Вясна

Вясна

11 марта 2011, 08:00
608
Трэба меркаваць, што назвы пораў года ўзніклі задоўга да пачатку новай эры ў асяродку старажытных індаеўрапейскіх дыялектаў, якія пазней перараслі ў шматлікія сем’і індаеўрапейскіх моў. І ў кожнай сучаснай мове такія найменні розняцца.

Нашы ж назвы пораў года сфарміраваліся на прасторы пасялення праславянскіх груповак антаў, славен і венетаў яшчэ да VI стагоддзя нашай эры. (Пра гэта ўпамінаецца ў працах старажытнага гісторыка Іярдана, 551 год — Г.А.Хабургаеў. “Старославянский язык”, Масква, 1986, с. 13).

У помніках славянскай пісьменнасці зафіксаваны словы “зіма” і “лета” як два процілеглыя тэрміны ў значэнні “халодны перыяд” і “цёплы перыяд”. Гэтыя ж тэрміны значылі і адлік часу: некалькі лет, некалькі зім… Ды і ва ўсіх старажытных летапісах адлік вёўся летамі. Напрыклад: “В лето 6495 (987)…”, “Того ж лета (1327)…” і г.д.

Тэрмін “вясна” ўпершыню быў увасоблены ў “Аповесці мінулых гадоў”: “В лето 6618 (1110). Идоша весне на половце Святополк, и Володимер, и Давыд…”

Чытаючы старажытнарускія і старажытнабеларускія пісьмовыя творы, можна заўважыць, што лексема *vesna набыла больш звужанае значэнне, чым *leto. Слова “вясна” стала абазначаць толькі пачатак цёплага перыяду ці прамежак між халодным і гарачым перыядамі. У старажытнарускай мове быў вядомы тэрмін “пролетие”, што значыла “час перад летам”, які менавіта суадносіўся з перыядам вясны.

А ў балгараў і македонцаў і зараз афіцыйна вясна называецца “пролет”, падобна гучыць гэтае слова ў сербаў і харватаў. Усё ж у большасці славянскіх народаў гэты перыяд года носіць назву “вясна” (беларускае “вясна”, рускае “весна”, украінскае “весна”, польскае “wiosna”, славенскае “vesna”).

А вось у чэхаў (“jare” — “ярэ”) і славакаў (“jar” — “яр”) вясна падаецца ў варыянце старажытнаславянскага *jaro. Назва цесна звязана з язычніцкім богам урадлівасці і абаронцам земляробаў Ярылам. У даўнія часы ўвесь славянскі люд 10 мая гучна святкаваў Ярылавіцу; культ Ярылы захаваўся ў абрадавых вясенніх песнях да нашага часу. У адной з песень спявалася:

Ходзіць Ярыла

Палямі, ярамі,

Яравому жыту

Колас надзявае,

Яраву пшаніцу

Сокам надзяляе.

А яшчэ спявалася, што “добры Ярыла людзям дзетак плодзіць, палям жыта родзіць…”

Ярыла быў у пашане ва ўсіх славянскіх народаў. Нездарма з яго імем звязаны назвы вясновых злакавых культур: яравыя, ярыца, ярына; назва нованароджаных хатніх жывёл, асабліва авечак: ярка, ярачка; а таксама словы “яркі”, “яра” і ўтвораныя ад іх — ва ўсіх славянскіх народаў. Ёсць сведчанне, што ў нашых далёкіх продкаў вясна называлася ярай.

На аснове чаго ў нашых продкаў узнікла слова “вясна”? Верагодна, ад кораня -ясн- і вытворных з яго слоў: ясна, ясна, гэта сначыць сонечна, светла.