Успамін дзяцінства
Паціху віўся, клаўся снег,
А мы так весела і спрытна
Гулялі ў снежкі, нёсся смех —
Уліваўся хвацка ў снежня рытмы.
А нехта санкі прывалок.
Імчышся з горкі — Божа, родны!
І кожны з нас хоць і прамок,
Ды першы ж снег — ён не халодны.
Гульня спынілася. І мы,
Прыемна стомленыя, бегам
Унеслі ў хату дух зімы —
З марозікам і першым снегам.
* * *
За ноч нападаў снег —
зямля стала святліцай.
Абнову набылі
і дрэвы, і дамы.
Так хочацца ісці,
што нельга супыніцца
у сховах цішыні,
у святасці зімы.
Снег на зямлю упаў,
і стала чыста-чыста.
Куды патрапіў я:
у казку ці у рай?
Тут на душы святло
і на душы ўрачыста.
Вітай прыход зімы,
палескі родны край!