Словы, поўныя любові
Гавары мне, яшчэ гавары,
Твае словы мне б
слухаць і слухаць.
Я цябе, як крылом, агарну,
Сваёй ласкай сагрэю і духам.
Гэта словы закаханага хлопца, якога зачаравала дзяўчына не толькі ўзаемнай ласкай, але і цяплом слоў.
Калі паслухаць беларускія народныя песні, пачытаць вершы нашых паэтаў, то адкрыеш цэлую скарбніцу добрых, мілых, прыгожых слоў. Ён ЯЕ называў: князёўна, панначка, ясачка, ласачка, красуня, бярозка, ластаўка легкакрылая, зорачка спагадная, сонейка яснае, ружа, кветачка, лілея…
Яна ж ЯГО: міленькі, любы, каханы, галубочак мой, анёл ясны, салоўка, саколік, ваявода, казачанька, ясны пан, волат…
Нашы продкі тонка вызначалі пачуцці, таму і не задаволіліся адным словам «люблю», а стварылі сваё асабістае «кахаю». Любіць можна ката і карову, кнігі і кветкі, адпачынак і прыроду, а вось кахаць: дзяўчыну, хлопца, сваіх любага ці любую.
І ў братняй рускай мове ёсць шмат прыгожых слоў-зваротаў у замілаванай каханай пары, але ў беларусаў няма такога, што маладых, якіх вязуць на шлюб (злюб), збракоўваюць, інакш кажучы, вязуць «на брак».
У той час, як руская мова перапоўненая мацяршчынай (нашы продкі не карысталіся матамі), то беларуская проста створана для пяшчоты, якая з веку ў век, з пакалення ў пакаленне развівалася на дабраце. Яна поўнілася вібрацыяй гукаў, мяккасцю, мілагучнасцю выразаў; і нездарма пяшчотай напоўнены самыя цёплыя словы, тыя, якімі мы ласкава называлі блізкіх: татка, мамка, бабулька, дзядок, браточак, сястрыца.
Нашы людзі здаўна любілі ўжываць словы з памяншальна-ласкальнымі суфіксамі, якія робяць цуд, яднаючы розных лю- дзей: браток або брацейка, даражэнькі мой, каханенькія-родненькія, сябровачка, суседачка, гаспадынька… І хочацца, каб гэтакія словы гучалі не толькі на 8 Сакавіка ці ў Дзень святога Валянціна, а штодзённа і часта, а калі па-беларуску, то яны будуць мець чароўную сілу.