Салаўіныя вечары

Салаўіныя вечары

29 июня 2011, 14:17
678
На працягу мая і амаль увесь чэрвень паркі, сады, скверы, лясы з густым падлескам поўняцца прыгожымі салаўінымі спевамі. Традыцыйна ў гэты час ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны” праводзіць кампанію па ўліку салаўёў “Салаўіныя вечары”.

Упершыню ў гэтым годзе вучні Любанскай школы далучыліся да акцыі і палічылі птушак у вёсках Любань і Лахаўка. Данута Краснікевіч, Яна Нефідовіч, Аляксандра Янковіч і Яўген Пятроўскі праехалі ўздоўж вясковых вуліц на веласіпедах і адзначылі спяваючых птушак. Вынік атрымаўся наступны: у Любані налічылі 38, а ў Лахаўцы — 23. Дарэчы, не ўсім жыхарам нашых вёсак пашчасціла слухаць прыгожыя спевы — ёсць участкі вуліц, дзе салаўёў не чуваць, але разам з тым, ёсць і сапраўдныя салаўіныя куточкі, асабліва ў Лахаўцы, дзе птушкі пяюць амаль з кожнага куста.

Песня салаўя лічыцца адной з самых прыгожых з птушыных спеваў. Трэба адзначыць, што выкананне рознымі самцамі (а спевакі менавіта яны) асноўнай салаўінай тэмы адрозніваецца па сіле, складанасці, чысціні. Прымаўка “У дурнога салаўя — дурная песня”, мае пад сабою пэўную аснову: і ў салаўёў ёсць няздольныя да песеннай навукі. Цікава, што калі недзе з’яўляецца надзвычайна таленавіты спявак, то ў хуткім часе ўзрастае агульны ўзровень спеваў салаўёў ва ўсёй акрузе. І наадварот, калі гіне лепшы выканаўца, то наступнае пакаленне здольна выконваць толькі вельмі просценькую песеньку. Пасля ўлікаў усе пагадзіліся: нашы салаўі спяваць умеюць!