Наканаванасць лёсу
04 марта 2011, 08:00

Наканаванасць лёсу

Да 65-годдзя А.С.Скакуна Дык дайце ж свабоду селяніну, мужыку. Хай вольна, творча працуе і дастойна, па заслугах атрымлівае. Аляксей Скакун
Поделиться

Гэта зараз ён вядомы вучоны-эканаміст, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларусі, старшыня калектыўнага прадпрыемства “Астрамечава” Брэсцкага раёна. А хто мог прадбачыць такі слаўны лёс чалавека, які з’явіўся на свет у першы дзень першай галоднай пасляваеннай вясны ў палескай вёсцы Дастоева Іванаўскага раёна? Дарэчы, у хаце, з акна якой бачны ўзгорак, дзе некалі стаяў маёнтак шляхцічаў Дастаеўскіх, продкаў сусветна вядомага пісьменніка. Былы панскі сад пры савецкай уладзе быў выкарчаваны, ліпавую алею пусцілі на дровы, а векавыя дубы, якія помнілі ўсіх Дастаеўскіх, згарэлі ў калгаснай кацельні. А пасля прыйшлі меліяратары, тыя ўсё зруйнавалі, нават па прыроднай крынічцы прайшліся плугам, рэчку Стругу выпрамілі, жаб з балота вынішчылі, нават урочышча “Царкоўніца” не пашкадавалі, дзе з XVII стагоддзя стаяла драўляная царква. Зараз сапраўдныя знаўцы гісторыі мараць аднавіць сядзібу Дастаеўскіх і стварыць тут музей (у школьным музеі — амаль тры тысячы экспанатаў). Калі гэта зрабіць, увесь свет прыязджаў бы ў Дастоева, каб пакланіцца Божаму куточку беларускага Палесся, дзе маюцца карані генія мастацкага слова.

Кажуць, растуць у Дастоева дастойныя. Пісьменнік Уладзімір Ліпскі ў сваім дакументальным аповедзе пра А.С.Скакуна “Мужык” у рамантычна-фальклорным стылі піша, як шматпакутная палеская зямля доўга і цярпліва чакала свайго рашучага і мудрага волата-збавіцеля ад бязладдзя, некампетэнтнасці і гвалту. Па старажытных павер’ях кожная літара імя мае свой адметны сэнс. Аляксей (паводле старагрэчаскай — той, хто аберагае, абараняе) мае 7 літар (шчаслівая лічба), якія азначаюць: А — жаданне нешта важнае пачаць і здзейсніць; Л — тонкае ўспрыняцце прыгажосці, мастацкі густ; Я — пачуццё сваёй вартасці, жаданне дасягнуць павагі; К — вынослівасць, крэда жыцця: усё або нічога; С — імкненне да ўсяго трывалага, надзейнага; Е — патрэба да самавыяўлення; Й — тонкая духоўнасць, чуллівасць, дабрыня. Гараскопы сцвярджаюць, што тыя, хто нарадзіўся ў дзень з лічбай “адзінка”, падпадаюць пад апеку самога Сонца. Яны вельмі рашучыя ў дасягненні сваёй мэты і высока ўздымаюцца па прафесійнай лесвіцы. З іх атрымліваюцца выдатныя кіраўнікі. Аляксей Сцяпанавіч Скакун вырас і стаў сапраўдным заступнікам селяніна, з 1982 г. — бяссменным старшынёй СПК “Астрамечава”.

Гэта сучаснае аграрнае прадпрыемства, у аснове якога — строга навуковы падыход да справы, цвярозы разлік і разумнае стымуляванне працы. І для плённай дзейнасці тут створаны ўсе спрыяльныя ўмовы. Таму ніякія селектарныя нарады, наганяі і “рэкамендацыі” вышэйстаячага кіраўніцтва не патрэбны. “Астрамечава” — своеасаблівы аазіс рэнтабельнага гаспадарання на беларускай зямлі. Хаця ёсць вельмі жывучая сярод калег Скакуна думка аб тым, што прыбытковая дзейнасць у аграрнай галіне ў нашай краіне немагчымая і патрэбны значныя дзяржаўныя ўкладанні для падтрымкі сельгасвытворчасці. Думка даволі спрэчная. Але, як бачна, менавіта яна дамінуе зараз у краіне.

Для многіх улада — гэта салодкая мара, здзяйсненне якой гарантуе ім высокі дабрабыт і рэалізацыю ўласных амбіцый, цешыць іхняе самалюбства, часцяком з вельмі сумніўнымі канчатковымі вынікамі. А для Скакуна ўлада — той інструмент, з дапамогай якога ён здолеў ажыццявіць векавыя мары сваіх продкаў, што вучылі нашчадкаў так: ”Просім вас, ніколі не піце пра запас. Мы ніводнага дня не прагулялі. У грашах не купаліся, але нікому не былі вінаватыя. Хай жа, дзеткі, спрыяе вам доля. Нікому яе не давярайце, у сваіх руках трымайце”. Аляксей Скакун на сваім прадпрыемстве здзейсніў мару продкаў аб вольнай, добрасумленнай, творчай і плённай працы на роднай зямлі. Такіх прадпрыемстваў у Беларусі хіба толькі з дзесятак набярэцца. Чаму так мала, чаму падаўляючая большасць з астатніх існуюць на агромністых дзярждатацыях? Таму што ў нас заўсёды з пэўнага часу перамагае большасць, якой бы якасці яна ні была…