У пары — 60 гадоў

У пары — 60 гадоў

Я хочу вам рассказать пра прыгожую сямейную пару з Дварца - Уладзiмiра Маркавiча i Кацярыну Iванаўну Каховiчаў.

Сёлета, у першую нядзельку пасля Тройцы, спаўняецца шэсцьдзесят гадоў, як яны ажанiлiся — так сказаць, брыльянтавыя юбiляры.

Адбылося гэта ў далёкiм 51-м. Жанiху тады было 25 гадоў, а нявесце — 19.

Вяселле не было вельмi багатым i пышным, бо не так даўно адышла вайна, ды i жанiх толькi напярэдаднi восенню вярнуўся з армii. Але затое было каханне, маладосць, надзеi на лепшае жыццё, таму i маладым, i гасцям было весела i хораша на душы.

Напэўна, Бог iх благаславiў у тыя хвiлiны, калi яны давалi клятву адзiн аднаму, бо пайшлi яны поплеч па жыццi хораша i па-чалавечы талкова i шчаслiва.

Кацярынка, хоць i маладзейшая была за мужа, але спакойная, разважлiвая, а ён жа як агонь — быстры, неўтаймаваны, нецярплiвы. Жонка яго лагодна ўраўнаважвала. А ён жа такi ўдалы — не пiў, любiў яе адну, а работы на яго было не набрацца, хоць яе хапала вышэй галавы.

 У 44-м яму было ўсяго васемнаццаць гадочкаў, але ж забралi на фронт, бо армiя ў кравапралiтных баях выбiвалася не па днях, а па хвiлiнах, і папаўняць яе трэба было маладымi.

Служыў салдат верай i праўдай, чэсна i добрасумленна. Але ж, дзякуй Богу, застаўся жывы, цэлы i здаровы.

Ды для яго ў маi сорак пятага вайна не скончылася: адправiлi на японскi фронт. I таксама для маладога салдата ўдачна: пакуль дабiралiся на Далёкi Усход, Японiя падпiсала капiтуляцыю.

З ваенных прыгод запомнiлася ветэрану, як у Венгрыi было дзiўным дзiвам тое, што гаспадар, у якога яны па ходу баёў затрымалiся на некалькi сутак, у хляве трымаў такую чысцiню i парадак, што не кожны так даглядае ў хаце. А яшчэ мангольскiя стэпы, дзе так не хапала вады (а iшлi сваiм ходам), што ўсё ўнутры перасыхала.

Даслужваў 5 гадоў у Кiтаi на Ляадунскiм паўвостраве, у горадзе Далянь (Дальнi — па-нашаму), дзе знаходзiцца мiжнародны марскi порт.

 Вярнуўся дахаты — бедна, гола, у бацькi сям`я вялi-кая, нi апрануцца, нi абуцца.

Рашыў пашукаць работу ў горадзе. Але як яе знайсці: пашпартоў не было, а з сельсавета даведку аб пасведчаннi асобы даваць не хацелi — мужчынскiя рабочыя рукi ой як трэба былi ў сяле.

Але хлопец настаяў на сваiм i неўзабаве стаў працаваць у чыгуначным дэпо слесарам.

Гэта цяпер хапае транспарту, дабрацца да Лунінца можна ў любы час сутак. А тады — пешшу. 12 кiламетраў туды, (i каб на 8 гадзiн ранiцы быў на рабоце), ды 12 — назад. I так кожны дзень, за выключэннем аднаго выхаднога дня — нядзелькi.

Усяго раз на тыдзень мог юнак схадзiць на забаву. Але ж прыкмецiў сярод дзяўчат сваю нарачоную. Прыгожая, круглатварая, з гордай постаццю, нешматслоўная Каця запала яму ў сэрца. Зiму пасустракалiся — i ўвесну зладзiлi вяселле.

Пара падабралася вельмi ўдалая: усё iшло ладком, разумна, спакойна. I пайшлi дзецi адно за адным: сыны Васiль, Iван i Коля, а таксама дачушка Оля.

Пацiху налаждваўся дабрабыт. Спачатку ў 53-м купiлi на Добрай Волi драўляную хату, бо тут, у Дварцы, амаль усё было спалена i людзi жылi хто ў чым: у каго ўцалеў хлеў, бывала, i хата, а то ўсё ў зямлянках.

 Маладая жонка i дзяцей гадавала, i на работу ў калгас паспявала, i гаспадарку з мужам немаленькую трымалi. Усё як у людзей: карова, свiннi, куры. Удалiся абое такiя працавiтыя, руплiвыя. У Кацярыны ў хаце, нягледзячы на тое, што чацвёра дзяцей, — чысцiня, парадачак, дзецi акуратненькiя, накормленыя. I агарод дагледжаны не горш, чым у людзей.

Трэба сказаць, што ох i рвалi людзi жылы. Гэта цяпер сена спакойна можна купiць, можна наняць касiлку. Карацей кажучы, i лёгка, i проста, але ж маладыя трымаць кароў нiяк не хочуць.

А тады ж усё ўручную. Дабярыся да балота (а гэта не маленькi шлях!), накасi сена на ўсю зiму. Ды каб жа толькi на адну сваю карову, а то ўсяго на дзесяць працэнтаў. Гэта ж атрымлiваецца, 9 тон у калгас, i толькi дзесятая  — сабе.

Маркавiч i Iванаўна толькi ў прошлым годзе вымушаны былi прадаць кароўку — рукi сталi балець у гаспадынi, цяжка стала даiць.

 Маркавiч не бегаў у пошуках лепшага месца. Трымаўся адной работы. Калi расфармiравалi дэпо, пачаў працаваць у «Сельгас-тэхнiцы» электрагазазваршчыкам. Вось тут ён i атрымаў першую мiрную ўзнагароду — ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, якi далучыўся да ордэна Айчыннай вайны 1-й ступенi ды медалёў «За адвагу», «За перамогу над Германiяй» i «За перамогу над Японiяй».

Да гэтага часу ўжо быў куплены i веласiпед. О, гэта быў найлепшы транспарт! Хоць не было яшчэ асфальту, але ўсё ж не пехатою i ў горад, i на работу, i на Прыпяць — на сенакос, i на соткi.

Дзецi ўдалiся як на падбор. Усе трое хлопцаў i дачушка вучылiся ў школе вельмi добра. Бацькам нiколi не было сорамна нi за iх вучобу, нi за паводзiны. Атрымалi сыны вышэйшую адукацыю: Васiль — iнжынер, Iван — настаўнiк, Мiкалай — начальнiк пашпартнага стала. Оля працуе ў гандлi. Усе чацвёра цяпер з сем`ямi. Пайшлi ўнукi — iх 10, праўнукаў 7. «Яшчэ адзiн на падходзе», — гаворыць задаволена дзед Валодзя. «Не адзiн, а тры», — папраўляе яго бабка Кацярына. Падлiчыўшы, дзед, засмяяўшыся, згаджаецца.

«Прызнайся, Маркавiч, — жартам пытаюся ў гаспадара, — бiў калi-небудзь сваю Кацярыну»? «Не, — цвёрда адказвае гэты сталы чалавек з маладымi вачыма i юнацкай жвавасцю і дабаўляе: — Не, нiколi». «Адзiн раз, — смяецца Кацярына Iванаўна, — быў падпiў на нейкай «прычыне», то прыйшоў дахаты i так малацiў цэбра нагамi, мусiць, яму тады ўсё ж хацелася з некiм пабiцца».

 Даўно ўжо яны, паважаныя ветэраны, жывуць у керамiчным доме, нядаўна правялi прыродны газ, паставiлi ванну i туалет (праўда, тут ужо больш шчыруе зяць) — жывi i радуйся.

Унукi iх не забываюць. Наведваюць, па магчымасцi, часта i з пачастункамi i стараюцца што-кольвечы дапамагчы. Двое з iх жывуць у вялiкiх гарадах: унук Саша ў Брэсце, а ўнучка Iна — у Мiнску.

«Няхай i нашы ўнукi паспрабуюць гарадскога жыцця, — слушна заўважае дзед, — а то ўсё сяло ды сяло. Там i магчымасцей больш, i праўнукам развiццё лепшае».

Вось так шчаслiва складваўся лёс маiх герояў да нядаўняга часу. Але раптам захварэў сын Iван. Хвароба цяжкая i страшэнная. I мацi, Кацярына Іванаўна, на ветры хiстаецца, высахла ў цёсачку, толькi трымаецца той колiшняй прыроднай стаццю. I бацьку гора прыгiнае да зямлi. Каб маглi, самi б заступiлi на месца сына. Але няма такой магчымасцi. I пакутуюць абое, хоць iх душы адтойваюць на мiг, калi дзед з бабуляй любуюцца на сваё патомства, на свой выдатны маладняк — унукаў i праўнукаў.

А мы далучымся да iх дзяцей i пажадаем юбiлярам i моцнага здароўя, i яшчэ доўгiх-доўгiх гадоў такога прыгожага, чэснага жыцця, i здароўя iх сыну Iвану — цудоўнаму, слаўнаму чалавеку.