Яшчэ год за плячыма

Яшчэ год за плячыма

25 февраля 2011, 09:09
Автор:
913
Днямі ў Брэсцкай абласной бібліятэцы імя Горкага прайшоў справаздачна-выбарчы сход Берасцейскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Старшыня філіі Іван Мельнічук выступіў з кароткай справаздачай, распавёўшы аб удзеле сябраў аддзялення ў рэдагаванні і выданні кніг, у тым ліку калектыўных, прапагандзе творчасці літаратараў-юбіляраў і ўвогуле мастацкага слова праз СМІ. Ухвальна паставіліся сябры філіі да лунінецкага бюлетэня “Выток”, прапанаваўшы і баранавіцкім калегам ладзіць нешта падобнае. Былі ўручаны віншавальныя адрасы пісьменнікам-юбілярам.

* * *

Пасля сходу адбылася юбілейная вечарына да 30-годдзя аддзялення і адначасова прэзентацыя альманаха “Жырандоля-3”. Вядучы Алесь Каско нагадаў аб тых, хто стаяў ля вытокаў філіі, аб асноўных этапах яе дзейнасці. Памяць тых, хто пайшоў за гэты час з жыцця, ушанавалі хвілінай маўчання. Да юбілею быў паказаны відэафільм аўтарства Міколы Пракаповіча “Берасцейскае вогнішча”, дзе асобныя “старонкі” прысвячаліся Уладзіміру Калесніку, Міхасю Рудкоўскаму, Аляксею Філатаву, Алесю Каско, Ніне Мацяш…

Ад імя філалагічнага факультэта БрДУ літаратараў павіншавала дэкан Вольга Фелькіна. З Мінска завіталі на свята Алесь Пашкевіч, вядомыя паэты Алесь Разанаў, Анатоль Вярцінскі і Васіль Жуковіч, якія сказалі шмат добрых і шчырых словаў пра мілую іх сэрцу “Берасцейшчыну літаратурную”. Старшыня Валынскага абласнога аддзялення Нацыянальнай суполкі пісьменнікаў Украіны Ніна Горык спынілася на берасцейска-валынскіх літаратурных сувязях, сумесных праектах і выданнях. А яе калега Іван Чарнэцкі выступіў з вершаваным прывітаннем. Апрача іншых падарункаў, украінскія калегі перадалі берасцейскім бібліятэкам звыш 60 новых кніг. З вершамі сярод іншых выступілі лунінчане Мікола Ільючык, Вадзім Жылко і Віктар Філатаў. Гучалі і бардаўскія песні ў выкананні Алеся Паплаўскага і Вольгі Сідарук.

Што тычыцца альманаха “Жырандоля-3” (Брэсцкая друкарня, 2010, 320 старонак, наклад 300 асобнікаў), то ў ім сабраны творы каля 70 аўтараў — ад паэзіі і прозы да краязнаўства і крытыкі. Частка выдання прысвечана творчасці тых, каго ўжо няма сярод нас, але каго ўдзячна памятаюць іх сябры і калегі. Прадстаўлены ў зборніку і нашы землякі — змешчаны верш “Ніне Мацяш” Міколы Ільючыка і падборка вершаў Вадзіма Жылко.