Лета

Лета

У старажытных славянскіх летапісах назва “лета” ўжывалася ў двух значэннях: сезон (цёплая пара года) і год (летазлічэнне).

У тэкстах найранейшых летапісаў (“Изборник”, 1076 і “Повесть временных лет”, 850-1110) паняцце “лета” як сезон прасочваецца даволі рэдка. А вось у пазнейшых (“Баркулабаўская хроніка”, 1543-1605), там, дзе гаворка ідзе пра прыродныя анамаліі, тэрмін “лета” ўпамінаецца часта, хоць, трэба заўважыць, ва ўсіх пісьмовых крыніцах, ранейшых і пазнейшых часоў, большасць падзей датаваны месяцамі і днямі.

Адкуль пайшла назва “лета”, невядома. У этымалагічных слоўніках версій узнікнення няма. І толькі можна меркаваць, што ад міфалагічнай багіні Леты (у старажытнай славянскай міфалогіі гэта багіня цяпла, а багіня холаду — Люта, пазней — Ляля і Зюзя, што існавалі ў язычніцкі перыяд). І відавочна, вынікла гэта слова ў часы ранняга, агульнага славянства. Яркае сведчанне таму — адзінства назвы тэрміну ва ўсіх славянскіх мовах: беларускай — лета, рускай, серба-харвацкай, македонскай — лето, украінскай — літо, польскай — lato, чэшскай і славацкай — leto, і толькі ў славенскай мове — poletje.

У старажытныя часы ў славян, а пазней у Кіеўскай Русі, у Расіі, а ў нас у часы існавання ВКЛ у значэнні летазлічэння замест слова “год” паўсюдна выкарыстоўваўся тэрмін “лета”. І запісы, што фіксавалі храналогію, называліся летапісамі. Тэрмін “лета” мог быць як пры ліках у пазіцыі назоўнага склону, так і самастойна ў розных склонах. Напрыклад: “В лето 6615 (1107)…”, “Том же лете Ярослав идоша на половци в Лубну…”

У множным ліку “лета” абазначала (а ў рускай мове і зараз абазначае) гады, узрост. Да лічбаў 1-4 дапасуецца слова “год”: 1 год, 2 года і г.д.; а пачынаючы ад 5 і вышэй — “лета”: 5 лет, 36 лет, 150 лет і г.д. У некаторых палажэннях такая сістэма існуе ў чэшскай і польскай мовах. Успомнім хаця б польскую застольную песню “Сто лят”. Але пры летазлічэнні ў Польшчы прымяняецца слова “rok”, а вось у Славеніі — слова “лето”.

Як вядома, “лета” з’яўляецца носьбітам паняцця летазлі-чэння і ў наш час у Расіі, Польшчы, Чэхіі, Славакіі і Славеніі — гэта значыць, у прадстаўнікоў некаторых усходніх, заходніх і паўднёвых славян. Гэта сведчанне таго, што ўзнікла такая сістэма летазлічэння ў агульнаславянскі перыяд, калі новы год пачынаўся з лета і адлік вёўся са дня летняга сонцастаяння.

У Беларусі летазлічэнне і ўзрост вядзецца тэрмінам “год”: 1 год, 10 гадоў і г.д.; ва Украіне — словам “рок”: 2 рокі, 10 років і г.д. Ад тэрміну “лета” да тэрміну “год” перайшлі і паўднёвыя славяне: сербы, харваты, балгары і македонцы вядуць летазлічэнне словам “година”.

Такім чынам, з вышэй сказанага вынікае, што першапачаткова лічэнне вялося не колькасным, а парадкавым вымярэннем. Пры падліку летніх перыядаў старажытны славянін аперыраваў значэннем паслядоўнасці ад лета да лета як гадавым цыклам. У пастаяннай цыклічнай змене часу, у перыдычным вяртанні лета яго прыкметы (перыяды цяпла, росту і росквіту) паступова адступілі на другі план, пачалі сцірацца. Адбылася свайго роду, як кажуць мовазнаўцы, семантычная нейтралізацыя: слова страціла пэўнае адценне значэння і на яго аснове сфарміравалася новае — “год”. У кожнага славянскага народа лёс гэтага паняцця склаўся па-рознаму. Мы, беларусы, чотка разгранічваем паняцці “год” (лік) і “лета” (цёплая пара года).