пісьменнікам была напісана камедыя-рэпартаж “Таблетку пад язык”, дзе галоўным героем з’яўляецца Уладзімір Каравай, чыім прататыпам быў Сцепчанка. У 1978 годзе п’еса ставілася ў Любанскім ДК.

У памяць аб пісьменніку ў вясковым парку шумяць пасаджаныя ім дрэвы, а на будынку СДК адкрыта мемарыяльная дошка.

У юбілейны Макаёнкаў дзень нараджэння тут прайшла літаратурная канферэнцыя. Прысутных, вучняў старэйшых класаў Любанскай СШ, з біяграфіяй пісьменніка азнаёмілі дырэктар Дома культуры Наталля Кіпцэвіч і бібліятэкар Кацярына Рудзько, а літаратар Сцяпан Нефідовіч расказаў пра жыццё Макаёнка ў Любані. Была прадстаўлена новая праца краязнаўца “Іх яднала дружба”.