Спадчына даследчыка

Спадчына даследчыка

07 января 2011, 08:00
2486
У Лунінецкі музей днямі быў перададзены асобнік кнігі Вячаслава Вярэніча «Палескі архіў. Лінгвістычныя, этнаграфічныя і гістарычныя матэрыялы», за што супрацоўнікі музея шчыра ўдзячныя ўкладальніку кнігі, лінгвісту, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі Беларусі Фёдару Данілавічу Клімчуку.

Вялізны, амаль 700-старонкавы фаліянт энцыклапедычнага фармату быў выдадзены ў 2009 годзе ў Мінску намаганнямі ГА «Заходнепалескае навукова-краязнаўчае таварыства «Загароддзе» і пад навуковай рэдакцыяй Фёдара Клімчука, Эльжбеты Смулковай і Ганны Энгелькінг. Наклад кнігі — 100 асобнікаў.

Вячаслаў Лявонцьевіч Вярэніч (1924-99) — ураджэнец Століншчыны, педагог, вядомы беларускі мовазнаўца, адным з галоўных рэгіёнаў даследаванняў якога было Палессе. «Архіў» даследчыка складаецца з дзесяткаў сшыткаў і блакнотаў, што запаўняліся ў час экспедыцый. Цяпер калегі апрацавалі і абагулілі творчую спадчыну В.Вярэніча, дапоўнілі яе навукова-даведачным апаратам. Сярод матэрыялаў — кароткія гістарычныя даведкі пра населеныя пункты, спісы тапонімаў, прозвішчы мясцовых жыхароў і інш. У 1965 годзе В.Л.Вярэніч наведаў з навуковымі мэтамі Бастынь і Велуту, у 1968 — Бастынь, у 1974 — Мікашэвічы, Моршчынавічы, Пясчанікі, Запроссе, у 1976 і 1979 — Лунінец, у 1980 — Лунінец, Дубаўку, Мелясніцу, Лобчу, Палескі, Лунін, у 1982 — Лунін, Палескі, Лобчу, Вульку 1 і Дубаўку. Асабліва багаты матэрыял быў сабраны ў Бастыні (ён друкаваўся ў пінскім часопісе «Гістарычная брама» №23 ў 2008 годзе, аб чым тады ж распавяла наша газета).

Матэрыялы па Лунінецкім раёне змешчаны ў кнізе пераважна на старонках 344-378 і 459-538 («З лексікі гаворкі вёскі Бастынь» — матэрыял для «Палескага слоўніка»), маецца і карта Лунінеччыны. Сярод тых, хто дапамагаў навукоўцу збіраць неабходныя звесткі, названы Апанас Цімафеевіч Хлуд і Адам Дырман (Велута), Мікалай Максімавіч Дуньчык (Вулька 1), Ігнат Іванавіч Кавалец, Гаўрыла Мікалаевіч Якавец (Лобча), Павел Пятровіч Рамановіч, Аляксандр Іванавіч Шановіч (Лунін), Захар Кандратавіч Шчур (Мікашэвічы), Надзея Карнееўна Яворская, Васіль Паўлавіч Корбут (Палескі), а таксама тагачасная супрацоўніца Лунінецкага гарсавета Надзея Рыгораўна Цуканава. Асабліва шмат названа жыхароў Бастыні: Надзея Пятроўна і Надзея Андрэеўна Акінчыц, Адам Сцяпанавіч Вайтовіч, Вера Высоцкая, Палагея Аўрамаўна Гаравая, Апанас Кірылавіч Карпец, Алена Аляксееўна Качановіч, Аляксандр Васільевіч, Надзея Апанасаўна, МІкалай Іванавіч, Ніна Апанасаўна і Юлія Мікалаеўна Сайко, Фёдар Тарасавіч Ярац.