Хто рана ўстае, таму Бог дае. Ды не роўна дзеліць

Хто рана ўстае, таму Бог дае. Ды не роўна дзеліць

31 декабря 2010, 08:00
1163
3 студзеня сваё 70-годдзе адзначае наш пастаянны аўтар, адзін са старэйшых літаратараў і краязнаўцаў Лунінеччыны - Сцяпан Паўлавіч Нефідовіч. Жадаем яму здароўя, доўгіх гадоў жыцця, новых творчых поспехаў! А чытачам прапануем чарговую публікацыю Сцяпана Паўлавіча - роздум аб надзённым, аб набалелым...

Спрадвек у сялянскім асяроддзі казалі: «Хто рана ўстае, таму Бог дае». Асабліва заўважалася гэта летам у мужчынскай рабоце — касіць траву з ранняга дасвецця, а зімой у жаночай справе — прасці кудзелю і ткаць кросны.

Здаўна ў горадзе, а цяпер і ў вёсцы, амаль ва ўсіх сферах дзейнасці рабочы дзень пачынаецца з 8 гадзін раніцы. Але адны ў сваёй працы знаходзяць асалоду і штодзённую патрэбу, а другія не ведаюць, як хутчэй дачакацца канца рабочага дня, а з гадамі — і пенсіі. І ведаем, што ва ўсіх рабочы дзень доўжыцца аднолькава, а грашовыя заробкі — ой, далёка не роўныя! Адны сваёй зарплатай цешацца і ад грошай бесяцца, другія зажмуць у жменю і ціснуць, каб дацягнуць да наступнай палучкі.

Аднолькавы 8-гадзінны рабочы дзень і ў палявода СВК, які летам капціцца на гарачыні, а зімой чэзне на марозе, і ў чыноўніка не самага высокага рангу, які сядзіць ва ўтульным кабінеце, а грашовыя даходы ў аднаго 400 тысяч, а ў другога 2 мільёны. рублёў. Але наша сучасная статыстыка хітра маніпулюе выразам «у сярэднім», у дадзеным выпадку — 1 мільён 200 тысяч.

А зарплата настаўніка, медработніка… Хоць лопні старайся працаваць, а аплата тая самая. Таму і каэфіцыент карыснага дзеяння малы. Праўда, нядаўна педагогам фізічнай культуры і спорту на 25% павышаны тарыфныя стаўкі і аклады. Павышаны не ўсім настаўнікам, а толькі гэтага профілю. Лёгка здагадацца, чаму. Шкада, што ў нас кіраўнік — не пісьменнік. Вось і нас, пісьменнікаў ды літаратараў, не пакрыўдзіў бы.

Вось выдае мой знаёмы немец у Германіі брашуры па археалогіі і краязнаўстве — ад 500 да 1500 еўра на кожнай зарабляе, а каб мне выдаць такую брашуру па краязнаўстве ў нас ў Беларусі, трэба шукаць фундатара або заплаціць свае грошы.

Жонка таго самага майго знаёмага немца, былая настаў-ніца (першай катэгорыі) нямецкай мовы, атрымлівае пенсію ў дзесятак разоў большую, чым я, былы настаўнік (вышэйшай катэгорыі) беларускай мовы. Я за свае 700 тысяч купляю, што дазваляюць грошы, яна — што душа жадае і штогод за мяжу ў падарожжа едзе. Нядаўна з мужам новы паруснік купілі. А ці куплю я за свае грошы?

Калі размаўляеш з нашымі людзьмі аб іх дастатку, чуеш: «О, раней мы ў беднасці жылі, а цяпер у магазінах, слава Богу, усё ёсць». І думаеш: «У магазінах то ёсць, а ці ў вашых халадзі-льніках усё тое ёсць?»

А ці часта вы ездзіце ў Расію, ва Украіну (не кажучы ўжо пра дальняе замежжа) да сваіх родных ці блізкіх у госці? Я ведаю, багата ў каго за мяжой ёсць радня. Грошай няма? А вы і не жадаеце іх мець. Як у тым анекдоце:

Жыве ў яблыку чарвячок. Выглянуў неяк раз уніз, а пад яблыняй кучка каравяку. А ў ёй капашыцца гнаявы чарвячок.

— Паслухай, хадзі да мяне жыць. У маім яблыку такі смачны сок!

— А мне і тут добра…

На жаль, у нашым грамадстве больш гнаявічкоў, чым «пахучых» чарвячкоў.

А я рад, што я — чарвячок з яблыка…