Пойменныя дубравы Случы
11 июля 2011, 15:19

Пойменныя дубравы Случы

вывучалі ўдзельнікі байдарачнага прэс-туру, арганізаванага Лунінецкай філіяй БАЖ.  
Поделиться

Гэты тур на вёслах – не першы для журналістаў. У мінулым годзе БАЖаўскі “дэсант” сплаўляўся на байдарках па маршруце Смердзь-Прыпяць.

Нас злучыла Случ

Увага журналістаў была прыкавана да пойменных дубраў, якіх у краіне з кожным годам застаецца ўсё менш. Унікальнасць Случы, як распавёў перад адплыццём праваднік-інструктар, член рады абласнога аддзялення ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны”, каардынатар рэгіянальных праектаў “Тэрыторыі, важныя для птушак” Анатоль Нефідовіч, у тым, што па яе ўзбярэжжы захаваліся рэліктавыя дубравы. Засталіся тут і рэдкія экзэмпляры маронага дуба, з каштоўнай драўніны якога (гэта свайго рода акамянеласць) выраблялі мэблю для каралеўскіх асоб.

Адметная Случ і адносна птушак. Тут, у дубравах па ўзбярэжжы, можна пабачыць рэдкіх ракшавых: сіваграка, зімародка, удода. Менавіта ў дубравы Случы прыязджаюць паглядзець на птушак арнітолагі з Польшчы, Англіі, Германіі і іншых краін. Нашы турысты, як гаворыць Анатоль Нефідовіч, такой цікавасці, як замежныя госці, да фаўны і флоры не праяўляюць.

Цікава, што па Случы з 1921 по 1939 год праходзіла мяжа Заходняй Беларусі, а ў вёсцы Моршчынавічы, якая за некалькі соцень метраў ад ракі (перад адплыццём там таксама пабывалі журналісты), знаходзіўся ў той час польскі пагранічны пастарунак.

Дай людзям мудрасці, сімвал мудрасці!

Больш падрабязна пра дубравы ўдзельнікі прэс-туру даведаліся з презентацыі, падрыхтаванай навуковым супрацоўнікам Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН РБ Максімам Ярмохіным. Прэзентацыя прайшла ў жывапісным месцы, сярод векавых дубоў, куды журналісты даплылі па рацэ на байдарках.

Навуковец зрабіў цікавыя даследаванні. З тэрыторый, пакрытых лесам, дубраў у Беларусі толькі каля 8%. Пойменныя дубравы больш захаваліся на паўднёвым усходзе Беларусі. Прычым, аказваецца, што глебы, больш спрыяльныя для дубраў, наадварот, — на поўначы.

Дуб лічыцца сімвалам мудрасці. Магчыма, па гэтай прычыне ў Беларусі так шмат назваў населеных пунктаў з корнем “дуб”. Максім Ярмохін налічыў такіх 284. У Лунінецкім раёне таксама ёсць вёска Дубаўка. Але цікава, што назвы гэтыя часцей ужываюцца не там, дзе растуць дубравы. У большасці выпадкаў ніводнага дуба каля ўсялякіх Дубкоў, Дубавак, Дубочкаў і г.д., па назіраннях навукоўцаў, няма нават у радыусе кіламетра.

Найбольш актыўным экспарт дубу ў Еўропу быў у XVI-XVII стагоддзях. Калі прасачыць, па якіх шляхах вывозілася каштоўная драўніна, то самы кароткі і зручны з іх ляжаў праз басейн Дзвіны. І калі спачатку ў краіне значна пераважаў экспарт дубу, то потым ужо — сасны. Па простай прычыне — дубу не стала.

Як адзначыў Анатоль Нефідовіч, праблема захавання дубраў сёння вельмі актуальная: чалавек знішчаў дубы з-за актыўнага нерэгуліруемага гандлю. На поўначы Беларусі і ў цэнтральнай яе частцы дубраў зусім не засталося. Па словах Максіма Ярмохіна, ставіцца задача пакрыць Беларусь дубамі ў тры разы больш, чым іх расце цяпер.

Падчас абмеркавання Яўген Валошын (газета “Звязда”, Мінск) прывёў прыклад, як у Бешанковічах улады спілавалі дуб Напалеона. Ён таксама адзначыў: “Я аб’ехаў шмат чаго, і толькі нядаўна зразумеў, як цудоўна адпачыць у нас. Гэты тур – сапраўды шыкоўны”. Алесь Белы (газета “Інтекс-прэс”, Баранавічы), дарэчы адзін з ня-многіх, хто мае досвед сплаву на байдарках, заўважыў, што праблему знішчэння дубраў (а гэта унікальныя ў экасістэме мясціны!) трэба больш актыўна асвятляць у СМІ і прыцягваць да яе ўвагу грамадскасці.

“Сушы вёслы!”

Няглядзечы на тое, што надвор’е не парадавала вандроўнікаў і амаль палову шляху прыйшлося сплаўляцца пад дажджом, ніхто з удзельнікаў прэс-туру не сышоў з дыстанцыі. Журналісты паспявалі і веславаць, і здымаць, і нават браць адзін у аднаго інтэрв’ю.

Калі прагучала каманда “Сушы вёслы!”, многія нават засмуціліся, што паход скончыўся. І хоць мы стаміліся, да крыві нацёрлі мазолі на далонях і прамоклі да ніткі, настрой быў цудоўны – Случ нам пакарылася! І нават, здавалася, вялізныя, гордыя дубы перашэптваліся паміж сабой, развітваючыся, дзякавалі нас за неабыякавасць.

ГА «БАЖ» выражае вялікую падзяку за дапамогу у арганізацыі прэс-туру гаспадарам аграсядзібы «Прыпяцкі плёс» Анатолю і Ірыне Нефідовічам.

Последние новости