Ён натхняў Купалу

Ён натхняў Купалу

04 августа 2011, 17:40
2532
Да 160-годдзя Янкі Лучыны Па сваіх матывах вершы Лучыны - своеасаблівая уверцюра да паэзіі Купалы і Коласа. Уладзімір Конан

Янка Лучына (Іван Люцыянавіч Неслухоўскі) паходзіў са старажытнага шляхецкага роду. Бацька Люцыян Юр’евіч прайшоў службу ад канцылярыста да сакратара Мінскай палаты цывільнага суда. Маці займалася выхаваннем дзяцей. Акрамя старэйшага Яна, у іх былі тры сыны і дзве дачкі. Ян спачатку вучыўся ў прыватным пансіёне (тут ён у дзевяць гадоў напісаў свой першы верш), потым у Мінскай гімназіі. Вучоба давалася лёгка, меў пахвальныя граматы. Паступіў на матэматычны факультэт Пецярбургскага універсітэта, а праз год перайшоў на механічнае аддзяленне тэхналагічнага інстытута. Стаўшы інжынерам-тэхнолагам, служыў на чыгунцы ў Тыфлісе, потым у Мінску. У 1880 г. яго нечакана спаралізавала, пасля працяглага лячэння Ян мог рухацца толькі з дапамогай мыліц, але не толькі працаваў у тэхнічным бюро, а нават займаўся паляваннем і рыбалоўствам. У 1891 г. ажаніўся з Ганнай Грыневіч.

 У перыядычным друку Янка Лучына дэбютаваў вершам “Не дзеля славы…”. Пісаў на беларускай, рускай і польскай мовах. Ён быў рэа-лістам-фізікам па прафесіі і тонкім лірыкам у паэтычнай творчасці. У сваіх творах заўсёды імкнуўся раскрыць перажыванні чалавека з народных нізоў, выказваў глыбокую веру ў народныя сілы. Па прызнанні Янкі Купалы, на ягоную творчасць найвялікшае ўздзеянне аказалі з беларускіх літаратараў В.Дунін-Марцінкевіч, Ф.Багушэвіч і Янка Лучына. Купалу кранаў шчыры дэмакратызм Лучыны, любоў да мужыка-працаўніка, спачуванне і пашана да яго. Імпанаваў славутаму песняру таксама тонкі псіхалагізм патрыятычных пачуццяў, асветніцкія традыцыі ў творчасці Лучыны, які адным з першых у нацыянальнай паэзіі ўзняў тэму мастака і народа.

Застаючыся традыцыяналістам у польска- і рускамоўных творах, ён быў наватарам у вершах, напісаных па-беларуску. Тут гарманічна спалучаліся рэалістычны і рамантычны пачаткі. Беларускі селянін у творах Я.Лучыны — найбольш варты прадстаўнік радзімы і носьбіт сапраўднай маральнасці. Паэт не ўспрымаў буржуазных адносін у грамадстве і разам з тым верыў у асветніцкі тэхнічны прагрэс, народжаны капіталізмам. Ад яго бярэ пачатак таксама беларуская філасофская лірыка. Усё свядомае жыццё Лучына збіраў фальклор, займаўся перакладамі — з польскай, нямецкай, старажытнагрэчаскай моваў.

 Большая частка літаратурнай працы паэта не магла быць надрукавана з-за царскай цэнзуры. Ён вельмі перажываў і пісаў у горкія хвіліны роспачы і бяссілля: “Без надзеі на друкаванне мая й без таго кульгавая муза маўчыць зубы сцяўшы”. Ён марыў быць пачутым. Але мара гэтая здзейснілася толькі пасля смерці Я.Лучыны, калі ў 1903 г. у Пецярбургу беларускім адраджэнцам удалося абвесці вакол пальца царскага цэнзара і выдаць зборнік “Вязанка”, у якім ёсць і такія праніклівыя радкі:

Не я пяю — народ Божы

Даў мне ў песні

лад прыгожы…

“З аднаго боку, ягоная душа гарнулася да Байрана і Гётэ, а з другога — прымярала сялянскую світку і грала на вясковай жалейцы, каб на Парнасе яго прынялі за свайго Ян Баршчэўскі і Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч”, — напісаў пра Я.Лучыну сучасны пісьменнік і гісторык Уладзімір Арлоў.