Пераступіць праз мяжу страху

Пераступіць праз мяжу страху

26 августа 2011, 07:00
814
Парады дзеда Няфеда Малыя дзеці звычайна знаходзяцца пад пастаянным бацькоўскім наглядам. Але настае момант, калі трэба малога (малую) на некаторы час аставіць дома аднаго (адну).

Кожны з нас у дзяцінстве пабыў у такой сітуацыі, калі ўпершыню бацькі аставілі самога дома і прыйшлося пахвалявацца. Цяпер, калі ў вас ёсць дашкольнік, трэба падрыхтаваць яго да такога моманту: фактычна, пераадолець страх. Цяжэй гэта зрабіць тым бацькам, якія, каб дзіця было больш паслухмяным, змалку пужалі ваўком, цыганамі, Бабай Ягой, бабаем ці іншымі непрыемнымі героямі казак і мультфільмаў.

У якім узросце трэба прывучаць да гэтага? Большасць сучасных псіхолагаў сыходзіцца ў думцы, што пакідаць дзіця дома адно можна гадоў з шасці-сямі, калі яно ўжо дастаткова пасталее для гэтага. У такім узросце яно ўжо разумее шматлікія «нельга» і здагадваецца, што ніякіх страхаў дома няма.

А на мой погляд, чым раней падрыхтуеце дзіця на самастойнае знаходжанне дома, тым лепш. Толькі трэба ведаць асноўную ўмову: прывучаць трэба паступова. Пачынаць з невялікіх адлучак, і лепш папярэдзіць малога загадзя. Скажыце, напрыклад, што заўтра мама з татам павінны будуць на паўгадзіны схадзіць у магазін, а ён у гэты час можа пасядзець дома. Калі дзіця пратэстуе і просіцца з вамі, перанясіце эксперымент на наступны раз, бо прымусовае дзеянне яшчэ больш уселіць страху ў яго душу.

Першы раз лепш пакінуць дзіця адно не больш чым на 15-20 хвілін; калі няма патрэбы, напрыклад, схадзіць у магазін, то проста пачакайце на вуліцы. Паступова вашы адлучкі могуць станавіцца больш доўгімі, але ўсё ж старайцеся гадоў да дзесяці не пакідаць дзяцей надоўга без нагляду дарослых.

Перш, чым малога аставіце аднаго, засвойце з ім наступныя правілы:

— Вывучце з малым, як яго завуць і як завуць яго бацькоў, а таксама хатні адрас і тэлефон.

— Схавайце надзейна запалкі, лекі і прадметы, якімі можна параніцца.

— Азнаёмце дзіця з нумарамі тэлефонаў, па якіх можна папрасіць дапамогу (міліцыя, пажарная, хуткая дапамога, суседзі, сябры, ну і, вядома, вам на мабільны).

— Зачыніце вокны, уваходныя дзверы.

— Сыходзячы ў вячэрні час, уключыце святло ў доме — гэта адпужвае зламыснікаў.

— Папярэдзьце, што дзіця не павінна само карыстацца электрапрыборамі, адкрываць краны, уключаць газ, браць запалкі, высоўвацца ў акно, узлазіць на высокія прадметы.

— Пасля вашага адыходу дзіця па-вінна замкнуць дзверы і адкрываць іх толькі пры вашым вяртанні.

— Адыходзячы з дому, знайдзіце малому цікавы занятак.