Блізіцца восень
19 августа 2011, 07:00

Блізіцца восень

У прыродзе пачаўся злом: усё прыкметней дыханне восені.
Поделиться

Найбольш халодны час сутак назіраецца перад ранішняй зарой, у перадсвітальны дрыготкі час. У нізінах з самага вечара сцелецца туман, які густа ахутвае травы, кусты і купы дрэў. Буйная раса доўга трымаецца на застарэлай зеляніне. Цяжкія росы выпадаюць нават на ўзгорках, хоць там і значна цяплей.

Нягледзячы на халодныя ночы, дні ўстанаўліваюцца цёплыя. На сонцы дык горача бывае. Але ўсё часцей на небе нагрувашчваюцца воблакі, што зліваюцца ў хмаркі, хмары. Наплыве каторая на сонца — пацягне халадком, і адразу адчуваецца прыбліжэнне восені.

Рэзкі перапад тэмпературы трывожыць птушак, падганяе іх да вандровак, а то і да адлёту. Відаць, правільная народная прыкмета: “Адшчабяталі пташкі — лета канчаецца”. А ўжо нідзе не чуваць спеваў: ні ў лесе, ні ў полі. А першаадлётныя птушкі — буслы — рыхтуюцца да далёкага пералёту: то вялікімі чародамі кружаць у небе, то кучкуюцца на сенажацях і лугах.

Прыціхлі лясы. У светлых барах цвіце верас. Жорсткія дробныя кусцікі паверсе скрозь пакрыты бэзава-ружовай квеценню. Іншы раз верасы ўтвараюць яркія прыгожыя дываны. А на ўскрайках лесу ці на палянах бывае не менш прыемная сустрэча з пахучым чаборам. Вырві жменю яго, панюхай — галаву ўскружыць.

Адспелі маліны, адышлі чарніцы. Затое выспелі ажыны. Чорныя ці шызыя скрозь на калючых плецях, і паспрабуй сарві іх — праз зараснікі не прадзярэшся. Затое, калі натрапіш на брусніцы, — любата. На зялёных лапіках рассыпаны ружовыя пацеркі пахучых, кіслых на смак, ягад.

А ў сухадольным разнатраўі не ўбаўляецца жывых фарбаў. Калоніі рамонкаў ды падбелу, зараснікі лугавых васількоў, кучкі піжмы, утканыя ў зялёны кілім траў, дапаўняюць пышны перадасенні каларыт. І на ўсім прасторы значна выдзяляюцца зараслі палыноў ды распушаных насеннем асотаў.

Першая жаўцізна пачала прабівацца ў кронах дрэў. Хутка з’явяцца першыя замаразкі, яны паскораць працэс афарбоўкі — яўнай прыкметы восені.

Последние новости