Галоўнае — наперад!

Галоўнае — наперад!

03 декабря 2010, 08:00
683
Абапершыся адным бокам на трухлявыя драўляныя варотцы, жанчына глядзела ў левы бок. Адтуль, з гораду, павінны былі прыехаць пакупнікі.

Ішоў дробны дождж, дзьмуў халодны пранізлівы вецер. Веры здавалася, што зараз ён, гэты вятрыска, вынесе ўсё жывое, што ёсць унутры. З сумам і шкадаваннем жанчына пагля-дзела на пакуль яшчэ сваю хаціну. Тая нібы нямым суровым дакорам адказала на позірк. У сэрцы нешта скалынулася. Каб неяк аправіцца, Вера накіравалася ў хату, стараючыся не глядзець на будыніну. Дванаццаць гадоў пражыла яна тут. Для каго мала, але для яе — гэта самае запамінальнае, нават сакральнае, што было ў жыцці. Тады, калі яна толькі пераехала сюды з мужам, здавалася, што тут і сустрэне сваю старасць. Ажно не, лёс дыктуе іншае.

Мінулае балючай хваляй зашумела ў галаве. Тут яна нарадзіла сына. Тут ён рабіў свае першая крокі. Далей — дзіцячы садок, школа. Глядзелі толькі са Сцяпанам, мужам, ды наглядзецца не маглі… Тут адчула сапраўдную цеплыню, пяшчоту, як душэўную, так і фізічную. Тут спазнала і расчараванне.

Вера ступіла на ганак. У вочы кінуліся сухія счарнелыя былінкі рамонку, што раслі поруч. Гаспадыня нахілілася, узяла ў руку былінку, паднесла да носа. Непрыемны сыры водар нагадаў пра восень. Жанчына ўвайшла ў хату, спынілася ў пярэднім пакоі, пагладзіла рукою старыя пажоўклыя шпалеры. Успомніла, як клеіла іх калісьці разам з мужам, калі толькі сюды перабраліся. Зірнула ў правы вугал. Там, бліжэй да дзвярэй, Андрэйка, калі быў маленькі, адлупіў кавалак, але не знайшлося чым заклеіць. Тады яны знаходліва паставілі ў кут тумбачку, якая прастаяла там, пакуль не вывезлі мэблю.

Вера нахілілася, з цікавасцю дакранулася да папярэдняга слою шпалераў. Ён быў амаль не крануты. Успомнілася былая гаспадыня гэтай хаціны.

Валянціна тады працавала даяркаю ў калгасе. Прычым, не ад безвыходнасці, а хутчэй па ўласным жаданні. Проста любіла жывёлу. Вучыцца пасля школы пайшла ў ветэрынарнае. Скончыла. Але ў вёсцы, дзе вырасла, не было вольнага месца, не знайшлося вакансіі і ў вёсцы, куды пайшла замуж. Затое там патрэбныя былі даяркі, вось і ўладкавалася. За пяць гадоў плённай працы жанчына выбілася ў перадавікі, заваявала павагу, давер сярод новых аднавяскоўцаў. Спрабавала цягнуць за сабой мужа, але той не гнаўся за гераіняй-жонкай, ціхенька перабег на другі канец вёскі да маладой удавы. Відаць, з-за адданасці працы Валя і не заўважыла, што другі, сямейны, фронт здаў свае пазіцыі. Азірнулася толькі, калі ў шафе не стала мужавых рэчаў. Горш за ўсё было тое, што ў яе нават падазрэння не было наконт нявернасці, хаця, як высветлілася потым, стасункі мужа і той жанчыны доўжыліся амаль год. Хацела вярнуць мужа, ды той адказаў, што з новай жонкай яму ўтульней, а хата і нажытае яму непатрэбны. Навошта яно яму, калі ў новай жонкі такія харомы?!

Не ведаючы, куды падзець сябе ад крыўды, жанчына яшчэ больш кінулася ў працу. Яна яе супакойвала, давала надзею і сілы на будучае.

— Жывёлы не людзі — у душу не нагадзяць, — гаварыла яна Веры. — Кароўкі не суседкі: не абсмяюць і мужа не скрадуць, выслухаюць, толькі мыкнуць калі-некалі.

З цягам часу рана ад здрады каханага чалавека не загойвалася. Балюча было глядзець на сцены, дзе, як здавалася Валянціне, жыло сапраўднае каханне. Вярэдзіў душу двор: лаўка пад хатай, пасаджаныя дрэўцы, калодзежны журавель — усё нагадвала пра мужа. Дайшло да таго, што жанчына баялася схадзіць нават у краму, каб дзе ненарокам не сустрэць Андрэя ці яго новую жонку. Бо калі гэта здаралася, у грудзях усё сціналася, сэрца калацілася з такой сілай, што, здавалася, зараз выпрыгне, пабяжыць на другі бок вуліцы, абы толькі не бачыць іх, не варушыць былое.

Але самым горшым і балючым было тое, што тая, лепшая, зараз народзіць дзіця, а ў яе, Валі, за колькі гадоў нічога не атрымалася. Разумела яна, што мінулае зацягвае яе хуткім вірам, не дае не тое што жыць, нават дыхаць не з’яўляецца магчымым. Ажно на самагубства адважылася, няўдалае, праўда. Праляжала потым месяц у лякарні, а калі выпісалася, пад’ехаў старшыня і даў паперку з адрасам. Сказаў, што ў суседнім раёне, дзе працуе яго сябра, ёсць вакансія заатэхніка, з жыллём дапамогуць.

Рэчы былі складзены, Валя сядзела на ганку, чакала машыну. Трэба было ехаць. У хваляванні жанчына спрабавала аналізаваць былыя памылкі, але нічога не атрымоўвалася. З непаразуменнем паглядзела на будыніну. Заўсёды лічыла, што тут, у гэтым доме, павінна жыць каханне, прычым, узаемнае. Але недацяміла, чаму ў яе атрымалася інакш.

З дарогі пачуўся роўны бег ровара. Тут жа зарыпела брамка. Валя зразумела, што гэта прыехала Вера, каб забраць ключы. Яшчэ два тыдні таму маладая сямейная пара разлічылася за кватэру, цяпер Вера з мужам чакалі, калі з’едзе былая гаспадыня.

Нясмелай хадою Вера падышла да Валі. Села побач. Ціхенька павіталася. Ёй не хацелася парушаць задуменны настрой жанчыны. Відаць, ёй цяжка было развітвацца са звыклым жыццём.

“Каб была мужчынам, дык хоць бы закурыла, а то, як нямыя”, — падумала пра сябе Вера.

— Сабраліся? — ціха, але ўжо ў голас, сказала яна.

— Так, — пачула ў адказ. — Не пашанцавала мне тут, — працягвала Валя, — але не бяры дурнога ў галаву, жывіце добра ды кахайце адзін аднаго. Шпалеры ў хаце пераклейце, падлогу пафарбуйце — навошта вам сведкі майго няшчасця?!

— Разбярэмся, — прашаптала Вера.

Хвілін з пяць абедзве маўчалі. Першай не вытрымала Валя. Каб неяк падбадзёрыць сябе і пакупніцу, пачала распавядаць пра свой пераезд сюды, у гэтую хату.

— Першыя два гады свайго замужжа пражыла са свякроўю. Але праз яе складаны характар не ўседзела ў тым доме, нават мужа гатова была кінуць, абы толькі ўцячы з таго пекла. Каб не праца, дык пэўна б вярнулася ў бацькоўскую хату. Спрабавала мужа падбухторыць, каб дзе якую хатку купіць, ды таму хоць кол на галаве чашы, а супраць маці не папрэцца. Добра, што хата гэтая прадавалася. Гаспадары пасля Чарнобыля пражылі паўгоды ды з’ехалі. Нават свякроў на яе зуб тачыла. “Дабротная, — казала яна, — нядорага”. Дзякуй, што маці грошай дала, так бы адабрала старая. Пераехалі за тры гадзіны. Расставілі небагатую мэблю… Асабліва запамяталася першая вячэра. Ужо ў сваім доме. Нават сёння здаецца, што такое смачнае смажанае бульбы ў мяне больш ніколі не атрымоўвалася, як у той вечар. Той неймаверна пахучы водар дагэтуль прыемна казыча ў носе, — сумна, схіліўшы галаву, распавядала Валянціна…

Пачуўся гул машыны. Валя здрыганулася, зразумела, што гэта — па яе. Паднялася, усміхнулася.

— Трэба ехаць. Няма чаго мне тут лавіць, а жыць неяк трэба, жыццё ж не спынілася. Можа, на маёй вуліцы бу-дзе свята.

Жанчына дастала з кішэні ключы, перадала іх Веры. Падняла з падлогі  рэчы, панесла да аўтамабіля. Села. Махнула рукою на развітанне. Машына зноў зараўла, паехала.

Хвілін з пяць Вера стаяла нерухома. У задуменні. Ля ганку. Потым — нібы ажыла. Паклала ключы у кішэню, падышла да ровара, села і пакруціла педалі. Наперад, у новае жыццё.

Пагладзіўшы рукой абадраную сцяну, Вера накіравалася ў залу. Вачыма патрапіла на старую газету, пачарнелую ад часу. На першай старонцы — зводка з міліцыі: знойдзены труп Мятлеўскага Сцяпана Міхайлавіча. Па шчацэ пакаціліся гарачыя слёзы. Каціліся яны кожны раз, калі жанчына згадвала мужа, некалі без вестак зніклага, знойдзенага праз чатыры месяцы ў лесе грыбнікамі. Але не па грыбы муж пайшоў. Вера добра ведала, што не любіў ён гэтага занятку, а як там аказаўся — загадка. Паехаў у райцэнтр па даўгі да сяброў і не вярнуўся.

 — Прыбралі, пэўна, — казала тады жонка. Пасля пахавання бацькі захварэў сын. Дзіцячая псіхіка не вытрымала такога стрэсу. Дзякуючы плённай працы псіхолага, неяк удалося пазбегнуць большага няшчасця. Але спакойна знаходзіцца дома хлопчык не мог — перад вачыма стаяў бацька. Баючыся пагаршэння, Вера перавезла хлопчыка да маці, у другую вёску. Заставалася толькі пераехаць самой, але яна не адважвалася. Не хацела пакідаць месца, дзе ўсё напамінала пра мужа. Дапамог строгі наказ маці: «Ці ж ты жывога сына на памяць аб мужы вырашыла прамяняць? Не дуры, а жыві нармальна, для цябе ж жыццё не скончана, вунь хлопца трэба падымаць».

Каб разагнаць самоту, Вера зноў выйшла на вуліцу. Заўважыла, што дождж памацнеў, затое вецер — увогуле сціх. Жанчына падышла да варотцаў, паглядзела ў левы бок. Адтуль, з гораду, павінны былі прыехаць пакупнікі. Праз гадзіну, азяблая, мокрая, Вера падышла да ровара, працерла вільготнаю рукою сядло.

— Можа і лепш, што не прыехалі, — сказала яна, зачыніла на ключ дзверы, села на ровар і пакруціла. Туды, дзе пачалося новае жыццё, няхай сабе і не па Верынаму сцэнарыю, затое новае. Цяпер галоўнае — наперад!