Ці спрыяльны для творчасці час?

Ці спрыяльны для творчасці час?

02 июня 2011, 12:22
927
Год назад Лунінецкая філія ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» сумесна з баранавіцкімі і брэсцкімі журналістамі і пісьменнікамі правяла ў Лунінцы круглы стол на тэму ўзаемадачыненняў журналістыкі і літаратуры. Сёлета аналагічнае мерапрыемства адбылося зноўку, а тэма яго гучала так: “Творчасць: дзякуючы ці насуперак?” Інакш кажучы, ці спрыяюць жыццёвыя праблемы, сацыяльныя, эканамічныя і палітычныя канфлікты творчасці або, наадварот, негатыўна адбіваюцца на ёй?

У дыскусіі, якая фактычна была сумешчана з літаратурна-музычнай вечарынай, бралі ўдзел лунінецкія літаратары, журналісты, педагогі і вучні, супрацоўнікі бібліятэк, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый… Але найперш слова надалі гасцям з Брэста.

Мікалай Аляксандраў — вядомы на Беларусі і за яе межамі журналіст, у 1990 годзе заснаваў і дагэтуль рэдагуе незалежную газету “Брестский курьер”, якая неаднойчы станавілася лаўрэатам прэстыжных прэмій, карыстаецца павагай у прыхільнікаў вольнага і аб’ектыўнага слова. Але Мікалай Аляксеевіч — таксама і паэт, аўтар зборнікаў “Кварта” (2002) і “Долгий путь в Китеж” (2009). Кіцеж, як вядома з фальклору, — гэта легендарны горад, што апусціўся на дно возера, каб схавацца ад ворагаў-чужынцаў. Родная вёска М.Аляксандрава — Мегра Валагодскай вобласці — таксама апынулася пад вадою, хоць і не па ўласнай волі: затапленне гэтых мясцін адбылося ў час будаўніцтва Волга-Балтыйскай воднай сістэмы. Жыхароў прымусова высялялі з родных мясцін. У 1968 годзе разам з сям’ёю 14-гадовы юнак апынуўся на Далёкім Усходзе, у Хабараўску.

Праз некалькі гадоў паступіў на факультэт журналістыкі Уладзівастоцкага ўніверсітэта, але не скончыў яго, бо вырашыў працягнуць вучобу ў знакамітым на той час маскоўскім Літаратурным інстытуце. Відаць, педагогі на ўступных іспытах разгледзелі ў юнаку з далёкай правінцыі іскру таленту, бо ён быў залічаны ў прэстыжную ВНУ. Пасле заканчэння і да прызыву ў войска працаваў нейкі час ў часопісе “Наш современник”. З 1980 года — у Брэсце, амаль дзесяць год аддаўшы газеце “Заря”, а потым заснаваўшы ужо згаданы “Брестский курьер”. М.Аляксандараў — сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў. Цікава, што апошнім часам рускамоўны паэт пачаў пісаць і па-беларуску.

 Уладзімір Глазаў — прадстаўнік маладзейшага пакалення (нарадзіўся ў 1974 годзе ў Брэсце). Паступіў на тамтэйшы філфак, але потым пакінуў яго, зразумеўшы, што “філалогія і паэзія несумяшчальныя” (філолаг у лепшым выпадку можа каментаваць або ацэньваць той ці іншы твор, у той час як паэт сутыкаецца з творчасцю не звонку, а знутры). Уладзімір вядзе ў газеце “Брестский курьер” цікавыя рубрыкі па культуры і гісторыі, з’яўляецца адным з заснавальнікаў інтэрнет-часопіса “ЛИТРАЖ”.

 Алесь Паплаўскі нарадзіўся ў 1958 годзе на Кобрыншчыне. Cкончыў Полацкі лесатэхнікум і Беларускі тэхналагічны інстытут. Жыве і працуе ў Брэсце, сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў. Алесь Фядосавіч — аўтар кніг паэзіі “Спынены лістапад” і “Незваротнасць”, прозы — “Тэрыторыя скразнякоў” і “Пастка для рэха” (2009). Апошняя кніга адзначана прэміяй імя Ул.Калесніка, заснаванай Брэсцкім аблвыканкамам. А.Паплаўскі не аднойчы наведваў Лунінеччыну ў час фестываляў “Лунінская восень”. Вядомы ён і як бард, чые творы ўключаны ў дыск “Барды Свабоды” (праект аднайменнай радыёстанцыі). У час сустрэчы прагучалі не толькі вершы, але і песні ў выкананні А.Паплаўскага. У сваёй жа прозе ён аддае даніну найперш псіхалагізму паводзін герояў.

Прадставіўшы гасцей, вернемся да асноўнага пытання дыскусіі. Думкі тут розніліся. Калі М.Аляксандраў лічыць, што газетная “злоба дня” і паэтычная творчасць — збольшага з’явы рознага парадку (хаця сапраўдныя творцы нярэдка выступаюць у якасці “властителей дум”, дапамагаюць грамадству знайсці маральныя арыенціры), то Ул.Глазаў адзначыў, што творцу ў любых жыццёвых калізіях найперш павінен цікавіць “чалавечы фактар”, бо ўсе нашы праблемы і канфлікты абумоўлены, па вялікім рахунку, тымі ці іншымі чалавечымі якасцямі. А.Паплаўскі выказаў, па яго словах, магчыма, спрэчнае меркаванне, што разнастайныя няпростыя і часам драматычныя абставіны спрыяюць творчасці, не даюць самазаспакойвацца, абуджаюць чалавечыя душы.

Са сваімі меркаваннямі і творамі ў час круглага стала выступілі таксама лунінецкія журналісты і літаратары: Віктар Філатаў, Іван Панасюк, Сцяпан Нефідовіч, Рыгор Жук, Аляксандр Хаўдзееў, Віктар Пінігін… Аб ролі мастацкага слова ў выхаванні моладзі, вопыце выдання школьных малатыражных газет выказаліся педагогі Алена Ціхамірава, Ніна Трэгубава, Ірына Скачынская, аб суадносінах жыцця і творчасці — кіраўнік раённага таварыства інвалідаў Людміла Курак. Ад імя раённай бібліятэкі ўдзельнікаў вітала загадчык аддзела маркетынгу Таццяна Карпуковіч. Не абышлося без абмену сувенірамі і аўтографамі.

Дададзім, што перад пачаткам імпрэзы брэсцкія госці пазнаёміліся з раённымі музеем і бібліятэкай.

Из стихов Н.Александрова

* * *

Когда пришла

наконец Свобода,

мы её не узнали.

Бродила она посреди народа

в траченной молью шали.

Переплетались боны, купоны,

лёгкие миллионы.

Срубали бабки,

нахально кротки,

розовые колготоки.

И слонялась она деревенскою дурой

от Энгельса до Советской.

Эпоха цвела

уходящей натурой

за блёклою занавеской.

Шёл БТР по чеченской пожне

бурного бранного поля.

Это ещё аукнется позже

неистребимой болью.

Странно, что мы

её не приметили,

не окликнули даже.

Посеяли бурю

в минувшем ветре,

не узнав о пропаже.

* * *

Что остаётся про запас

В нелепой спешке расставаний?

Десяток

отзвучавших фраз,

Да две заколки на диване

Оброненные, да конверт
Пустой,

заброшенный на полку,

Да ожидающая дверь,
Не запертая на защёлку…