Рытм — рабочы

Рытм — рабочы

17 февраля 2011, 13:35
685
Некалькі слоў аб калектыве Лунінецкага райваенкамата.

А гэта баявая і мабілізацыйная гатоўнасць, улікова-прызыўная работа і паўсядзённая дзейнасць.

Мабілізацыйны аддзел. Начальнік — падпалкоўнік Альберт Мікалаевіч Яфіменка. На плечы работнікаў гэтага падраздзялення кладзецца адказнасць за ўлік ваеннаабавязаных, прыпіску іх да вайсковых часцей, за арганізацыю ваенных збораў. Летась перападрыхтоўку ў часцях Баранавіцкага гарнізона прайшлі 100 афіцэраў, салдат і сяржантаў запасу. Сёлета такія зборы будуць праходзіць з сакавіка па кастрычнік. У аддзел пастаянна прыязджаюць прадстаўнікі воінскіх часцей для знаёмства з ваеннаабавязанымі, якія прыпісаны да пэўных падраздзяленняў. Вось і нядаўна капітаны Сяргей Шпарло і Андрэй Протас з 120 зенітнай брыгады, якая дыслацуецца ў Баранавічах, вывучалі прафесійныя і маральныя здольнасці прыпісаных да брыгады ваеннаабавязаных.

Аддзел тэрытарыяльнай абароны. Начальнік – падпалкоўнік Аляксей Аляксандравіч Маёраў. Аб рабоце названага структурнага падраздзялення нямала сказаў ваенкам. Дададзім толькі, што яно займаецца арганізацыяй размініравання боепрыпасаў часоў мінулай вайны. Толькі летась абясшкоджаны адна авіябомба, 17 артылерыйскіх снарадаў, 2 мінамётныя міны і 2 гранаты.  Іх знаходзілі ў Лунінцы, Мікашэвічах, Сінкевічах, Язвінках і Сітніцы.

Аддзел прызыву на вайсковую службу і ў рэзерв.
Начальнік — падпалкоўнік Міхаіл Іванавіч Арашкевіч.  Тут ідзе пастаянная, карпат-лівая работа па ўліку прызыўнікоў і прыпісцы іх да прызыўнога пункта. Арганізуецца лячэбна-аздараўленчы курс для 14-17-гадовых юнакоў.
Важным элементам падрыхтоўкі прызыўнікоў да службы ў арміі стала накіраванне іх на вучобу па ваенна-тэхнічных спецыяльнасцях. Гэта вадзіцелі катэгорый В і С, кранаўшчыкі, тэлефаністы і тэлеграфісты. Перад прызывам арганізуюцца медыцынскія агляды. І заключны этап – адпраўка юнакоў да месца службы.
Важны элемент у рабоце аддзела – зацікавіць маладых людзей да паступлення ў ваенныя акадэміі Беларусі і Расіі, на ваенныя факультэты ВНУ. 

Упраўленне ваенкамата. Каардынуе іх работу намеснік ваенкама падпалкоўнік Юрый Віктаравіч Саковіч. Супрацоўнікі групы сацыяльнай абароны і пенсійнага забеспячэння апякаюць інвалідаў і ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, пенсіянераў Міністэрства абароны, воінаў-інтэрнацыяналістаў, сем’і загінуўшых ў лакальных канфліктах за межамі Радзімы, ліквідатараў катастрофы на ЧАЭС. А праблем і нюансаў у гэтай рабоце нямала. Сакрэтнай і несакрэтнай дакуметацыяй займаюцца работнікі сакрэтнай часткі і бюро справаводства.

Узнагароды
Па выніках баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці, улікова-прызыўной работы і паўсядзённай дзейнасці ў 2010 годзе Лунінецкі райваенкамат заняў другое месца ў вобласці сярод 16 ваенкаматаў і ўзнагароджаны Граматай ваеннага камісарыята Брэсцкай вобласці.
У 2009 годзе па гэтых жа паказчыках было трэцяе месца.

Мы закранулі толькі некаторыя аспекты дзейнасці райваенкамата. Кола ж прыкладання сіл і намаганняў калектыву такой спецыфічнай установы намнога шырэйшае.