Школьны дырэктар
04 марта 2011, 17:42

Школьны дырэктар

Хачу расказаць вам пра дырэктара нашай Любанскай СШ - Святлану Уладзіміраўну Антановіч.
Поделиться

Нарадзілася яна ў 1963 го-дзе ў Сінкевічах у сялянскай сям’і; бацька працаваў загадчыкам фермы, маці — швачкай. Святлане не было яшчэ сямі гадоў, як яна пайшла ў школу. Першая настаўніца А.А.Конарава спачатку не хацела запісваць дзяўчынку ў журнал: няхай паходзіць, і ахвота хутка прападзе. Але маленькая Света настойліва хадзіла на заняткі, імкнулася прыйсці як мага раней, каб заняць сваё месца, бо баялася, што яе адправяць дамоў (у класе ж і так было больш за 35 вучняў)…

Закончыўшы Мокраўскую пачатковую школу, пайшла ў чацвёрты клас Сінкевіцкай СШ. Класны кіраўнік Марыя Савічна Янкевіч выкладала матэматыку. Святлане вельмі падабалася настаўніца, таму і матэматыка стала любімым прадметам. Калі перайшлі ў дзевяты клас, Марыя Савічна з’ехала з вёскі, а матэматыку ў выпускных класах выкладаў Мікалай Іосіфавіч Луд. Тады Святлана і вырашыла: пайду вучыцца на настаўніка матэматыкі.

Паступіўшы ў Брэсцкі педагагічны інстытут імя Пушкіна, старанна асвойвала асновы вышэйшай матэматыкі, педагогіку, псіхалогію. У 1984 годзе разам з дыпломам атрымала накіраванне ў Любанскую СШ. З 1987 года — намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце, са студзеня 1990 года — дырэктар школы. Неаднаразова адзначалася граматамі аддзела адукацыі, абласнога ўпраўлення і Міністэрства адукацыі, у 2005 годзе ўзнагароджана знакам «Выдатнік адукацыі».

Гордасць Святланы Уладзіміраўны — яе дзеці: дачка працуе ў эканамічным універсітэце, сын заканчвае тэхналагічны ўніверсітэт.

Школа наша ўтульная і прыгожая. І ў гэтым немалая заслуга яе дырэктара.