Урок у гонар юбіляра

Урок у гонар юбіляра

25 февраля 2011, 09:09
738
Не зусім звычайны адкрыты ўрок беларускай літаратуры адбыўся ў мінулы чацвер у адной з груп палітэхнічнага каледжа.

У клас да настаўніцы Галіны Мікалаеўны Антановіч прыйшлі мясцовы літаратар і краязнаўца Сцяпан Паўлавіч Нефідовіч, якому ў студзені споўнілася 70 гадоў, і некалькі ўдзельнікаў творчага клуба “Муза” Лунінецкага ГДК. У цэнтры ўвагі былі жыццё, працоўная і творчая дзейнасць юбіляра. Сцяпан Паўлавіч вельмі цікава, з непадробным гумарам расказаў пра свае жыццёвыя шляхі-дарогі, творчыя пошукі і здабыткі, шматлікія цікавыя сустрэчы і падзеі, прачытаў уласныя творы — як паэтычныя, так і празаічныя. Праніклівыя словы пра свайго шаноўнага калегу выказалі Вадзім Жылко, Віктар Філатаў, Рыгор Жук, у тым ліку ў выглядзе паэтычных прысвячэнняў. Пра асаблівасці творчасці Сцяпана Паўлавіча вяла гаворку настаўніца Алена Нічыпараўна Ціхамірава. Бібліятэкар Вера Яўгенаўна Скіба выказала захапленне тым, як юбіляр шчыра любіць родную мову і культуру, што ў наш час сустракаецца не так часта, прачытала некалькі яго твораў. Навучэнка каледжа Наталля Калянковіч прадэкламавала верш з апошняга паэтычнага зборніка С.Нефідовіча “Махаю крыламі гадоў”. На заканчэнне сустрэчы адбыўся абмен сувенірамі.