З думай аб будучыні

З думай аб будучыні

26 ноября 2010, 08:00
962
Да 80-годдзя Ул.Караткевіча Быў. Ёсць. Буду. Уладзімір Караткевіч

Ён вырас у сям’і патомных інтэлігентаў. Маці была настаўніцай, бацька — работнік фінансавых органаў. Вялікі ўплыў на будучага пісьменніка зрабіў у дзяцінстве дзядуля — бацька яго маці (прататып старога Вежы-Загорскага з рамана “Каласы пад сярпом тваім”). Старэйшы брат Валерый (1918-41) загінуў на вайне. Ужо ў раннім дзяцінстве выявіліся рознабаковыя таленты Уладзіміра. У тры з паловай гады ён самастойна навучыўся чытаць. У шэсць гадоў пачаў пісаць вершы і апавяданні, абавязкова іх ілюструючы.

Вайна застала хлопчыка ў Магілёве, дзе вучылася сястра. Трапіў спачатку на Разаншчыну, потым на Урал. Некалькі разоў уцякаў з інтэрната на фронт. З вялікімі цяжкасцямі дабраўся да бацькоў у Арэнбург. Потым трапіў у вызвалены Кіеў, дзе жыў у цёткі. У 1944 годзе разам з бацькамі вярнуўся ў родную Оршу. У школьным рукапісным часопісе “Званочак” з’явіліся ягоныя вершы, а таксама прыгодніцкая аповесць “Загадка Неферціці”. У 1949-54 гг. вучыўся на філалагічным факультэце Кіеўскага ўніверсітэта. Тады ж свае раннія творы даслаў Якубу Коласу.

Універсітэт скончыў з адзнакай, здаў кандыдацкі мінімум і пачаў пісаць дысертацыю пра паўстанне 1863 г. У 1954-56 гг. працаваў настаўнікам на Кіеўшчыне. Потым пераехаў у Оршу, дзе ў 1956-58 гг. настаўнічаў. Скончыў вышэйшыя літаратурныя, а потым сцэнарныя курсы ў Маскве. З 1963 года жыў у Мінску. Быў нястомным вандроўнікам. Два разы быў у Польшчы, тройчы — у Чэхаславакіі, шмат вандраваў па Беларусі. Узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў.

Галоўная тэма творчасці У. Караткевіча — гістарычная. У сваіх самых вядомых творах, якія сталі класічнымі, ён асу-джаў сацыяльны прыгнёт, тыранію, уціск і дэспатызм, адначасова ставіў пытанні аб прызначэнні чалавека, сутнасці яго жыцця. Тэматыка вельмі небяспечная ў той час. Так, у 1963 годзе павінна была выйсці кніга Караткевіча, якая ўключала ў сябе раман “Нельга забыць” і аповесць “Дзікае паляванне караля Стаха”, але ў апошні момант яна была забаронена для выдання. Гэтыя творы ў кніжным выглядзе пабачылі свет толькі праз 20 гадоў. І адразу сталі бестсэлерамі, нават у замежжы. Чытачоў вельмі прывабілі інтэлектуальныя і духоўныя пошукі аўтара і яго герояў, але менавіта гэта непакоіла савецкае кіраўніцтва. Нацыянальная беларуская ідэя, якую закрануў пісьменнік у сваёй творчасці, была пад забаронай. А без яе, як лічыў Уладзімір Сямёнавіч, нацыя не можа вызначыць свае базавыя каштоўнасці, сама-ідэнтыфікавацца, над ёю заўсёды будзе ўладарыць якое-небудзь “дзікае паляванне” —  без свабоднага развіцця асобы, без галоснасці, без права выбару, без абароны чалавечых правоў… Беларусы шмат стагоддзяў як нацыя былі пры-ніжаныя, існавалі ў рэжыме амаль выключна фізічнага выжывання. Гэта істотна адбілася на псіхалагічным стане абсалютнай большасці з іх. Разумным стала лічыцца тое, што садзейнічае выжыванню, а агульначалавечыя і хрысціянскія каштоўнасці абясцэніліся. І гэта вельмі трывожыла пісьменніка.

Ён імкнуўся паказаць, што беларусы — старажытны і годны народ з багатай і, на жаль, трагічнай гісторыяй, разнастайнымі культурнымі і гуманістычнымі традыцыямі. І ў першую чаргу трэба ўзнаўляць самасвядомасць беларусаў, пазбаўляцца заганнай рабскай псіхалогіі, каб нарэшце ўліцца ў шэрагі цывілізаваных народаў свету, як аб тым марылі лепшыя беларускія сыны. У творах Караткевіча з’явіліся постаці, якія выяўляюць дух Беларусі, нязломны і непераможны народны характар, жыццё паказана ва ўсіх яго складанасцях і супярэчнасцях, але заўсёды сцвярджаецца думка аб непераможнасці дабра і чалавечнасці, бо інакш само жыццё губляе свой галоўны сэнс.

Творчасць У.С.Караткевіча з цягам часу не толькі не старэе, а, наадварот, становіцца ўсё больш актуальнай і надзённай. Яна павінна стаць адной з асноў таго падмурку, на якім вырасце самасвядомасць новых пакаленняў беларусаў.