«Адны з першых сярод ваенкаматаў вобласці»

«Адны з першых сярод ваенкаматаў вобласці»

17 февраля 2011, 13:35
785
Напярэдадні свята гутарым з дзейным ваенным камісарам падпалкоўнікам Уладзімірам Уладзіміравічам Жуком.

— Уладзімір Уладзіміравіч, якое асноўнае прызначэнне ваеннага камісарыята?

— Гэта баявая і мабілізацыйная гатоўнасць, тэрытарыяльная абарона, улікова-прызыўная работа і паўся-дзённая дзейнасць.

— А канкрэтней?

— Вядзем улік ваеннаабавязаных і іх прызначэнне, бо, вядома ж, без падрыхтаванага асабовага складу, няхай і ў запасе, не абысціся. Важнае значэнне надаём і транспартным сродкам. Ва ўсіх арганізацыях раёна вызначаны сродкі для забеспячэння матэрыяльна-тэхнічнай базы мабілізацыйных органаў. Рыхтуем і апарат узмацнення на выпадак мабілізацыйных мерапрыемстваў. Напрыклад, гэта ўпаўнаважаныя па сельвыканкамах. Для падтрымання ваеннай падрыхтоўкі афіцэраў, салдат і сяржантаў запасу арганізуюцца спецыяльныя зборы на базах вайсковых часцей.

Нарадзіўся 3 мая 1970 года ў Лунінцы, у сям’і рабочых. Скончыў СШ №1. Паступіў у Сызранскае вышэйшае ваеннае вуучылішча лётчыкаў. Асвоіў верталёты МІ-2, МІ-8, МІ-24 і іх мадыфікацыі. Служыў у Прыкарпацкай ваеннай акрузе. Пасля распаду Савецкага Саюза перавёўся ў Беларускую ваенную акругу. 10 гадоў праслужыў у Кобрыне. У Лунінецкі райваенкамат прыйшоў у 2001 годзе. Спачатку быў начальнікам 2-га аддзялення, потым – намеснікам ваенкама. Амаль тры гады ўзначальваў Ганцавіцкі райваенкамат. Дэпутат раённага Савета.

— Што ўключае ў сябе ўлікова-прызыўная работа?

— Гэта цэлы комплекс мерапрыемстваў. У першую чаргу прыпісваем юнакоў 16-ці гадовага ўзросту да прызыўнога ўчастка. Арганізуем веснавы і восеньскі прызывы. Працуем з тымі, хто ўхіляецца ад тэрміновай службы. На сённяшні дзень такіх чатыры чалавекі. Годных і здаровых накіроўваем у дзеючыя вай-сковыя часці. А каля 20 працэнтаў прызыўнікоў пакідаем служыць у рэзерве.

— І хто ж ходзіць у рэзервістах?

— Жанатыя хлопцы, у якіх дзецям споўнілася 3 гады і ў якіх была адтэрміноўка ад службы. Спецыялісты для сельгасарганізацый, якія вучыліся па накіраванні. Зроблена гэта з мэтай замацавання маладых кадраў на вёсцы. Тыя, хто ў маці ці бацькі адзін і з’яўляецца карміцелем. Ну, і па стане здароўя.

— І ў паўсядзённай дзейнасці нямала клопатаў?

— Вядома ж. Шмат працуем з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, пенсіянерамі Міністэрства абароны, воінамі-інтэрнацыяналістамі. А гэта пенсійнае забеспячэнне, сацыяльная абарона, умовы жыцця. Уручаем юбілейныя медалі, арганізоўваем сустрэчы ветэранаў з вучнямі школ гарадоў і раёна. Шчыльна ўзаемадзейнічаем з ветэранскімі арганізацыямі, воінамі-інтэрнацыяналістамі, грамадскім аб’яднаннем “Беларускі саюз афіцэраў”.

— Некалькі слоў аб тэрытарыяльнай абароне.

— На выпадак неабходнасці фарміруюцца падраздзяленні тэрытарыяльнай абароны. Гэта афіцэры, салдаты і сяржанты запасу. Тэхніка і іншыя матэрыяльныя сродкі мясцовых арганізацый і прадпрыемстваў. Узбраенне, якое захоўваецца на спецыяльных складах. Гэта правядзенне вучэнняў і трэніровак з ваеннаабавязанамі запасу. Не абыходзіцца і без размініравання боепрыпасаў часоў мінулай вайны.

Крыху гісторыі
Раённы ваенны камісарыят быў сфарміраваны 10 ліпеня 1944 года на аснове загаду Камандуючага Беларускай ваеннай акругі №0324 ад 9 ліпеня 1944 года.
У яго вытокаў стаяў капітан Кандрат Сцяпанавіч Быкаў. З таго часу ваенкамат не меў арганізацыйных перабудоў. Падпарадкоўваецца Брэсцкаму абласному ваенкамату. Ганаровых сцягаў, ордэнаў не мае.
22 студзеня 1998 года Лунінецкі аб’яднаны ваенны камісарыят перайменаваны ў раённы ваенны камісарыят. Ім кіравалі: капітан Кандрат Сцяпанавіч Быкаў — з 14 ліпеня 1944 года; падпалкоўнік Аляксандр Іванавіч Байкоў — з 26 мая 1947 года; палкоўнік Піліп Іванавіч Сідарэнка — з 30 сакавіка 1950 года; падпалкоўнік Мікалай Аляксандравіч Учаваткін — з 25 лістапада 1955 года; маёр Васіль Пятровіч Масаліцін — з 23 жніўня 1961 года; падпалкоўнік Мікалай Сцяпанавіч Ерафееў — з 22 кастрычніка 1962 года; палкоўнік Анатоль Герасімавіч Нікалаенка — з 9 красавіка 1963 года; падпалкоўнік Юрый Міхайлавіч Дзянісаў — з 9 красавіка 1972 года; падпалкоўнік Уладзімір Васільевіч Кузьмін — з 8 студзеня 1981 года; падпалкоўнік Уладзімір іванавіч Жураўлёў — з 12 снежня 1985 года; падпалкоўнік Уладзімір Джанібекавіч Рагімаў — з 2 жніўня 1990 года; палкоўнік Анатоль Аляксеевіч Баброў — з 1 лістапада 1994 года; палкоўнік Аляксандр Сцяпанавіч Масеціч — з 12 ліпеня 2001 года; палкоўнік Георгій Аляксеевіч Янкавец — з 14 красавіка 2003 года; палкоўнік Аляксей Міхайлавіч Салавей — з 8 студзеня 2004 года; палкоўнік Георгій Аляксеевіч Янкавец — з 23 сакавіка 2006 года; падпалкоўнік Уладзімір Уладзіміравіч Жук — з 30 кастрычніка 2008 года.