Ці будзем з хлебам?

Ці будзем з хлебам?

28 июня 2011, 11:25
447
Звычайна май асацыіруецца з дажджамі, прахалодай. Такое надвор`е спрыяе ўраджаю зерневых. Кажуць: «Май халодны - год хлебародны». І хлебароб заўжды радаваўся такому надвор`ю. Бо хлеб - усяму галава.

Сёлета ўсё пайшло наперакасяк: запанаваў сухавей. На пачатку месяца ціснулі сухія халады, напрыканцы — смаліць гарачыня. З самага ранку прыпякае, а з абеду паветра накалена, нібы хто з вялізнай печы адсунуў засланку — дыхае даўкай гарачынёй.

Бывае, павее вецер, але і ён не мяняе стану: ні свежасці, ні прахалоды. Вяскоўцы ў недаўменні: нешта не тое дзеецца. На Палессі ды такая сушыня.

— Даасушаліся, — робяць выснову некаторыя. — Рыюць, капаюць, асвойваюць новыя гектары, а на ўраджаі страчваем тысячы цэнтнераў.

На ўзвышынах ушчэнт парыжэлі травы. Толькі што высунуліся з зямлі, а ўжо, глядзіш, пажухлі. І ў палях пакутуюць пасевы: азіміна толькі ўвабралася ў калоссе, а ўвачавідкі святлее, пачалі жоўкнуць яравыя. На пясчаных участках вяне бульба.

Усё прагне дажджу. Але дзе той дождж? Вечарамі ды ранкам людзі адчайна паліваюць агароды і кветнікі. А хіба напоіш усё? Лугавіны, дзе звычайна вільготна, і тыя ссохлі, счарсцвелі. Замест высокіх сакавітых траў — невысокая, зрэджаная шчэць.

Не толькі людзі, але і сельгаскааператывы адчуюць нястачу ў кармах. І хвалююцца людзі: а ці будзем з хлебам?