Сапраўдны савецкі класік

Сапраўдны савецкі класік

11 февраля 2011, 08:00
1921
Да 90-годдзя Івана Пятровіча ШамякінаБіяграфія пісьменніка - гэта яго творы.Іван Шамякін

Ягоная біяграфія і ягоная творчасць знаёмыя кожнаму з прадстаўнікоў некалькіх пакаленняў беларусаў. Яны вывучаюцца па школьнай праграме, многія з герояў яго твораў сталі нібы сябрамі кожнага з нас, а іх лёсы, учынкі, светапогляд сталі арыенцірамі ў жыцці.

Літаральна напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны Шамякін скончыў Гомельскі тэхнікум будаўнічых матэрыялаў, быў мабілізаваны ў армію. А потым былі цяжкія шляхі вайны, неймаверныя выпрабаванні на мужнасць і трываласць характару. Незабыўныя ўражанні ад тых вогненных ваенных часоў натхнілі былога камсорга зенітна-артылерыйскага дыві-зіёна заняцца літаратурнай дзейнасцю. Тады многія з былых удзельнікаў вайны прыйшлі ў літаратуру. Нават утварылася такое літаратурнае брацтва: пісьменнікі-франтавікі. Гэта былі людзі з розным узроўнем таленту і, што з цягам часу стала зразумелым, з рознымі светаўяўленнямі. Цяпер, з вышыні 21-га стагоддзя, не вельмі шмат з таго, што называецца беларускай ваеннай прозай, перажыло свой час. Творы Шамякіна перажылі. У першую чаргу дзякуючы заўсёды цікавым, нават інтрыгуючым сюжэтам, любоўна і па-майстэрску выпісаным вобразам галоўных герояў, а таксама і тых персанажаў, хто ім супрацьстаіць.

У сваіх творах аб пасляваенным жыцці беларусаў, асабліва часоў так званай перабудовы і пасля яе, пісьменнік прэтэндуе на ўяўную мудрую філасафічнасць, робіць шмат па большай частцы скараспелых і спрэчных высноў. Асабліва дастаецца ад яго першым беларускім прадпрымальнікам, якія, на яго думку, у пагоні за гешэфтам здольны пераступіць цераз любыя маральныя нормы і каштоўнасці. Так, такое было і яшчэ ёсць. Але было і іншае. Настальгуючы па былых камуністычных часах, пісьменнік не засяроджвае сваёй увагі на тым, у якім стане былая камуністычная ўлада пакінула пасля сябе краіну. А гэта ключавы момант, каб зразумець тое, што адбывалася тады і, на жаль, часткова адбываецца дагэтуль: востры дэфіцыт самых неабходных тавараў (прадукты, адзенне, абутак, мыючыя сродкі), пустая казна, амаль шакіруючая маральная спустошанасць усяго грамадства, падманутага ў сваіх найлепшых памкненнях. Тая сістэма, якая бязмежна ўладарыла над вялізнай краінай больш за 70 гадоў, пакінула пасля сябе амаль спякеленую пустэчу. І тыя пісьменнікі, якія прысвяцілі сваю творчасць праслаўленню той сістэмы, у шэраг якіх уваходзіў і Іван Шамякін, імкнуліся неяк патлумачыць яе неспадзяваны крах. І знаходзілі, па даўняй звычцы, новых і новых “ворагаў народа”. І, як звычайна, не тых, хто сапраўды нёс адказнасць за тое, што адбылося.

Іншыя з творцаў, як Алесь Адамовіч, Васіль Быкаў, Янка Брыль, разглядалі гістарычны працэс больш паглыблена, марачы аб нацыянальным адраджэнні Беларусі, без якога, на іх думку, незалежная краіна не можа здзейсніцца. Гэтая палеміка працягваецца, набываючы ўсё больш змрочныя формы.

Калісьці на постсавецкай прасторы і ў краінах сацыялістычнай арыентацыі Іван Шамякін быў самым выдаваемым беларускім пісьменнікам. У краінах капіталістычнай дэмакратыі найбольш выдаваліся кнігі Васіля Быкава. Гэта дало падставу востраму на язык Рыгору Барадуліну напісаць такую міні-эпіграму: “Пакуль Шамякін мыкаў-пыкаў, заваяваў Еўропу Быкаў”.

Зараз у адным з беларускіх дзяржаўных выдавецтваў рыхтуецца выпуск поўнага збору твораў Івана Шамякіна. Збор твораў Быкава выходзіць у Маскве ў прыватным выдавецтве. Час нібы прыпыніўся.