Сінкевіцкія паштавікі

Сінкевіцкія паштавікі

25 марта 2011, 08:00
493
На цэнтральнай вуліцы Сінкевіч прываблівае вока акуратны, светлы, бела-блакітны домік. У ім месціцца аддзяленне паштовай сувязі. У першай палове дня тут найбольш ажыўлена. Паштальёны ўвішна сартуюць газеты, паштоўкі, адбіраюць тавары паўсядзённага попыту для продажу вяскоўцам. Нямала людзей каля стойкі аператара.

Расказвае начальнік аддзялення Вольга Альшэўская:

— Абслугоўваем 783 сядзібы ў вёсках Сінкевічы, Мокрава, Острава, Намакрава, Лутавень, Сітніцкі Двор і на хутары Хобат з насельніцтвам амаль 2000 жыхароў. Асноўная нагрузка прыпадае на паштальёнаў. А гэта падпіска, гандаль таварамі паўсядзённага попыту, рэалізацыя газет і часопісаў, канвертаў, марак, паштовак… Аказваем і іншыя паслугі. Гэта інтэрнэт, фота, страхаванне, аплата па банкаўскаму тэрміналу, прыём грошай за тэлефон, электраэнергію і за іншае. У рабочыя дні працуем з 8 да 17 гадзін без абеду. Выхадныя ў нас у нядзелю і панядзелак.

Знаёмімся і з пашта-вікамі, бо ім хутка ў дарогу… Таццяна Губіч аб-слугоўвае 180 двароў у Сінкевічах і Мокраве. Працуе на пошце з 1999 года. Валянціна Фурсевіч. Пад яе апекай 360 двароў у Сінкевічах і Лутавені. Яўгеніі Астапец неабходна абысці 198 сядзіб у Сінкевічах і Сітніцкім Двары. Таццяна Крывулец наведвае 168 дамоў у Сінкевічах, Остраве і Намакраве.

Разам з Таццянай Крывулец выходзім «у народ». Паштальёнка добра загрузіла свой ровар сумкамі з перыёдыкай, іншымі таварамі. У дадатак на гэты раз — яшчэ і выплата пенсій. Каля брамак на некалькі хвілін спыняемся. Таццяна хутка дастае газеты і апускае ў скрынкі. Але, на жаль, не на кожнай брамцы ёсць паштовыя скрыні, некаторыя без дзверак, а дзе-нідзе прыходзіцца газету несці ў дом, бо зусім няма скрынак.

Зазначым, што вяскоўцы ўдзячны сувязістам за добрае абслугоўванне, за тое, што адгукаюцца на просьбы. Дарэчы, як расказваюць самі паштавікі, калі каму-небудзь штосьці спатрэбілася, то вывешваюць на брамках хто вядзерца, хто яркі пакет ці стужку.

Тут добра выпісваюць і прадаюць «Информ-прогулку».

Каментарый начальніка Лунінецкага вузла паштовай сувязі Ніны Васільеўны Дударга:

— Сапраўды, паштовае аддзяленне ў Сінкевічах займае лідзіручае стано-вішча па ўсіх паказчыках. Летась па выніках 2 паўгоддзя калектыў заняў 3 месца сярод 38 аддзяленняў раёна.

І гэта нягледзячы на тое, што тэрыторыя і колькасць абсугоўваемых вёсак даволі пашыраная і патрабуе больш намаганняў. Вельмі добра наладжаны продаж тавараў паўсядзённага попыту. Паштавікі маюць спрыяльны кантакт з вяскоўцамі і аператыўна, поўна задавальняюць іх патрэбы.

Прайшло амаль тры месяцы гэтага года. Зноў жа сінкевіцкія паштавікі адныя з лепшых па выручцы ў натуральных паказчыках.