Пяць фестываляў у адну пятніцу

Пяць фестываляў у адну пятніцу

17 февраля 2011, 18:42
Автор:
742
Мінулая пятніца выдалася насычанай для лунінецкіх культработнікаў і самадзейных артыстаў - у Лунінецкім ГДК прайшлі раённыя туры адразу пяці фестываляў.

Духавы аркестр ГДК (кіраўнік В.Дзедзін) пацвердзіў сваё званне “народны”, выступіўшы ў рамках абласнога свята-конкурсу “Фанфары”. Аналагічнага пацвярджэння дабіліся народныя хоры Дварэцкага ЦСДК (кіраўнік А.Даніловіч) і Дзятлавіцкага ЦСДК (кіраўнік Л.Раковіч), якія выступалі ў абласным фестывалі вакальна-харавога мастацтва “Ляці, наша песня”, а таксама народны аркестр народных інструментаў ГДК (Н.Юрцэвіч). А ансамбль народнай песні “Сустрэча” Кажан-Гарадоцкай ДМШ сваім выступам зрабіў заяўку на прысваенне гэтага ганаровага звання. У фестывалі “Ляці, наша песня” бралі ўдзел таксама народны ансамбль песні і музыкі “Шляхцічы” ГДК (Г.Шэўчык), дуэт Міжлескага СДК у складзе Аляксандра Кацубы і Васіля Яраховіча, дуэт Палескай ДМШ у складзе Валерыі Валынчыц і Дзмітрыя Абраўца.

У раённым туры рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня” выступілі дзіцячы ансамбль народнай песні “Весялушкі” (кіраўнік Л.Віднікевіч) і дзіцячы фальклорны ансамбль “Кросны” (кіраўнік С.Рыхцер) Лунінецкай ДШМ, ансамбль народнай песні “Міжлескія вясёлкі” Дварэцкай ДШМ (Г.Свібовіч), танцавальны калектыў Лунінскай СШ “Зорачкі” (Т.Лабко), дзіцячы фальлорны калектыў Лобчанскага СДК (А.Якавец).

Удзельнікамі раённага тура абласнога фестывалю аматарскага тэатральнага мастацтва “Тэатральнае Палессе” былі народны самадзейны тэатр мікашэвцікага Палаца культуры “Граніт” (кіраўнік В.Міхалюк) і тэатральны гурток Чарабасаўскага СДК (Л.Панкевіч). Дададзім, што аздаблялі праграму таксама байкі і вершы ў выкананні Віктара Барысевіча і Вольгі Мелюх, вакальна-інструментальны ансамбль “Старая коллекция” (кіраўнік В.Дзедзін).

Асобна прайшоў тур абласнога агляду-конкурсу вядучых гульнявых праграм “Берасцейскія забаўлянкі”, у якім удзельнічалі прадстаўнікі Язвінскага, Вялуцкага і Вулькаўскага 2 СДК, Цэнтра культуры і народнай творчасці в.Вулька 1. У фае ГДК была разгорнута выстава вырабаў народных майстроў — вышыванак, ткацтва, разьбярства і шмат якіх іншых жанраў.

Абласное журы, якое зараз знаёміцца з праграмамі фестываляў па асобных раёнах Берасцейшчыны, абвесціць свае высновы і назаве лаўрэатаў пазней. Але адразу быў зроблены кампетэнтны аналіз творчасці нашых землякоў.