Збіральнікі фальклору
05 июля 2011, 16:19

Збіральнікі фальклору

У чарговы раз на Лунінеччыну завітала экспедыцыя студэнтаў Беларускага дзяржаўнага педуніверсітэта імя М.Танка (у рамках фальклорна-этнаграфічнай практыкі).
Поделиться

У складзе групы былі студэнты другога курса, якія займаюцца па спецыяльнасцях «Сусветная і айчынная культура. Рытміка, харэаграфія» і «Сусветная і айчынная культура. Фальклор» на чале з дацэнтам кафедры этналогіі і фальклору Алесем Юр`евічам Лозкам і аспіранткай, выкладчыцай той жа кафедры Кацярынай Леанідаўнай Баброўскай (якая, дарэчы, некалькі гадоў таму студэнткай прымала ўдзел у аналагічных экспедыцыях, друкавала вынікі даследаванняў у зборніку «Лунінецкі сшытак»). Раней групы з БДПУ працавалі на Лунінеччыне кожнае лета, потым часова «пераехалі» ў Івацэвіцкі раён, але вось зноўку вярнуліся ў наш край. На працягу тыдня студэнты і іх педагогі наведалі шэраг вёсак Лунінеччыны. Асабліва карыснай і цікавай была сустрэча з вядомай фалькларысткай з Лобчы Настассяй Іванаўнай Якавец.

Нягледзячы на складаны час, ёсць надзея, што неўзабаве убачыць свет двухтомнік «Фальклор Лунінеччыны». У анатацыі адзначаецца: «Першы том уключае ўступны артыкул пра даследаванне Лунінеччыны навукоўцамі і аматарамі розных часоў, каляндарна-абрадавую і сямейна-абрадавую творчасць. Гэта найбольш старадаўняя спадчына краю. Таксама будзе прадстаўлена творчасць адной з самых знаных захавальніц і выканаўцаў мясцовага фальклору Настассі Якавец».

* * *

Лунінецкія матэрыялы прадстаўлены і ў чарговых нумарах «Летапісу Таварыства беларускай школы» (ТБШ узначальвае А.Ю.Лозка). На першай вокладцы №21, датаванага 2008 годам, — здымак студэнтаў і педагогаў у Лунінцы ля помніка — мадэлі паравоза; у матэрыялах згаданы тагачасны ліцэйскі факультатыў «Лунінеччыназнаўства», прыведзена фота аднаго з аўтараў курса — Ніны Барысаўны Трэгубавай. А ў №23 (2010 год) распавядаецца пра гісторыю конкурса «Беларускі настаўнік года», сярод лаўрэатаў за 2008 год названа Н.Трэгубава.