“Азбука паэзіі-2”

“Азбука паэзіі-2”

24 декабря 2010, 08:00
1624
Творчы клуб “Лунінецкая муза” ў канцы гэтага года выдаў другую па ліку анталогію  “Азбука паэзіі”, якая змяшчае творы трыццаці аўтараў. Як адзначаецца ў кароткай прадмове, з часу выхаду першага зборніка прайшло 12 гадоў.

Адабраць і падрыхтаваць да друку вершы малавядомых, у пэўнай ступені самадзейных творцаў — ведаю з практыкі кіраўніка абласнога літаратурнага аб’яднання — нялёгка і няпроста. Таму, на маю думку, аўтары анталогіі павінны быць асабліва ўдзячны яе складальніку, паэту і журналісту Вадзіму Жылко, які ўзяўся за гэтую працу.

Не спыняючыся на вершах вядомых не толькі на Лунінеччыне паэтаў, творчасць якіх заслугоўвае больш падрабязнага разгляду (В.Жылко, М.Ільючык, С.Нефідовіч), назаву (не ў крыўду астатнім) аўтараў, чые вершы прымусілі спыніцца, перачытаць, задумацца. Для мяне гэта: Вольга Грыдзюшка — “Людна ў вёсцы на Вялікдзень…”; Надзея Дзедзіна  — “Женщина” (далучаюся да яе радкоў: «Любая из женщин немножко раба // С возможностями королевы»); Таццяна Качаноўская” — “Ісці пад зорным небам…”; Іван Коваль — “Споведзь”; Святлана Трухановіч — “Лёс”; Віктар Філатаў — вершаваныя мініяцюры (не ўсе); Аляксандр Хаўдзееў — «Успамін пра навальніцу»; Алена Шылава — «Той пярсцёнак, што даў мне любы…».

Склалася ўражанне, што ў паэтаў, якія пішуць на дзвюх мовах, беларускія вершы ўдаюцца лепш. Я кажу пра Таццяну Качаноўскую, Аляксандра Хаўдзеева, Алену Шылаву.

Шчыра віншую ўсіх аўтараў са з’яўленнем паэтычнага зборніка. Няхай чарговая анталогія пабачыць свет раней, чым праз 12 гадоў, а фінансавыя магчымасці выдаўцоў дазволяць кожнаму вартаму таго вершу вольна мясціцца на асобнай старонцы. А як добра яшчэ было б, каб і фота-здымкі аўтараў, і біяграфічныя звесткі, і ўдзячнае слова пра папярэднікаў, і маляўнічыя краявіды Лунінеччыны! Шкада, што пра ўсё гэта застаецца толькі марыць. І ўсё ж цвёрда перакананы: паэты па-ранейшаму нараджаюцца ў вёсках і мястэчках і падтрымліваць іх трэба ўсімі магчымымі на цяпер спосабамі. Таму ініцыятыва творчага клуба «Лунінецкая муза», на рахунку якога каля ста назваў друкаваных выданняў, — карысная і вартая пераймання.

Последние новости