Праведнік і Пакутнік

Праведнік і Пакутнік

29 апреля 2011, 08:00
1075
Да 90-годдзя Міколы ЕрмаловічаТолькі праўдзівая гісторыя з’яўляецца сапраўдным духоўным здабыткам народа. М.Ермаловіч

Нам, беларусам, відаць, яшчэ нямала часу спатрэбіцца для таго, каб па-сапраўднаму спазнаць і ацаніць сваю гісторыю. Тое, што гэта пакуль не адбылося, з’яўляецца адной з галоўных, не ўсвядомленых нашым грамадствам, прычын шматлікіх сённяшніх цяжкасцей у справе пабудовы суверэннай беларускай дзяржавы. Самаідэнтыфікацыя беларускай нацыі па вялікім рахунку яшчэ не адбылася.

Мікола Іванавіч Ермаловіч быў адным з тых людзей, якія дапытліва і па-навуковаму ўзважана выявілі сапраўднае паходжанне беларусаў і іх слаўнае мінулае. Між тым наша гістарычная навука была і дасюль застаецца ў значнай ступені міфалагізаванай. Гэтыя гістарычныя міфы вельмі перашкаджаюць натуральнаму паступоваму развіццю беларускай нацыі літаральна ва ўсіх сферах жыцця — і ў палітыцы, і ў эканоміцы, і ў адукацыі, і ў духоўнасці. Беларусы быццам бы і шануюць сваю мінуўшчыну (яскравы прыклад — любоў да гістарычнай прозы У. Караткевіча), і ў той жа час нярэдка дэманструюць сваю забітасць, прыніжанасць, гістарычнае бяспамяцтва ў рэальным жыцці, залежнасць ад больш моцных і заможных краін. Тое, што ў беларусаў былі свая дзяржаўнасць, свой “залаты час” у еўрапейскім кантэксце развіцця, што трэба толькі “успомніць усё”, яшчэ ў значнай ступені не ўвайшло ў іх цяперашнюю свядомасць.

Ужо першая навуковая праца Міколы Ермаловіча “Па слядах аднаго міфа” стала сапраўднай сенсацыяй. Яна доўгі час хадзіла па руках у самвыдаце, толькі пры канцы 80-х выйшла асобнай кнігай. З яе вынікала, што ніякай “заваёвы літоўцамі беларускіх земляў” (гэта шмат гадоў замацоўвалася ў падручніках і, такім чынам, у галовах некалькіх пакаленняў беларусаў) не было, а сама летапісная Літва знаходзілася на сучаснай тэрыторыі Беларусі. Такая выснова была зроблена не з нейкіх прыўладных “кароткіх курсаў”, а з першакрыніц-летапісаў, дакументальных сведчанняў. Гэта ўжо быў не заказны міф, а праўда, якая вынікала з логікі падзей, што былі ў сапраўднасці. Менавіта фактаграфія і гістарычная логіка — галоўныя рысы працы Ермаловіча.

У гістарычнай навуцы да таго часу ўмацавалася думка, што Вялікае княства Літоўскае (ВКЛ) было літоўскай дзяржавай, што яго ўтварэнне пачалося з заваёвы літоўскім князем Міндоўгам у сярэдзіне XIII ст. шэрагу беларускіх земляў. Паводле Міколы Іванавіча ўсё адбывалася з дакладнасцю да наадварот. Якраз беларускі Навагарадак заснаваў ВКЛ, і першым крокам да гэтага паслужыла заваёва Літвы. У ВКЛ нічога, апроч назвы, не было літоўскага (як, прыкладам, у нямецкай Прусіі — нічога пачаткова прускага). “ВКЛ як па сваім утварэнні, так і па далейшым сваім гістарычным змесце было тыповай беларускай дзяржавай”, — пісаў Ермаловіч.

З пачатку XV ст. у ВКЛ ужо была свая літаратурная беларуская мова. На гэтую мову ў 1517 г. пераклаў Біблію Францыск Скарына. Некаторыя нашы акадэмікі ад гісторыі не змірылі свой гонар і не ўспрынялі як след канцэпцыю Ермаловіча. Не маючы ніякіх контраргументаў, яны паблажліва называюць Міколу Іванавіча “простым вясковым настаўнікам”. Так, ён не меў навуковых рэгаліяў. Такіх людзей цікавіць у першую чаргу навуковая ісціна, а не высокія званні і ўзнагароды. На вялікі жаль, гэтыя паняцці ў нас дасюль далёка не заўсёды сумяшчальныя. Таму і растуць новыя пакаленні манкуртаў — людзей, пазбаўленых гістарычнай памяці.

Мікола Ермаловіч ў дзяці    нстве амаль пазбавіўся зроку. У апошнія гады жыцця ён мог адрозніць толькі святло ад цемры. Ёсць нейкі таямнічы сімвал у тым, што амаль невідушчы чалавек зрабіў спробу адчыніць вочы беларусам. І загінуў пад коламі таксоўкі, пераходзячы адну з мінскіх вуліц у сакавіку 2000 года. Такая смерць аднаго з тых, хто стаў сумленнем і гонарам нацыі, будзе яшчэ доўга невыносным цяжарам ляжаць на душы беларусаў.Ён пісаў і вершы. Вось некалькі радкоў:

Незайздросную хоць долю маю,

Ды на лёс не наракаю я,

Бо найбольшае ў тым шчасце маю,

Што жыць будзеш, Беларусь мая!

У 1992 годзе ён адным з першых у незалежнай Беларусі быў уганараваны Дзяржаўнай прэміяй.