Ля краю бездані

Ля краю бездані

11 марта 2011, 08:00
Автор:
691
Ад нечаканасці Таня асела. У гала ве зашумела, ногі, як прыклееныя да падлогі, не маглі скрануцца з месца. Асіплым ад страху голасам яна паклікала мужа. Здзіўленым позіркам ён абвеў жонку – тая ўжо раўла на поўную. Спрабуючы нешта вымавіць, яна настойліва паказвала пальцам на маленькі тэлевізар, што стаяў на кухонным шкапчыку. Не разумеючы слоў жонкі, Віталь павярнуў галаву ў бок тэлевізара: завяршаўся чарговы сюжэт крымінальных навін... 

Дзень быў цёплы, сонечны. Шалясцелі маладыя зялёныя лісткі на ветры, разліваліся спевамі птушкі. Прыемнай свежасцю дыхаў надвячорак, ясны, з веснавой прахалодай. Здавалася, толькі б радавацца такому надвор’ю, ды не, настрой азмрочваў не здадзены зранку залік. Першая пераздача. ”Як жа так?” Таня звечара была ўпэўнена, што атрымае чарговы запіс у залікоўцы. Аж не, у аўдыторыю ўваліўся двухмятровы ростам і “паўтарачны” ўшыр вусаты дзядзька. Незадаволеным позіркам абвёў прысутных, торкнуў пальцам на першы рад – маўляў, заставайцеся, астатнія — за дзверы. Так і залік паставіў – толькі першая пяцёрка здала. “Нават рот не паспела адкрыць, а ён ёй залікоўку вяртае”, – шапталіся пасля між сабой сяброўкі. Не ведаючы, куды сябе па-дзець, дзяўчына стала ў галаве пракручваць варыянты для супакаення. Лепшага, чым кінуць усё і паехаць дадому, у галаву не прыйшло. Там яе чакаў Віталь — хлопец, з якім у верасні планавалі зладзіць вяселле.

На пероне было не шматлюдна – усяго настаўніца, што жыла праз дзве станцыі адгэтуль і кожны дзень ездзіла на працу электрычкай, і бабулька, старэнькая, з палачкай і пустым вядром у руках. Добра, што чыгуначная ветка пралягала абапал інтэрната і не трэба было пёрціся з сумкамі на цэнтральны вакзал. Да прыбыцця электрычкі на станцыю заставалася каля 10 хвілін, як раптам дзяўчына ўспомніла, што забылася ў пакоі куртку. Неабходна было нешта рабіць, бо вечарам, калі прыедзе ў родны горад, трэба будзе яшчэ ісці на аўтастанцыю, а яна, як не ва ўсіх нармальных гарадах, невядома на якой адлегласці ад чыгуначнага вакзала, і гарадскія аўтобусы раз на час ходзяць. А надвор’е ноччу яшчэ няцёплае.

Вяртацца не хацелася, больш праз тое, што прымета дрэнная. Хуценька дастала з кішэні мабільны тэлефон і набрала сяброўцы. Хутка куртка была ў руках. Задаволеная сваёй кемлівасцю, яна села ў электрычку. У вагоне, як ніколі, было пуста: старая бабулька, што стаяла побач на пероне, ды малады хлопец з навушнікамі ў вушах і Таня. – Добра, — казала яна, — спакойна сабе заеду.

Недзе на палове шляху дзяўчына заўважыла, як у вагон зайшоў мужчына. Гадоў пад сорак пяць, сярэдняга росту, у скураной камізэльцы, джынсах, у акулярах з зацемненым шклом. Праўда, твар, як паказалася Тані, быў нібы нечым засмучаны. Лёгкай, меладычнай хадою ён накіроўваўся ў другі бок вагона, пры наблюжэнні да дзяўчыны яго крок станавіўся павольнейшым, цяжэйшым, нібы яго сілаю нехта пытаўся спыніць. Каб не прыцягваць да сябе ўвагу, Таня адвярнулася, зірнула ў акно. Яна не любіла заводзіць знаёмствы з чарговымі спадарожнікамі. Ды і настрой быў паганы.

Тым часам прахожы ўжо сядзеў насупраць. Пранікнёным позіркам ён спрабаваў зазірнуць у твар дзяўчыне. Яна ж, як малое спужанае кацяня, прытулілася да самога акна, сціснуўшыся і, схаваўшы далоні між кален, уставілася ў бягучую з акна пад цягніком зямлю. Незнаёмы назойліва спрабаваў завязаць гутарку.

— Вы, напэўна, з педінстытута? — не то пытаючы, не то сцвярджаючы, казаў спадарожнік.– А сумная, бо залік не здала, першакурсніца ж толькі?!

Ад яго слоў Таню як токам трасянула: ён што, мяне ведае? Дзяўчына толькі згодна кіўнула галавой. Субяседнік працягваў далей: расказаў пра паступленне, што доўга вагалася, не ведаючы, куды несці дакументы, пра інтэрнат і сябровак-пляткарак, пра тое, што з месяц назад у яе скралі грошы – гэтае ведала толькі яна, пералічыў усе захворванні (але было відаць, што чалавек не валодае медыцынскімі тэрмінамі, бо называў ён толькі хворыя органы), поўнасцю выклаў жыццё бацькоў.

Спалоханая, яна не асмельвалася папярэчыць незнаёмцу. Між тым сэрца білася ўсё мацней.

— Хочаш, дапамагу табе забыцца пра твае праблемы? Табе адразу палягчэе, — мужчына дастаў з унутранай кішэні безрукаўкі невялічкую бутэльку, грам пад дзвесце пяцьдзесят. Нехаця, але з унутранай цікавасцю, дзяўчына адарвала позірк ад акна. Першае, што кінулася ў вочы, — апушчанае вінтавое кальцо, значыць, бутэльку ўжо адкрывалі. — Але ж яна падверх поўная! На заводзе столькі не нальюць! — думала Таня.

— Не, я не п’ю, — працадзілаяна, але працягвала разглядаць падазроную пляшку. Насцярожваў і колер вадкасці — мутна-зялёны, са слабым карычневым адценнем.

— Што мне так не шанцуе сёння?! — працягваў суразмоўца. — Падышоў да адной у суседнім вагоне, хацеў пачаставаць, а, аказалася, у яе муж — міліцыянер. Думаю, не. Трэба рабіць ногі ад такой кампаніі.

— Дык мой муж таксама па форме ходзіць! – не чакаючы такога ад сябе, выдала Таня і падумала: — Добра, што рукі між кален схавала, каб “кальца” не ўбачыў, але што, хіба не ведацьме, што не замужам, а толькі збіраюся, ды і “муж” – не ў міліцыі, а ў пажарцы працуе.

Субяседніка як адрэзала. Можа, у людзях ён і разбіраўся, але акцёр з яго нікчэмны.

Каб не страх, дзяўчына пэўна б голасна рассмяялася: выраз твару — як хто кіпнем абліў. Унутры ўсё замерла. Яна чакала, што будзе далей. Спрабавала разважаць, чаго гэта не трэба звязвацца з жонкамі міліцыянераў, але хваляванне перамагала. Яна мітусліва перабірала пальцамі. Спадарожніку захацелася пакурыць. Узрадаваная адлучкай, бо ў вагоне б яе, калі што не дай Бог, і не пачулі б (бабулька выйшла на мінулай станцыіі, а хлопец з навушнікамі спаў на лаве ў другім канцы вагона), дзяўчына схапіла свае рэчы і кінулася ў другі вагон, процілеглы ад таго, куды пайшоў мужчына. Знахо-дзячыся яшчэ ў тамбуры, яна абапнела: праз шкляныя дзверы было добра відаць, што вагон поўнасцю пусты. Спрабуючы сябе абнадзеіць, яна з усяе сілы кінулася ў наступны. Там – усяго тры чалавекі. Сэрца стала біцца яшчэ мацней, калі ўверсе над дзвярыма вагона яна ўбачыла лічбу “2”.

Наперадзе заставаўся апошні вагон. Доўга вагаючыся, ісці ці не ісці (бо, калі што, можа было аказацца ў тупіку, як часам туды падыдзе той дзядзька), яна ўсё ж вырашыла хоць паглядзець, ці многа там людзей.

Пашанцавала. Сядзела недзе крыху больш за дзесяць пасажыраў.Таня ўладкавалася сярод іх. Цяпер, калі крыху супакоілася, пачала думаць, чаго гэта яна, як дурная, неслася праз увесь цягнік, каб схавацца ад незнаёмага чалавека, які нічога дрэннага і не зрабіў. Падумаеш, толькі жыццё расказаў. Каб была разумнейшай, дык яшчэ б і пра будучае запыталася, а то і сябрам не раскажаш, пасмяюцца толькі.

З тае паездкі прайшло больш за год. Спачатку неяк баязліва глядзела на электрычкі, потым крыху супакоілася.

Аднойчы пасля вячэры ўключыла на кухні тэлевізар. Адразу патрапіла на сюжэт з крымінальных навін. Жанчына з прыемным голасам звярталася да грамадзян з просьбай паведаміць у міліцыю, калі яны што-небудь ведаюць пра чалавека, які пераважна ў вячэрні час будніх дзён ездзіў па адным з кірункаў электрычкі, падыходзіў да адзінока сядзячых дзяўчат і, валодаючы экстрасенсорнымі здольнасцямі, схільваў да распіцця наркатычнай вадкасці. Потым разам з п’янай дзяўчынай выходзіў на станцыі, дзе ў яго была дача, насільна ўтрымліваў яе там нейкі час, пакуль не набярэцца чарговая партыя дзяўчат. Пасля – перапраўляў за мяжу…

Таня адчувала, што ногі становяцца цяжэйшымі. Яна клікнула мужа. І тут — крупным планам паказваюць здымак таго мужчыны, з якім давялося ехаць. Па шчацэ пацяклі слёзы. Муж ужо сам даслухоўваў, як зноў прасілі сведак ці пацярпелых пазваніць у міліцыю. Таня гэтага не чула.