З пяшчотаю ў сэрцы, і з сэрцам па жыцці…

З пяшчотаю ў сэрцы, і з сэрцам па жыцці…

17 декабря 2010, 08:00
906

Саламонія з хутара Амшын

Саламонія Сцяпанаўна Навіцкая нарадзілася ў далёкім 1919-м. Бацькі – з простых сялян, выхоўвалі траіх дзяцей. Няшмат па тамашніх мерках. Калі дзяўчынцы было сем гадоў, памерла маці. Неўзабаве бацька ўзяў другую. Нара-дзілася яшчэ двое дзяцей. Пра мачаху жанчына згадвае з павагай. “За бацьку яна пайшла яшчэ маладой дзяўчынай, сваіх дзяцей не было, таму і з нас не здзекавалася”. У школу Саламонія не хадзіла, бацька не пусціў, казаў, каб хлопцы вучыліся, а жаночая дарога – ад печы да парога. Так і жыла, дапамагаючы па гаспадарцы. Пакуль не пачалася вайна. У сорак другім – немцы ўключылі яе ў спіс на вываз у Германію. Хацеў замест яе пайсці брат, але Саламонія адгаварыла, сказала “ці мала што можа здарыцца, каб не было потым крыўдна; раз мяне запісалі, то я і паеду!”

На чужыне!

І цяпер жанчына памятае тую Нямеччыну. Праз амаль семдзесят гадоў з дакладнасцю можа расказаць, дзе што стаяла ў хаце гаспадароў, як выглядала. Памятае нават імёны колішніх гаспадароў: Ханц і Крэйда, іх дзеці Ханц і Кляра.

На пытанне “Як да Вас ставіліся немцы?” жанчына з усмешкай адказвае: “Дзіва што добра, я ж ім усю работу рабіла!”. Потым удакладняе: “Сям’я папалася неблагая, гаспадар – немалады ўжо чалавек – быў удзельнікам Першай сусветнай вайны, а гаспадыня часта хварэла, патрабавала за сабой догляду. І дзеці іх нармальна да мяне адносіліся. Нават некалі пры адсутнасці гаспадароў іхні сын паклікаў мяне ў склеп, наліў нешта чырвонае ў кубак і даў мне выпіць. “Дріньк, Мэя (так мяне там называлі)!” – запрасіў ён. Гэта было віно, якое тады паспрабавала ўпершыню”. Але хлеба не бачыла. “Найн, крыг!” – чулася на працягу трох гадоў, што там жыла. Харчавалася пераважна пярлоўкаю, начавала ў пакойчыку, дзе вешалі хамуты.

З асаблівым хваляваннем згадвае Саламонія Сцяпанаўна вызваленне, шлях дадому, які, як ёй казалася, цягнуўся гадамі.

Нарэшце – дома!

Вярнулася да бацькі, але, як высветлілася, не стала брата — падарваўся на міне. Паплакала. Гора тады было паўсюль, у кожнай хаце.

Амаль адразу пайшла працаваць у калгас. Там і пазнаёмілася з Іванчыкам – будучым мужам – удзельнікам вайны, параненым ў баі і камісаваным дадому ў сорак трэцім. Маладыя адразу спадабаліся адзін аднаму, у 1949 годзе распісаліся. Жылі ладна, шмат працавалі. За 43 пражытыя разам гады нарадзілі семёра дзяцей (на жаль, траіх ужо няма), пабудавалі новую хату, бліжэй да вёскі, дзе і дагэтуль жыве Саламонія Сцяпанаўна. Медаль “Ветэран працы” яна захоўвае ў скарбонцы, побач з ваеннымі ардэнамі мужа.

Побач – дзеці!

Нібы нешта жывое абарвалася ў душы немаладой жанчыны, калі не стала мужа. Вось ужо 18 гадоў бабулька не можа спакойна глядзець на сямейны фотаздымак – у галаве мігам пралятае іх сумеснае жыццё. Дзякуй Богу, старэнбкую Саламонію Сцяпанаўну ёсць каму падбадзёрыць, падтрымаць. Радуюць вока дзеці, унукі і праўнукі. Яны ахвотна з’язджаюцца ў сямейнае гняздо.

Жыццё пражыць – не поле перайсці!

Вось дык праўдзівая прыказка! Чаго толькі не бачыла на сваім шляху Саламонія Сцяпанаўна?! Бывала, не ведала, дзе браць сілы, каб жыць далей. Але яны з’яўляліся, самі аднекуль прыходзілі. Яна і жыла! Цяпер нават сама дзівіцца, што столькі пражыла. “Колькі Бог адмерае!” – сцвярджае бабулька. А дзеці ўсміхаюцца: “Жыве, бо добрая, нават ніколі не сварылася, і да людзей заўсёды – з адкрытаю душой і шчырым сэрцам”.

Вось і цяпер, доўгімі зімовымі вечарамі, гарыць святло ў акенцы адзінокай драўлянай хаткі на вуліцы Пясчанай у Бродніцы. На слончыку ля грубкі сядзіць жанчына. З пяшчотаю ў сэрцы, і з сэрцам — па жыцці. Хочацца падзякаваць ёй за цікавы аповед і пажадаць здароўя на яшчэ доўгія гады.