Няўдалы набег

Няўдалы набег

З аповеду Дар`і Вароніч, жыхаркі в.Ракітна Здарылася гэта ў вайну, калі немцаў пагналі на захад. Мужчын маладых пабралі ў армію, а ў сяле засталіся толькі старыя ды падлеткі. Праўда, мой бацька застаўся дома, бо працаваў на чыгунцы.

Сям`я была вялікая: пяцёра дзяцей. Мне к таму часу было ўжо гадоў дванаццаць, і я працавала амаль як дарослая.

Была беднасць, нястача, і рашылі бацькі наняцца пасвіць авечак. А авечкі — гэта не каровы, яны не ўмеюць аддзяляцца і бегчы ў свой двор, яны скопам усе ляцяць ў адно месца. Таму яны стаялі ў нас ў хляве. А хлеў быў доўгі, хапала месца і каню, і карове, і цялушцы, і парасятку.

Справа была вясной. Заганялі мы авечак ў хлеў і замыкалі з сярэдзіны. Пад самай столлю быў прарэзаны праём. Я замыкала авечак, а сама вылазіла праз той праём.

Было голадна, хапала злодзеяў, таму бацька кожную ноч сцярог авечак, паслаўшы сабе на возе, які стаяў пасярод хлявоў. Замыкаеш усе хлявы, замыкаешся і там, дзе воз.

І чуе аднойчы ноччу бацька, што хтосьці пастуквае і шкрабае па сцяне. Авечкі затрывожыліся, а гаспадар баіцца выйсці на двор: ці мала што, могуць і па галаве трэснуць якім калом. Ён стаў крычаць: «Ідзі адсюль, бо я цябе скалю! Людзі на вайне гінуць, дома сіроты, а ты прыйшоў красці ў іх апошняе!» Шолах сціх.

На другую ноч тая ж самая карціна: стук, шорганне аб сцяну і злая лаянка бацькі. А на трэцюю ноч «злодзей» ужо не стукаў, а зрабіў падкоп пад сцяной і залез ў аўчарню. Бедныя авечкі, яны, напэўна, паміралі са страху, калі ён ганяў іх па хляве.

Бацька выйшаў, убачыў падкоп, засыпаў яго. Узяў вілкі і пайшоў у хлеў. А ў воўка вочы свецяцца, яго бачна. Ён быццам нейкі хворы быў: наскочыць на авечку, поўзае па ёй, а схапіць яе за шкірку і валачы ў дзірку — не падужае. А тут чалавек з вілкамі. Воўк кінуўся да падкопу, а там засыпана. Тады ён падскочыў і праз праём шугнуў у наступны хлеў. Там стаяў воз. Воўк праз праём далей, а там стаяў конь. Як стаў той конь біць заднімі нагамі, то бацька спужаўся, што выб`е дзверы і воўк ўцячэ.

Воўк ад каня дабег да каровы, потым да цялушкі, а там (гэты была апошняя сцяна) праёму ўжо не было, і воўк стаў падскокваць і лупіць галавою ў столю ў надзеі прабіць яе. Знямогся, сеў і глядзіць на бацьку, а ў таго былі сенныя вілкі — з двума доўгімі рагамі.

Бацька кінуўся хутчэй ў хату, загадаў дзецям паклікаць двух суседніх дзядоў. Аднаму даў ліхтар (яркі, чыгуначны), а другому вілкі. Адзін хай свеціць, а другі хай коле, як будзе воўк уцякаць. А сам пайшоў у хлеў і вілкамі садануў у воўка. Той хапнуўся зубамі за вілы, але за само жалеза і не змог вырваць з чалавечых рук. Калі б ён цапнуў зубамі за драўляны дзяржак, то хто ведае, як бы закруціліся падзеі далей. Бацька вілы вырваў і зноў з усёй сілы садануў воўку ў жывот. Той стаў як бы наколаты на вострыя калы. Бацька клікнуў дзядоў, вывалаклі драпежніка з хлява. (Каня выпусцілі, той лётаў па агародзе без памяці).

Прыціснулі ваўку галаву да зямлі, прынеслі сякеру і сталі дабіваць…

Калі ўсё было скончана, аказалася, што гэта ваўчыха. Нават малако з саскоў выдойвалася.

Пайшоў бацька на работу, расказаў, што ўпаляваў воўка. Нехта параіў, як трэба зняць скуру. Бацька зрабіў усё правільна, скуру напхаў сенам, каб добра сушылася. А астанкі ваўчыхі закапаў у дальнім кутку агарода пад хвойкамі.

У гэты дзень уся вёска перабывала ў нас на двары — здзіўляліся такой мацёрай ваўчыцы і такой нагодзе.

Бацька атрымаў па тых часах добрую прэмію — мяшок солі і 60 рублёў. Праўда, конь, як убачыць чучала воўка, то ніякай сілай яго з хлява не выведзеш. Таму ад яго чучала хавалі дзе-небудзь убаку.

І вось тут пачалося такое, што страшна й расказваць.

Мо праз тры ночы воўк прывёў ваўчанят, пагроб лапай, дзе ваўчыха падкапалася і папала ў смяртэльную засаду, а затым раскапаў магілу маці поўнасцю і паказаў дзецям, што засталося ад яе. Мабыць, вучыў нянавісці. І вось кожную ноч ён стаў прыводзіць ваўчанят на двор, каб адпомсціць, калі хто выйдзе з хаты. Страх быў да таго вялікі, што не стала ніякага жыцця. Толькі пацямнее — яны ўжо тут. Бацька пракляў сябе за такую здабычу: каб ведаў, адпусціў бы ваўчыху, чорт з ёю. А то і глядзі, дзіця схопяць. Выйдзе бацька на двор — воўк не ўцякае.

Прайшло лета, ваўчаняты падраслі, і вывадак стаў зусім нахабным. Сталі ваўкі «вартаваць» пад самым парогам. І так мучыліся мы да зімы. Яшчэ і на Каляды каляднікі бачылі, як ішоў па нашым двары малы воўк, а за ім вялікі. А затым нарэшце, дзякуй Богу, драпежнікі адчапіліся, і наша сям`я стала паціхоньку вяртацца да жыцця.

Последние новости