“Вера — гэта большае, чым ставіць свечкі…”

“Вера — гэта большае, чым ставіць свечкі…”

12 июля 2011, 16:37
755
Скончыўся чэрвень, а таксама самае страшнае для абітурыентаў - тэставы сезон

Засталася самая драбніца — падаць дакументы ў жаданы універсітэт. Хтосьці з дзяцінства марыў аб медінстытуце, хтосьці аб акадэміі культуры ці эканамічным універсітэце. Але зараз гаворка пойдзе аб незвычайнай установе адукацыі, студэнты якой атрымліваюць не проста прафесію. Вось ужо 22 гады Мінская духоўная семінарыя рыхтуе будучых свяшчэннаслужыцеляў, першараднай задачай якіх з’яўляецца праца над сваёй унутранай дысцыплінай, над вобразам жыцця і паводзінамі. Аб уступнай кампаніі і навучанні распавядае выпускнік семінарыі Эміль Сінкевіч.

— Эміль, раскажы, калі ласка, як ты прыйшоў у царкву? Калі пачаў верыць у Бога?

— Сам я родам з Вільні, там прайшло маё дзяцінства. І яшчэ маленькім бацькі сталі вадзіць мяне ў царкву. Шчыра прызнаюся, хадзіць туды мне не падабалася. Я не разумеў богаслужэння, што і за чым ідзе. Ды яшчэ бацькі прымушалі стаяць усю службу ад пачатку да канца. А вось у бабулі быў іншы падыход. Яна дазваляла мне свабодна хадзіць па храме, гасіць свечкі. І ў маёй памяці захавалася прыгажосць лампадаў, якія гараць ў паўзмроку.

Калі я стаў падлеткам, з’явіліся новыя захапленні. Пачаў аддаляцца ад царквы. Але ўсё змянілася ў 2001 годзе, калі мая сям’я пераехала ў Беларусь. У новым горадзе, у новай школе сяброў не знайшоў. Так зноў вярнуўся ў царкву. Спачатку прыслугоўваў падчас службы. Пазней пачаў спяваць у царкоўным хоры. Для мяне гэта была проста цікавасць. Але хутка стаў унікаць у сутнасць праваслаўя і хрысціянства. Я зразумеў, што вера — гэта нешта большае, чым ставіць свечкі, асвятляць ваду на Хрышчэнне і яйкі на Вялік-дзень.

— Чаму вырашыў паступаць менавіта ў семінарыю? І як да твайго выбару ставіліся бацькі, знаёмыя?

Да паступлення ў мяне было мноства розных захапленняў. Бачыў сябе будаўніком, пчаляром. Але ў нейкі момант зразумеў, што служэнне Богу — гэта тое, да чаго мяне больш цягне, з чым хачу звязаць сваё жыццё. Ды і родныя ўсяляк падтрымлівалі мяне. І ў выбары, і ў перыяд уступных экзаменаў.

— Раскажы, калі ласка, падрабязней, як праходзіць уступная кампанія? Якія выпрабаванні чакаюць абітурыентаў?

— У той час, калі паступаў, былі толькі ўнутраныя экзамены, дзе правяралі веды Катэхізісу, Новага і Старога Запаветаў, а таксама трэба было ведаць некалькі малітваў на памяць і праспяваць што-небудзь. З гэтага году ўступныя іспыты змяніліся. Акрамя ўнутраных экзаменаў, абітурыенты павінны прайсці цэнтралізаванае тэставанне па рускай ці беларускай мове і гісторыі Беларусі. Тыя, хто не справіўся з іспытамі, маюць шанец застацца на падрыхтоўчы курс і паспрабаваць паступіць у наступным годзе.

— Як праходзіць вучэбны дзень у семінарыі?

— Рэжым дня семінарыста распісаны амаль што па мінутах. Кожны дзень пачынаецца з малітваў. Потым — заняткі. Пасля іх, з 15 да 17 гадзін, семінарысты выконваюць розныя паслушэнствы: дапамагаюць на кухні, у бібліятэцы ці ў манастыры. Студэнты старэйшых курсаў у гэты час працуюць з дыпломнымі работамі. Потым вольны час, які звычайна выкарыстоўваецца для падрыхтоўкі да заняткаў. У 20.30 — вячэра, малітвы і ў 23.00 — адыход да сну.  Частка семінарыстаў працуе экскурсаводамі, таму ў іх свой графік. Часам бывае столькі экскурсій, што не паспяваеш нават схадзіць на абед.

— Эміль, вось ты ужо скончыў семінарыю. Чым плануешь заняцца далей?

Я паспяхова абараніў дыпломную работу і скончыў семінарыю бакалаўрам багаслоўя. Таму магу паступаць далей, у акадэмію. Планую пайсці ў Ужгарадскую акадэмію, атрымаць магістра ці кандыдата багаслоўя. Потым ажаніцца, стаць вельмі добрым бацюшкам і вярнуцца ў родную Вільню.

На сённяшні дзень у семінарыі вучыцца каля 200 студэнтаў. Кожны з іх калісьці вырашыў прысвяціць сваё жыццё служэнню Богу, але гэта не апошні адказны крок у іх жыцці. Хтосьці працягне вучыцца ў акадэміі, хтосьці будзе служыць на прыходзе, нехта прысвеціць сябе манаскаму жыццю. У кожнага свой шлях. Так і ў звычайным жыцці. Мы ставім перад сабой мэты, дасягаем іх (альбо не дасягаем) і выбіраем новыя, каб рухацца наперад.