Вясновыя эцюды

Вясновыя эцюды

08 апреля 2011, 08:00
492

Алешнік

У чарадзе апошніх сакавіцкіх дзён выдалася некалькі светлых, сонечных — і ажыла прырода. З бліжэйшага алешніку пацягнула тонкім своеасаблівым пахам. Я здагадаўся: зацвіла вольха.

Алешына — адна з самых ранніх дрэў-першацветаў. У гэтага дрэва свой «характар». Яна непераборлівая: можа вырасці ў грузкім балоце, уладкавацца на пяску, узабрацца на каменне — і ўсюды ёй добра. Яна — і першапраходца: першай селіцца на пустэчах. Заселіцца — а за ёю бярозкі, асінкі ды іншыя насельнікі з`явяцца.

І, як ні адно дрэва, адначасова насенне высявае і зацвітае. На вольхах скрозь навешаны мінулагоднія шэрыя кругленькія шышачкі. У сухое надвор`е расколюцца, раскрыюць расшчэпінкі, а павее вясновы ветрык — і сеецца мноства малюсенькага лёгенькага насення. Адны насенінкі рассыплюцца тут жа, па траве, іншыя вецер занясе (калі ёсць блізка) на водную гладзь. І з соцень тысяч семак прарастуць толькі адзінкі самых шчаслівых, што стануць алешынкамі.

А пакуль што рослыя алешыны выпускаюць дробненькія чырвоныя шышачкі і распускаюць доўгія завушніцы, якія вось-вось запыляць, каб зноў сфарміраваць насенне.

Гімн роднаму куточку

Красавіцкі ранак патыхаў прахалодай. Як толькі развіднела, у бліжэйшым алешніку галасістымі пералівамі апавясцілі з`яву новага дня лясныя жаваранкі. Нёсся спеў, звонкі, мілагучны, і, здавалася, уся прырода замілавана слухала тыя чароўныя гукі.

Як толькі з-за гарызонту выкаціўся дыск сонца, лес агала-сіўся мноствам птушыных спеваў: дзе бярэзнік — заліліся спевам дразды і слаўкі, у сасонніку рассыпалі трэлі берасцянкі.

Птушкі вярнуліся з выраю. Яны яшчэ не пачалі віць гнёзды, бо лес голы, а толькі занялі вольныя ўчасткі і голасна апавяшчалі аб месцы засялення. У тон самым галасістым спевакам агалошвала абшар шматлікая птушыная драбяза. Гэта быў гімн роднаму куточку, які кожную ноч сніўся ў далёкай чужбіне.