Асенні водар чаромхі

Асенні водар чаромхі

01 сентября 2011, 08:00
1253
Старая чаромха зацвіла. Зацвіла нечакана. Засохлае, скалечанае дрэва. Голле зямлю абдымае яшчэ з лета, а яна цвіце. Дзіва дзіўнае! На двары канец верасня, а яна цвіце. Лісты даўно пазасыхалі і абляцелі, а яна сабе цвіце. А які водар! Мо мацнейшы за вясновы.

— Які цуд! — здзіўляюцца людзі.

— Якая прага да жыцця! — здзіўляюцца дрэвы.

— Так хочацца жыць! — здзіўляла сябе сама старая пакалечаная чаромха.

Пакалечаная і амаль змярцвелая. Бо яшчэ ў чэрвеньскую ноч, калі здарылася тая страшная бура з навальніцаю, не вытрымаў націску яе гнуткі ствол. Трэснуў ад наляцеўшага парыву амаль ля самай зямлі. І застаўся толькі вузкі паясок кары, нібы раменьчык, што, быццам пупавіна, звязваў чаромху з каранямі. Яны ж моцна трымаліся за зямлю, з яе харчаваліся пажыўнай вільгаццю.

Ліпеньская гарачыня не спрыяла скалечанаму дрэву. Лісты апалі, голле амаль высахла. Добры гаспадар спілаваў бы яе даўно пад корань. Але ж гаспадара ўжо з дзесятак гадоў няма на гэтай зямлі. Нямашака і гаспадыні, няма і хаты з надворнымі пабудовамі. Толькі напаўразбураны падмурак ды стары калодзеж яшчэ нагадваюць аб тым, што тут некалі віравала жыццё…

А старая чаромха памятала ўсё… Была вясна. Яшчэ зусім малады Яўхім прынёс на гэтую сядзібу кволенькі расточак з лесу і, звярнуўшыся да таксама маладой жонкі, гучна прамовіў:

— Ну вось, любая, пасадзім чаромху ля нашай хаціны. Няхай цвіце кожную вясну і радуе нас.

І пасадзіў, зусім побач з сенцамі.

Гэта была іх першая вясна ў новай хаце. Радаваліся ўсяму, як дзеці. І шпакам, якія прыляцелі з выраю, і першай лотаці на поплаве, і таму, што нарэшце яны ўдваіх, толькі яны — і больш нікога…

Потым з’явіліся грушы, слівы, яблыні — сапраўдны сад стварыў на сядзібе Яўхім, а Хрысціна дапамагала мужу. Амаль усе справы па гаспадарцы рабілі яны разам…

Чаромха памятала, як на яе яшчэ кволым, але гнуткім голлі вісела калыска і яна люляла дзетак. Тыя з’явіліся ў Хрысціны з Яўхімам даволі позна. Так лічылі людзі, а бацькі не маглі нарадавацца таму, што яны ёсць, што жывыя, што выраслі    … Першынец Ігнась, потым Васіль, Марылька і самы маленькі Лёнік. Усё памятае чаромха. Год за годам праляцелі. Дзеці выраслі, разляцеліся па свеце і толькі зрэдку адведвалі бацькоў. Зручная штуковіна гэты тэлефон. Нейкі дрот медны, што быў закопаны ў зямлі сярод карэння, злучаў дзяцей з бацькамі. Здалёк можна размаўляць з бацькамі, а ехаць да іх, каб пабачыцца і пагаварыць, зусім і неабавязкова…

Яўхім сумаваў па сынах, па сваёй шчабятушцы Марыльцы. Чаромха ведала і гэта.

Яўхім любіў дрэвы. Нават размаўляў з імі. На падворку ці ў садзе мог падоўгу стаяць ля дрэва і нешта гаварыць, гаварыць… І лес ён любіў. Там таксама дрэвы — нашмат болей, чым дома. Мог пайсці ў лес па якую драбязу, і хвілінная справа расцягвалася на дзень. Асабліва калі дажыў да сталага веку. Жыццё імкліва прайшло, а Яўхіму здавалася, што і не стары яшчэ. Бо дрэвы былі тыя ж. Яны выраслі і заставаліся, як яму здавалася, усё тымі ж — усе яго знаёмцы ў лесе, дрэвы ў садзе і чаромха.

Аднойчы Яўхім з лесу не вярнуўся. Быў душны летні вечар. Яшчэ нейкая гадзіна — і  змрок ахіне сваімі крыламі вёску. А стары ўсё не ішоў. Хрысціна заспяшалася да суседа-трактарыста. Яго жалезны памагаты заўсёды стаяў ля пуні. Сусед — добры хлопец, не адмовіць ніколі, калі што якое. Яшчэ здалёк усхвалявана залямантавала:

— Іваначка, ратуй! Стары з раніцы ў лес падыбаў. Казаў, што ясень трэба нагледзець на полаз. Сані сабраўся рамантаваць. Калі яшчэ тая зіма, а яму полаз трэба…

— Ну, калі полаз, то ў Чырвоным лесе трэба шукаць дзядзьку Яўхіма. Паеду. Не хвалюйцеся, зараз прывязу вашага вандроўніка, — заспакоіў Іван старую.

Паехаў. Прывёз. Потым сусед распавядаў, што сядзеў Яўхім на ўскрайку лесу, ля крывога ясеня. Спінаю прытуліўся да дрэва, расчыненыя вочы глядзелі ўдалячынь, туды, дзе хавалася за даляглядам сонейка. Хоць сэрца ўжо ня білася і стамлёныя за жыццё рукі сталі халоднымі.

Назаўтра чаромха сустракала ўсіх Яўхімавых дзяцей. Яны былі ўжо са сваімі дзецьмі. Усе прыехалі на пахаванне таты і дзеда.

Праз тры леты зноў была сустрэча з імі. Бо не стала старой Хрысці. Зачынілася хата, апусцеў падворак. Толькі дрэвы самотна шапацелі лістотай, узгадваючы мінулае. На наступную вясну разабралі хату і ўсе пабудовы. Усё было складзена ў агромністую машыну. Ёй было цяжка скрануцца з месца па мокрай траве. Пасля яе ў двары засталіся дзве глыбокія каляіны. Як раны, як шнары, як напамін, што ўсё некалі мае скончыцца.

І вось гэтае лета, апошняе яе лета з бурамі, грымотамі ды маланкамі. Чаромха за сваё доўгае жыццё не памятала такой моцнай буры, а можа, гэта сілы ўжо не тыя… Ад моцнага парыву яна нахілілася амаль да самай зямлі. Кароткі перадых — і зноў страшэнная сіла цісне яе долу. Трэці парыў ветру быў мацнейшы за папярэднія. Усярэдзіне нешта трэснула гучна і балюча. І ўсё — толькі залева дажджу хвошча па лістоце, што ўжо не мае ніякага адчування да ўсяго, што адбываецца навокал…

Так і праляжала да восені. Распластала высахлыя рукі. Крыху замінала мінакам, бо Яўхімаў двор даўно стаў прахадным з адной вуліцы на другую і праз яго даўно была ўтаптана добрая сцежка. Яе ж ніхто не кранаў. А восенню яна зацвіла.

— Якая прага да жыцця! — казалі маладыя.

— Якая прыгажосць! — казалі закаханыя.

— Як хочацца жыць! — не заставаліся ўбаку ад дзіўных падзей людзі сталага веку.

— Які цуд! — казалі ўсе, хто дагэтуль не казаў нічога.

— Гэта ўсё! — падвяла вынік жыцця чаромха.

Добрую гадзіну завіхаўся ля чаромхі з бенза-пілою заўсёды п’янаваты ляснік Валодзька, пакінуўшы на тым месцы, дзе яна расла, амаль непрыкметны пянёк.

Увесну я ішоў праз Яў-хімаву сядзібу па ўтаптанай нагамі сцяжыне. Заглянуў у старую студню, акінуў вокам занядбаны сад, паглядзеў і на тое месца дзе расла чаромха. І — о цуд! Побач з пяньком кволы расточак. Чаромхавы.