Фэст у Польшчы

Фэст у Польшчы

12 августа 2011, 07:00
651
6 жніўня ў польскім мястэчку Міхалова (Падляскае ваяводства) адбыўся Першы фестываль беларускай культуры “Прымацкія бяседы”. Ён супаў з 15-годдзем стварэння фальклорнага калектыву “Прымакі”.

Стваральнік, кіраўнік і душа “Прымакоў” Юрэк Астапчук, а таксама ўсе пятнаццаць удзельнікаў — этнічныя беларусы. Спяваюць у асноўным на беларускай, а таксама на польскай мовах. Песні – народныя і ў фальклорным стылі.

У конкурснай праграме ўдзельнічалі 22 калектывы з трох краін — Беларусі, Расіі і Украіны. Сярод запрошаных быў і ансамбль “Шляхцічы” Лунінецкага гарадскога Дома культуры. Узначальвала лунінецкую дэлегацыю кіраўнік аддзела культуры райвыканкама Ганна Мечыславаўна Баецкая.

“Шляхцічы” выступілі вельмі паспяхова, заняўшы трэцяе месца на конкурсе. Першым стаў прафесійны калектыў «Купалінка» з Мінскай абласной філармоніі, другім — «Белыя росы» з Гродна.

Перад удзельнікамі і гасцямі фестывалю выступіў з прамовай міністр культуры Беларусі Павел Латушка, прысутнічалі на форуме таксама беларускі і польскі консулы. Сярод запрошаных артыстаў спявалі беларускія выканаўцы Андрэй Хлястоў, Іван Буслай, група “Харлі”.

Адзначым вельмі высокі ўзровень арганізацыі фестывалю і майстэрства ўдзельнікаў. Рэпартажы з фэсту здымалі тэлекампаніі з Беларусі і іншых краін. Ужо вырашана праводзіць фестываль штогод у першую нядзелю жніўня. Цяперашнія лаўрэаты, у тым ліку ансамбль “Шляхцічы”, запрошаны на наступны год у якасці гасцей.