У Вязынцы — на радзіме Янкі Купалы

А нарадзіўся ён, між іншым, 07 ліпеня 1882 года ў сям’і арандатара. Сапраўднае імя — Луцэвіч Іван.
Цяпер тут філіял “Вязынка”, які быў адкрыты для наведвальнікаў 20.06.1948 у хаце, дзе ў нарадзіўся Янка Купала. З 1972 г. Філіял уваходзіць у Купалаўскі мемарыяльны запаведнік “Вязынка”.
На тэрыторыі запаведніка знаходзяцца хата-музей, свіран, хатка дваровых, бюст-помнік паэту (скульптар З. Азгур), 2 гарадзішчы 2-5 ст. н. э., сажалка, крыніца, валуны з высечанымі на іх радкамі з твораў Купалы, частка старога саду былога фальварка Вязынка, пасадкі дубовага гаю, зробленыя беларускімі пісьменнікамі да 100-годдзя з дня нараджэння паэта, канцэртная эстрада, зона масавых гулянняў, малыя архітэктурныя формы.
Экспазіцыя, прысвечаная жыццёваму шляху Яся Луцэвіча ад калыскі да першых яго паэтычных твораў, размешчана ў мемарыяльным пакоі (у ім адноўлена тагачасная абстаноўка: мэбля, посуд канца ХІХ ст., асабістыя рэчы бацькоў паэта) і гісторыка-літаратурным (у ім копіі архіўных дакументаў, аўтабіяграфічных матэрыялаў, фотаздымкаў, графічныя работы мастакоў Э. Агуновіча, Я. Раманоўскага (пляменніка паэта), В. Шаранговіча), а таксама ў 2 сенцах (адны мемарыяльныя, дзе зберагаюцца прылады працы і рэчы хатняга ўжытку, другія экспазіцыйныя).
З 1992 г. у адноўленым будынку свірана дзейнічае этнаграфічная экспазіцыя, прысвечаная народным святам і абрадам, якія знайшлі яркае ўвасабленне ў творчасці паэта.
А вось як пісаў сам паэт пра родныя куточкі.
Выйду, сяду каля саду
У зацішнай старане
I дзівіцца буду цуду,
Што цуднее ўкруг мяне.
Як для света грае лета
Песню спеўную быцця;
Бласлаўленне небам, хлебам
Шле сам бог, сама зямля.
Звоніць поле доляй, воляй,
Звоніць поле ў каласкі;
Ў буйным лузе ззяюць, граюць
Кветкі, мошкі, матылькі.
Рэчка ўецца і смяецца
Да зялёных лоз і вольх,
А ў вадзіцы шыбка рыбка
Шмыгаціць на паплаўкох.
Лес адвечны бесканечны
Цягне, цягне гоман свой;
Між хвой скачуць птушкі-ўюшкі
I пяюць, што моцы той.
А на небе след цярэбе
Сабе сонца залаты,
Свеціць, грэе долы, горы,
Ў сэрцы шле агонь святы.
Так для света грае лета
Песню спеўную быцця…
Чаму ж мне ў ім стала мала
I пацехі, і жыцця?..