Жыць — нібы апошнім днём

Жыць — нібы апошнім днём

04 августа 2011, 15:52
619
Апошнім часам мы ўсе часцей чуем прагнозы пра хуткі канец свету. Зараз гэтая тэма шырока абмяркоўваецца і ў Інтэрнэце, і ў СМІ.

Ды і розныя апакаліптычныя фільмы абрушыліся на гледачоў з экранаў кіназалаў.

Версій вельмі шмат. Некаторыя з іх зусім абсурдныя, некаторыя і сапраўды прымушаюць задумацца. Што гэта? Міфы? Або прадчуванне бяды?

Найбольшую папулярнасць набыло прадказанне календара Майя, згодна якому скончыцца эпоха «Пятага Сонца» і на Зямлі адбудуцца глабальныя змены. Нават дата ўсім вядомая – 21 снежня 2012 года. Гэты ж год фігуруе і яшчэ ў адной версіі – парадзе планет. У нашай сонечнай сістэме Юпітэр, Сатурн, Зямля і Марс стануць у адну лінію. Што таксама негатыўна паўплывае на нашу планету. І яшчэ шмат і шмат чаго пішуць и выказваюць людзі.

 Але калі так разабрацца, то ўсе гэтыя версіі можна падзяліць на некалькі групаў: першая – гэта версіі, звязаныя з нейкімі знешнімі касмічнымі з’явамі – астэроіды і метэоры, якія могуць урэзацца ў Зямлю, чорная дыра, якая можа паглынуць планету, неспакойнае Сонца, захоп зямлі іншапланетнымі істотамі, той жа парад планет, і гэтак далей.

 Другая група – унутраныя змены: пагаршэнне экалогіі, ядзерны выбух, зрух асі Зямлі ад частых землятрусаў… Ну і трэцяя група – рэлігійныя версіі, калі дакладна, адна версія і для ўсіх рэлігій – Судны дзень. Нават існуе навука эсхаталогія, якая вывучае розныя погляды пра Апакаліпсіс у свеце рэлігіі. І як гэта б дзіўна ні гучала, але, на мой погляд, гэтая трэцяя група самая страшная.

Прычына гэтага — не мая богабаязнь, а існаванне вялікага мноства так званых псеўдарэлігій, якія прыцягваюць людзей, палохаючы канцом свету або абяцаючы выратаванне. У гісторыі шмат прыкладаў, калі людзі ішлі на самаспаленне, бо пад страхам канца свету апынуліся ў секце. Некаторыя правадыры гэтых сект і сапраўды вераць у тое, што прапаведуюць. Але большасць – гэта аферысты, якія такім чынам робяць бізнес. І, што самае дзіўнае, людзі на гэта вядуцца.

Магчыма, таму, што Біблія ніякіх тлумачэнняў не дае, акрамя таго, што канец свету прыйдзе, калі ніхто яго не будзе чакаць, але памятаць пра яго трэба заўсёды. А калі гэта адбудзецца, не ведаюць нават анёлы. Але, наколькі я ведаю з праваслаўя, сапраўдныя вернікі павінны ставіцца да канца свету спакойна, бо за свае жыццё праведнае з’яднаюцца з Богам і здабудуць жыццё вечнае.

 Пакапаўшыся ў Вікіпедыі, я знайшла незвычайны спіс датаў канца свету. Атрымліваецца, што ён можа наступіць кожны год і па некалькі разоў! І на што толькі не здольная чалавечая фантазія! Машына суднага дня, тэарэма «Суднага дня», Вялікі выбух і яшчэ ўсякія прадказанні Паўлаў Глобаў і іншае. Асабіста для мяне кожны новы міф або тэорыя канца свету — напамін пра тое, што трэба жыць адным днём, нібы ён апошні ў жыцці…