На схіле лета
12 августа 2011, 07:00

На схіле лета

Жнівеньскія дні - у вяскоўцаў дні вялікіх клопатаў уборкі ўраджаю. Кіпіць работа на жніве і зернетаках, на сенажацях, у агародах. І ўсе чакаюць добрага надвор`я.
Поделиться

Хоць і рэдкія пагодныя дні, затое ў кожным з іх тоіцца чароўнае лета. У сонечны дзень хутка праграваецца паветра, што ахалодала за ноч.

Пасля некалькіх цёплых ліўняў зноў расквеціўся травастой роспіссю ўсіх фарбаў, і жывыя самацветы прыгажэюць, радуюць вока. Пад поўдзень настае разгар цвіцення. Усе кветкі: лугавыя васількі і гарошкі, падбелы і бярозкі, малачай і піжмы — перамешаныя са шматлікім пустазеллем, зліліся ў пярэсты кілім. А над імі скрозь снуюць пчолы, чмялі ды незлічоная колькасць розных насякомых.

З лугоў нясецца духмяны пах кветак, з палёў — пах зжатай збажыны, а прайдзі каля саду — пахне яблыкамі. Адышлі ўжо раннія сарты — белы наліў, грушаўка, а ўжо наліваюцца сокам познія яблыкі, набіраючы вагу і румянец.

Аматараў лясных дарункаў чакаюць грыбныя знаходкі. Але, хоць і прайшлі шчодрыя дажджы, як звычайна ў жніўні, грыбоў няшмат. Можна натрапіць на лісічкі, у лясных нізкадолах зрэдку знойдзеш падбярозавік ці падасінавік. Чакаюць свайго часу баравікі. Кожны грыбнік ведае: масавае з`яўленне грыбоў бывае восенню.